«Кароткая гісторыя Беларусі» ад Алеся Чобата і Алеся Дзянісава

Гарадзенскі спявак і журналіст, адзін з лідараў гурта DZIECIUKI Алесь Дзянісаў абвясціў пра пачатак новага праекту — акустычнага альбома на вершы Алеся Чобата.

racyja.com

racyja.com

Альбом будзе мець назву «Кароткая гісторыя Беларусі» — так называецца зборнік вершаў паэта. Першапачаткова праграма на вершы Алеся Чобата стваралася гуртом «Людзі на балоце», потым існавала ў выглядзе сольнага праекта Алеся Дзянісава, пад адну гітару.
«Песні будуць з гістарычным кантэкстам. Але гэта будзе свой, вельмі арыгінальны погляд паэта Чобата на нейкія падзеі, каторыя яго закранулі, з гісторыі беларускіх зямель. Канцэптуальна яны будуць ісці ад старажытнасці і да сучаснасці, як і на зборніку вершаў. Песен плануецца толькі 24, хаця ў зборніку вершаў значна больш. Але не ўсе мне бачыліся песнямі. Да некаторых вершаў музыка клалася, але потым я бракаваў вынік», — распавёў пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дзянісаў..
Алесь Дзянісаў абяцае, што ў новым альбом абавязкова будзе песня «Турма», на якую зняты кліп з удзелам самога Алеся Чобата, а таксама абедзьве песні, якія прысутнічаюць на другім альбоме гурта DZIECIUKI: «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» і «Эпілог».


Алесь Чобат ведае, што рыхтуецца такі альбом?
— Канешне, я ж да яго прыязджаў і ўсе песні спяваў. На песне «Край мой шчаслівы» ён плакаў: у гэтым вершы ён піша пра краіну і паралельна звяртаецца да сваёй адзінай дачкі. І ў мяне таксама дачка, і я гэтыя словы ўспрымаю як свае. І, па шчырасці, заўсёды хочацца плакаць. Такая вось яна атрымалася...  
Алесь Дзянісаў пакуль не раскрывае, хто з музыкаў разам з ім працуе над новым альбомам. Але вельмі спадзяецца, што пачуць «Кароткую гісторыю Беларусі» мы зможам ужо ў першай палове гэтага года.
Алесь Чобат — аўтар шэрагу кніг, шматлікіх гісторыка-псіхалагічных эсэ, апавяданняў, хронік і біяграфіяў. Належыць да Саюзу беларускіх пісьменнікаў з 1993 года і Міжнароднага ПЕН-клуба з 1995-га. Перакладае з польскай мовы. Аўтар кніг «Год», «Новая Галілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы», «Кароткая гісторыя Беларусі». Аўтар гістарычных эсэ «Зямля св. Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў». Апошняя кніга — «Планета», выдадзеная ў 2016-м годзе.
Паэт цалкам страціў зрок. Цяпер ён жыве ў адзіноце і беднасці  ў драўлянай хаце ў мястэчку Скідзель.Нядаўна ў інтэрнэце была абвешчана кампанія дапамогі Алесю Чобату. Збор сродкаў вядзецца на краўдфандынгавай платформе Талака. Валанцёры планавалі сабраць 550 рублёў, але ўжо сабралі амаль удвая больш. Гэтыя грошы пойдуць на набыццё самых неабходных рэчаў для Алеся Чобата: вопратку, абутак, посуд, ежу. Кампанія працягваецца.