Сляпому паэту Алесю Чобату ў інтэрнэце сабралі больш за 1000 рублёў
Ужо некалькі дзён праз платформу «Талака» ідзе збор грошай для журналіста і паэта Алеся Чобата, які адзін жыве ў старой хаце ў 30 кіламетрах ад Градна.
Арганізатарам збору дапамогі стаў журналіст тэлеканалу «Белсат» Зміцер Ягораў:
«Дапамагаць іншым — гэта натуральная рыса любой асобы. Пасля публікацыі на сайце нашага тэлеканалу пра тое, як жыве спадар Алесь, у сацсетках мы атрымалі моцны водгук ад чытачоў і гледачоў „Белсату“. Людзі пісалі, што хочуць дапамагчы. Я журналіст, а не грамадскі дзеяч, я ніколі раней не займаўся падобнымі праектамі. Але я пабачыў, што ёсць вялікая ахвота ў іншых людзей дапамагчы, і мне не хацелася б, каб гэтае жаданне выйшла толькі ў якасці лайкаў і каментараў у сацсетках і ніяк не перайшло ў рэальную дапамогу. Трэба было ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, узяць на сябе адказнасць і проста зрабіць.
Ніхто іншы ў той момант не ўзяўся — тады вырашыў, што я гэта зраблю. Я ведаю, што ў Горадні ёсць людзі, якія дапамагаюць Чобату, прыязджаюць да яго. Вялікая ім павага. Але ў гэтым выпадку з’явіліся іншыя ахвотныя, з іншых гарадоў і нават краінаў. Шкада было б змарнаваць такія добрыя намеры і гатоўнасць дапамагчы», — сказаў Ягораў сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.
За тыдзень праз «Талаку» сабрана ўжо больш за 1000 рублёў, хоць запрошаная сума для збору была ў 2 разы меншай. Усяго ахвяравалі 67 чалавек. Апроч гэтага, Зміцер Ягораў забраў грошы на дапамогу Чобату ў Варшаве, а частку сродкаў прынеслі гродзенскай паэтцы Дануце Бічэль, што апякуецца Алесем.
Алесь Чобат — журналіст і паэт, аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Ён жыве ў Скідзелі, што ў 30 км ад Градна. Алесь Чобат яшчэ пры жыцці стаў легендай, а ягоныя творы — песнямі розных беларускіх гуртоў. Для гродзенцаў спадар Алесь — гэта Паэт, аўтар каля дзясятка кніг прозы і паэзіі. Алесь Чобат быў звязаны і з журналістыкай. Ён яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў паспеў папрацаваць рэпарцёрам і аглядальнікам тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», меў дачыненне да стварэння ў горадзе газеты «Рэанімова».