У КПЧ зарэгістравалі скаргу гарадзенскага фрылансера Алеся Дзянісава

Гарадзенскаму журналісту-фрылансеру Алесю Дзянісаву прыйшоў ліст з Камітэту па правах чалавека пры ААН пра рэгістрацыю яго скаргі. Алесь Дзянісаў з дапамогай гарадзенскіх прадстаўнікоў правабарончага цэнтру "Вясна" даслаў у КПЧ ажно тры скаргі.

dzianisau.jpg


Усе яны датычылі незаконных штрафаў у дачыненні яго за фактычна падрыхтоўку журналісцкіх матэрыялаў. Па тым жа артыкуле — незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі — каралі і калегу Дзянісава — іншага гарадзенца Алеся Кіркевіча, скаргу якога таксама прыблізна ў адзін час зарэгістравалі ў КПЧ. Хоць паводле адмінсітрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь адказнасць за гэта прадугледжана толькі для юрыдычных асоб, гарадзенскія суды адвольна і неправамерна трактавалі закон.

Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў

Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў

Пастановай суддзі Юрыя Казакевіча суду Ленінскага раёну Гародні 4 красавіка 2014 году Алесь Дзянісаў быў аштрафаваны па ч.2 арт. 22.9 КаАП на 30 базавых велічынь. 6 лютага 2014 году Алесь Дзянісаў запісаў відэаматэрыял, які пазней выкарыстаў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” у адным з выпускаў сваіх навінаў. Сюжэт датычыў пастаноўкі спектаклю “Фаўст. Сны”.
Пастановай суддзі Алены Пятровай суду Ленінскага раёну Гародні 22 красавіка 2015 году Алесь Дзянісаў быў аштрафаваны па ч.2 арт. 22.9 КаАП на 20 базавых велічынь. Падставай стала тое, што Дзянісаў і Кіркевіч зрабілі для тэлеканалу «Белсат» відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі.
Пастановай суддзі Юрыя Казакевіча суду Ленінскага раёну Гародні 19 жніўня 2015 году Алесь Дзянісаў па тым жа артыкуле аштрафаваны на 25 базавых велічынь. Падставай для пакарання паслужыла тое, што 23 чэрвеня таго году журналісты працавалі і рабілі матэрыял у час адкрыцця мастацкай выставы пад назвай “Лялькі”, якая арганізоўвалася пры ўдзеле консульства Літвы ў гарадской выставачнай зале Гародні.
Алесь Дзянісаў падаваў касацыйныя скаргі ў Гарадзенскі абласны суд, аднак суды гэтай інстанцыі, на жаль, прадказальна ўзялі бок раённага суду. Суддзі Анатоль Заяц і Мікалай Рачынскі пакінулі пастановы Ленінскага суду нязменнымі.
Цяпер дзяржава мусіць адказваць па факце рэгістрацыі скаргі журналіста-фрылансера ў КПЧ.


Гарадзенская вясна