Слова пастыраў на праваслаўнае Раство

«Імкненне да міру, згоды і адзінства — маральная патрэба чалавека ва ўсе часы. Мір прынёс чалавецтву Гасподзь наш Іісус Хрыстос — уцялеснены Сын Божы», — віншуе з Раством Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел.



216.jpg

Праваслаўныя Беларусі сёння святкуюць Раство.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел павіншаваў вернікаў незвычайна. Ягонае віншаванне з Раством Хрыстовым на афіцыйным сайце праваслаўнай царквы ў Беларусі датаванае аж 23-м снежня мінулага года! Няўжо Павел святкуе Раство па грыгарыянскім календары, а не па юліянскім, як традыцыйна гэта робіць РПЦ?

Дарэчы, тэкст выкладзены на двух мовах — беларускай і рускай.

pavel1.jpg

Найперш Павел сардэчна віншуе ўсіх з вялікім і радасным святам Раства Хрыстовага. «У гэтую светлазарную ноч у свет прыйшоў Хрыстос Спасіцель, каб адкрыць людзям Бога. Святая Царква, абвяшчаючы свету гэтую Боскую тайну, пачынае святочную ўрачыстасць словамі: «Прыйдзіце, узрадуемся ў Госпадзе, тайну гэтую раскрываючы», — гаворыцца ў пасланні.

«Вялікую тайну Богаўцялеснення прадказвалі прарокі, пра гэта прапаведавалі апосталы: Бог з’яўляецца ў плоці, каб даць людзям новае нараджэнне, а свету — абнаўленне. Выйшаўшы на пропаведзь, Сам Спасіцель адкрыта сведчыў веруючым у Яго: «Я прыйшоў, каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі», — кажа Павел.

«Імкненне да міру, згоды і адзінства — маральная патрэба чалавека ва ўсе часы. Мір прынёс чалавецтву Гасподзь наш Іісус Хрыстос — уцялеснены Сын Божы. «Няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно» (Ін. 17: 21), — маліў Ён Свайго Айца Нябеснага. Мірнае адзінства людзей у Адзіным Богу, у адзінай праваслаўнай веры — найвышэйшая мэта, указаная Спасіцелем свету, Які прыйшоў на зямлю. І ўсе мы як верныя дзеці Хрыстовы, дзеці Праваслаўнай Царквы, павінны клапаціцца пра адзінства нашай Царквы», — гаворыца ў віншаванні.

«Зерне веры і набожнасці, пасеянае больш за тысячагоддзе таму на нашай благаславёнай зямлі, з цягам часу вырасла ў магутнае дрэва Праваслаўя, якое і сёння застаецца асновай нацыянальнага самавызначэння пераважнай большасці насельніцтва трох славянскіх краін — Беларусі, Расіі і Украіны, якая перажывае цяпер трагедыю грамадзянскай вайны. Ва ўмовах палітычнай дэзынтэграцыі Царква для народаў, якія яе складаюць, застаецца змацавальным саюзам. Для праваслаўнага чалавека — гэта адзіная духоўная прастора, якая мае агульны для гэтай часткі Еўропы культурна-цывілізацыйны код», — адзначае Павел.

«У адной са сваіх прамоў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл нагадаў тую ісціну, якая была цудоўна выказана ў словах аднаго прападобнага і богаўгоднага чалавека: «Расія, Украіна, Беларусь — гэта і ёсць Святая Русь». Усе мы — беларусы, расіяне і ўкраінцы — павінны ўсведамляць сваю адказнасць за захаванне ўнікальнай цывілізацыйнай прасторы, якая носіць назву — Святая Русь. І ў той жа час гэта зусім не азначае адмаўлення ад ідэі дзяржаўнага суверэнітэту трох славянскіх краін», — гаворыцца ў звароце.

Па словах Паўла, «год мінулы, па міласці Божай, прынёс нам нямала духоўнай радасці». «Ён быў адзначаны важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. Адпаведна з рашэннямі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Свяшчэннага Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Беларусі ўтвораны новыя епархіі. Гэта дазволіць усім епархіяльным архіерэям мець больш зносін са сваёй паствай на прыходах, стаць бліжэй да простых вернікаў, дапамагаць пачынаючым вернікам усвядоміць свае духоўныя вытокі, далучаючы іх да этнакультурнай традыцыі нашай краіны, а значыць — да яе рэлігійнай традыцыі, да Праваслаўя, што будзе спрыяць і працэсу фарміравання прыходаў з актыўным прыходскім жыццём», — мяркуе Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

«Віншуючы ўсіх вас са светлым святам Раства Хрыстовага, малітоўна жадаю вам невычарапальнай благадатнай дапамогі Божай у далейшай вашай працы на славу Святой Праваслаўнай Царквы, на славу Бацькаўшчыны нашай, на карысць і росквіт зямлі, на якой мы з вамі жывем, на дабро ўсім нашым бліжнім і дальнім. Амінь», — заключае Павел.

Віншаванне ж Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла датаванае, як трэба — 6-га студзеня. Але тэксты таксама два — на беларускай і рускай мовах.

patriarh_kirill5.jpg

«Хрыстос нарадзіўся — і свет атрымаў надзею, Хрыстос нарадзіўся — і любоў пануе навекі, Хрыстос нарадзіўся — і неба прыхілілася да зямлі, Хрыстос нарадзіўся — і Віфлеемская зорка паказвае праўдзівы шлях да Бога, Хрыстос нарадзіўся — і ніхто няхай не верыць у перамогу зла, бо благадаццю вы ратаваныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар», — гаворыцца ў віншаванні Кірыла.

«Мы павінны быць праваслаўнымі людзьмі не толькі паводле сацыялагічных апытанняў, але паводле сваіх глыбокіх перакананняў і паводле ладу жыцця, падобна да таго як горача верылі і любілі Бога нашы набожныя продкі. Сярод іх асаблівае месца займае хрысціцель Русі, святы роўнаапостальны і вялікі князь Уладзімір. 1000-годдзе яго блажэннага спачыну мы будзем адзначаць сёлета. Менавіта яму мы абавязаны тым, што з’яўляемся носьбітамі высокага хрысціянскага звання і ў сукупнасці складаем адзіную сям’ю праваслаўных братэрскіх народаў гістарычнай Русі. Так было, і ёсць, і будзе. І ніякія часовыя хваляванні і выпрабаванні, ніякія знешнія сілы не змогуць разарваць гэтыя шматвяковыя духоўныя і культурныя сувязі спадкаемцаў кіеўскай купелі Хрышчэння», — лічыць Кірыл.

«У гэтыя святыя калядныя дні малітвы ўсёй царкоўнай паўнаты і мая ўзмоцненая малітва — за мір на ўкраінскай зямлі. Незалежна ад месца жыхарства сваіх дзяцей, іх палітычных поглядаў ці прыхільнасцяў, Руская Праваслаўная Царква выконвае тую адказную місію, якую на яе ўсклаў Сам Хрыстос (гл. Мф. 5: 9). Яна рабіла і робіць усё магчымае для таго, каб прымірыць людзей і дапамагчы ім пераадолець наступствы варожасці. У аснове ўсялякага супрацьстаяння, нянавісці і раздзяленняў — грэх. Ён, паводле слова прападобнага Юсціна Чэлійскага, «усімі сваімі сіламі робіць адно: абязбожвае і расчалавечвае чалавека» (прп. Юсцін (Попавіч), Філасофскія бяздонні). І мы бачым, у якім пякельным стане часам знаходзіцца чалавек, які страціў дадзеную Тварцом годнасць», — адзначае Кірыл.

«Царква ж ад імя Бога, нястомна абвяшчаючы людзям вялікую радасць (Лк. 2: 10) пра нараджэнне Спасіцеля, заклікае кожнага народжанага на зямлі ўвераваць і перамяніцца да лепшага. Яна прапануе шлях узыходжання: ад богашукальніцтва — да Богапазнання; ад Богапазнання — да зносін з Богам; ад зносін з Богам — да Богападабенства. Свяціцель Афанасій Вялікі, які жыў у IV стагоддзі ў Александрыі, цудоўнымі словамі выказаў мэту прышэсця ў свет Спасіцеля: «Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам». Не па сваёй прыродзе, але па Бажэственнай благадаці. Увесь шматвяковы вопыт Царквы сведчыць: сапраўднае праабражэнне, абожанне адбываецца дзеяннем благадаці, праз добраахвотнае супрацоўніцтва Бога і чалавека. І дасягаецца яно працай, у паслухмянасці Тварцу, а не прыняццем д’ябальскай спакусы змея, які прапаноўваў нашым продкам паспытаць ад дрэва пазнання дабра і зла і адразу ж зрабіцца як багі (Быц. 3: 5). Кожны, хто жыве па веры, ведае, што менавіта вернасць Богу ўтрымлівае яго ад злых спраў і думак, што менавіта вера натхняе яго на подзвігі і працу на славу Божую і на дабро бліжнім», — дадае Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

Паводле church.by