Спарыш піша філасофскую кнігу, Коршун скардзіцца на пратакол працэсу. Што адбываецца з асуджанымі па справе «Арміі з народам»

З пяці фігурантаў справы чату «Армія з народам», якіх у траўні асудзілі на тэрміны ад 4,5 да 6 год зняволення, сама меней дваіх перавялі ў СІЗА Баранавіч, двое застаюцца на «Валадарцы», а дзе пяты фігурант справы, невядома, піша «Радыё Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сваякі асуджаных актывістаў дагэтуль не ведаюць і таго, калі будуць разгледжаныя іх апеляцыйныя скаргі на прысуд.

За што пасадзілі «Армію з народам»7 траўня ў Мінскім абласным судзе скончыўся працэс над адміністратарамі і блогерамі папулярнага перад выбарамі чату «Армія з народам». Адміністратара чату Сяргея Ярашэвіча і ягоную жонку, актывістку Антаніну Канавалаву, асудзілі на 5,5 года зняволення, блогеры Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў атрымалі па 4,5 года пазбаўлення волі, а найбольшы тэрмін — 6 гадоў зняволення — атрымаў актывіст «Народнай грамады», паплечнік Мікалая Статкевіча, былы музыкант Сяргей Спарыш. Усіх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а Сяргея Спарыша яшчэ і ў пагрозах на адрас Цэнтравыбаркаму. Сяргей Спарыш — адзіны з фігурантаў справы, каму не далі сказаць апошняе слова.
Пасля суда Сяргей Спарыш у вызначаны тэрмін падаў апеляцыйную скаргу на прысуд. З таго часу мінуў месяц, але паседжанне суда, які мае разгледзець скаргу актывіста, яшчэ не прызначана. У канцы траўня маці Сяргея Спарыша даведалася, што яго ўжо перавялі з «Валадаркі» ў Баранавічы.
«Этап даўся вельмі цяжка»
«Сядзіць ужо там, у Баранавіцкім СІЗА. Пра этап напісаў, што даўся вельмі цяжка. Хутчэй за ўсё, везлі цягніком. Адвезла яму ў Баранавічы перадачу, дзякуй, што прынялі. Але калі будзе разгляд скаргі, ніхто не ведае, не паведамляюць, і гэта непакоіць», — кажа маці палітвязня Жанна Спарыш. Чаму яе сына не пакінулі да разгляду апеляцыі ў мінскім СІЗА, ёй ніхто не патлумачыў.

0e3bcfdd_a566_4d03_a57e_d54fc72b0db5_w650_r0_s_1.webp


«Ясна, што апеляцыя для іх — фармальнасць. Яны ўжо думаюць, куды б яго далей закінуць», — мяркуе маці Сяргея Спарыша.
На працэсе па справе «Арміі з народам» следства даводзіла, што Сяргей Спарыш на пачатку 2020 года актыўна камунікаваў з Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, вёў перапіску ў чаце «Армія з народам».
Да таго, як захапіўся палітычнай дзейнасцю, Сяргей Спарыш навучаўся ў кансерваторыі на кампазітара. Ён грае на некалькіх музычных інструментах, а таксама захапляецца філасофіяй. Паводле Жанны Спарыш, у вязніцы яе сын працуе над філасофскай кнігай, у якой спрабуе абагуліць досвед грамадскіх працэсаў, якія адбываліся ў мінулым стагоддзі. Маці Сяргея Спарыша зачытала ягоны ліст з Баранавіцкага СІЗА.
«Працягваю абдумваць кнігу. Спадзяюся, тут у бібліятэцы знойдзецца філасофская літаратура, бо люблю грунтавацца на іншых тэкстах, асабліва калі з імі нязгодны. Яшчэ, магчыма, напішу нешта музычнае. Ёсць ідэя стварыць невялікую тэатралізаваную імпрэзу з музыкай. Спадзяюся, атрымаецца цікава за кошт актуальнасці. Але кніга важнейшая», — напісаў Сяргей Спарыш сваёй маці Жанне Спарыш.

Паводле Жанны Спарыш, на ўмовы ў ізалятары яе сын не скардзіцца, і ўвогуле побытавых просьбаў ад яго — мінімум.
«Гатовы да этапу»
Былы міліцыянт, фігурант справы «Арміі з народам» Сяргей Коршун застаецца сядзець у СІЗА на Валадарскага. У ліпені будзе ўжо год, як ён за кратамі. Калі адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Коршуна, ягоным сваякам таксама невядома, паведаміла сястра палітвязня Вольга.

2a61c06f_b5ec_4fe6_85d6_01ab3cab1dd7_w650_r0_s.webp

«Якраз сёння прыйшоў ліст з суда, што атрымалі ягоную скаргу на пратакол працэсу. Сяргей учэпісты, да таго ж ён юрыдычна граматны. Угледзеў істотныя скажэнні сваіх паказанняў на судзе, вось і паскардзіўся. На гэта паведамляюць, што скаргу атрымалі, але калі разгледзяць — ані слова. І пра апеляцыю таксама невядома», — кажа сястра Сяргея Коршуна Вольга.
У Вольгі ёсць уласная версія таго, чаму яе брата дагэтуль трымаюць у СІЗА на Валадарскага.
«Сядзіць ён у той жа камеры, з тымі ж людзьмі, з якімі сядзеў да суда. Не выключаю, яго адмыслова не пераводзяць у іншае месца, каб як найменей з кім кантактаваў. Бо былы міліцыянт, а яны не хочуць прызнаваць, што ёсць прадстаўнікі органаў, якія перайшлі на бок народа. Таму і трымаюць на адным месцы. Праўда, піша, што рэчы сабраў, гатовы ў любы час да этапу, але пакуль — на «Валадарцы».
Паводле Вольгі, у лістах брат не паведамляў, каб яму прапаноўвалі падаваць прашэнне аб памілаванні.
«Рыхтуецца да калоніі»
У розных вязніцах аказалася і сямейная пара — Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава, якіх таксама судзілі на працэсе над блогерамі «Арміі з народам». Паводле бацькі Антаніны Канавалавай Сяргея, ягоная дачка дагэтуль на «Валадарцы», а зяць ужо ў баранавіцкім СІЗА.
«Антаніна ў той жа камеры, чакае апеляцыі. Піша, што з ёй усё нармальна. А зяць напісаў з Баранавіч, што рыхтуецца да калоніі, папрасіў даслаць пэўныя рэчы. Апеляцыя ў іх не прызначаная, ва ўсякім разе, нічога з суда не паведамляюць», — кажа Сяргей Канавалаў.
Пра пятага фігуранта справы, блогера Яўгена Прывалава, сваякам іншых фігурантаў вядома мала.
«Яўгена ўзялі пад варту ў судзе. Ён адзіны, хто быў на волі, пад падпіскай. І ягоная сястра на працэсе казала, што лепш бы яго таксама год таму затрымалі — цяпер бы менш заставалася быць у турме. З таго часу мы не бачыліся, і нічога пра яго не ведаю», — сказала пра Яўгена Прывалава сястра Сяргея Коршуна Вольга.