Сяргей Навумчык: Прыкра, калі мы — тыя, хто не пад прыгнётам — нават у Дзяды не знаходзім часу прыйсьці да сьвятых месцаў
Сёлета многія беларусы, вымушаныя пакінуць краіну пасля 2020 года, не мелі магчымасці наведаць магілы сваіх продкаў на Дзяды. Паводле розных ацэнак, з Беларусі выехала не менш за 300 тысяч чалавек. Але «палічыце, колькі зь іх прыйшлі на Дзяды ў краінах, дзе ўшанаваньне памяці беларусаў, якія аддалі жыцьці за Незалежнасьць, нічым не пагражае», піша журналіст Сяргей Навумчык.
«Разумею, што многія баяцца патрапіць у аб’ектыў фотакамэраў і тым самым істотна ўскладніць жыцьцё сваім родным у Беларусі (сапраўды паважная прычына) — але журналісты, як правіла, не здымаюць людзей на такіх акцыях без іх згоды.
Параўнайце — і тады, магчыма, вам будзе зразумела, чаму я не лічу 2020 год палітычным дафармаваньнем беларускай нацыі ці кардынальным «рыўком» да нацыянальнай сьвядомасьці ў галовах нават праціўнікаў Лукашэнкі.
Так, у жніўні 2020-га пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам выходзіла пад мільён. Але мільён прагаласаваў у 1990 за кандыдатаў БНФ, у 1994 — за Пазьняка (называю рэальную лічбу першага тура — а не падкручаную на карысьць Кебіча), мільён галасаваў на нелегітымным рэфэрэндуме 1995 за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоню, а таксама за кандыдатаў БНФ у ВС-13 (многія зь якіх набралі 49,9% і для дэпутацкага мандату ім не хапіла 0,1%, вось жа здарылася такая выпадковасьць). Мільён выйшаў і ў жніўні 2020-га пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.
І на гэты «залаты мільён» ёсьць «чорны мільён» агрэсіўных пралукашысцкіх і праімпэрскіх, прарасейскіх ябацек, і яшчэ тры-чатыры мільёны "аможеттакинадо" і "акакаяразницакакойязык".
"Чорны мільён" — безнадзейны. Але вось іншыя патэнцыйна здольныя пераасэнсаваць рэчаіснасьць, толькі гэта зойме ня год і ня два — баюся, цяпер яны не разумеюць нават той простай ісьціны, што ім наканаваная роля пастаўшчыкоў «гарматнага мяса» ў будучай глабальнай вайне пуцінскай Расеі з Захадам».
Сяргей Навумчык звяртае ўвагу і на аптымістычную акалічнасць.
«Толькі адна траціна з гэтага «залатога мільёна» пакінула (была вымушаная пакінуць) Беларусь. Дзьве траціны — засталіся. Цяпер яны пад прыгнётам расейскага рэжыму; давайце ўжо будзем назвываць рэчы сваімі імёнамі: не пра-расейскага, а расейскага рэжыму, бо акупацыя Беларусі Масквой дэ-факта адбылася.
Але гэтыя людзі нікуды не падзеліся, беларускасьць (упэўнены ў гэтым) у іх сэрцах ня згасла, наадварот, разгараецца яшчэ болей, і яны яшчэ скажуць сваё слова».
Гэта дае падставы для асцярожнага аптымізму адносна будучыні беларускай нацыянальнай свядомасці».
Але, піша Навумчык, «тым больш прыкра, калі мы — тыя, хто не пад прыгнётам, хто ў свабодных краінах — нават у Дзяды не знаходзім ці часу, ці жаданьня прыйсьці да сьвятых месцаў».