«Патрабуем спыніць гэтае бязмежжа і фарс!» Супрацоўнікі МТЗ запісалі зварот супраць гвалту (відэа)
У рэдакцыю «Новага Часу» даслалі відэазварот, запісаны супрацоўнікамі Мінскага трактарнага завода. У ім завадчане асуджаюць гвалт і патрабуюць новых сумленных выбараў.
«Мы, супрацоўнікі МТЗ, не можам застацца ўбаку. Так, нам не даюць гаварыць, так, нас запалохваюць і звальняюць, пазбаўляюць прэмій за тое, што мы здольныя думаць і не баімся асуджаць тое, што ўбачылі. Мы патрабуем спыніць гэтае бязмежжа і фарс. Мы патрабуем прыцягнуць да адказнасці людзей, датычных да праліцця крыві на вуліцах нашай краіны. Мы патрабуем адкрытых і сумленных выбараў, выбараў сапраўднага прэзідэнта», — заяўляюць працоўныя МТЗ.
Таксама «Новаму Часу» стала вядома, што прафсаюзная група ААТ "Мінскі трактарны завод" ператворана ў пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Адпаведны ліст накіраваны генеральнаму дырэктару прадпрыемства.
Цяпер на прадпрыемстве інтарэсы працоўных можа прадстаўляць незалежны ад бягучай дыктатарскай сістэмы прафесійны саюз.
Акрамя апавяшчэння аб пераўтварэнні, генеральнаму дырэктару, а таксама старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "МТЗ" прафсаюза "Белпрофмаш" быў дасланы шэраг патрабаванняў новастворанай прафсаюзнай арганізацыі:
1. Аб змяненні тарыфаў заработнай платы;2. Аб змяненні формы найму спецыялістаў па сістэме бестэрміновых дагавораў;3. Аб адмове ад прымянення да работнікаў мер дысцыплінарнага і матэрыяльнага спагнання ў выпадку ўдзелу іх у мітынгах і дэманстрацыях.
Гэта вялікі і сур'ёзны крок супраць бягучай улады, зазначаюць завадчане. Яны перакананыя, што самае небяспечнае для рэжыму — самаарганізацыя людзей. Людзей, якія сапраўды хочуць адстаяць свае інтарэсы, правы і свабоду!