Палітвязень Анджэй Пачобут захварэў на каронавірус
Зняволены журналіст Анджэй Пачобут, якога трымаюць у жодзінскім СІЗА па «справе палякаў», перадаў на волю, што захварэў на каронавірус, піша Свабода.
Гэтую інфармацыю ён здолеў перадаць праз некалькіх зняволеных, даўшы згоду на яе распаўсюд, паведамляе БАЖ.
Тым часам пра лісты з СІЗА журналіста, актывіста Саюза палякаў Андрэя Пачобута «Народнай волі» распавяла ягоная жонка Аксана.
«Андрэй мне піша практычна кожны дзень, хаця лісты прыходзяць нерэгулярна. Напрыклад, дзесяць дзён можа не быць карэспандэнцыі, а затым прыходзяць адрасу некалькі лістоў», — расказвае Аксана Пачобут.
Паводле яе слоў, цэнзура таксама вяртае Андрэю некаторыя яго допісы на волю.
«Напрыклад, калі пісаў пра ўмовы знаходжання ў СІЗА на Валадарскага, гэты ліст цэнзары завярнулі. Але па вялікім рахунку трэба адзначыць, што лісты, хаця і са спазненьнем, але практычна ўсе даходзяць».
Жанчына таксама распавяла, што Андрэй просіць яе перадаць прывітанні ўсім знаёмым:
«Піша, што адчувае сябе нармальна, да ўсяго прызвычайваецца, але ў той жа час адвакат мне кажа, што Андрэй хварэе. І гэта цягнецца, відаць, ужо каля двух месяцаў, адна хвароба пераходзіць у другую, — кажа Аксана. — У камеры, дзе сядзіць муж, вельмі душна, іх там, здаецца, трынаццаць чалавек».
Па словах Аксаны Пачобут каля двух тыдняў таму родныя перадалі Андрэю лекі, але праз тыдзень ён паведаміў, што да яго нічога не патрапіла.
«Зрабілі паўторную перадачу, і як быццам гэтым разам усё нармальна. Я не ведаю, што там здарылася, але добра, што ўсё добра скончылася», — кажа Аксана.