Спорт як хвароба
Як толькі Аляксандр Лукашэнка перастаў тузаць спартоўцаў, піць з імі гарбату і даваць карысныя парады, і ўвогуле з’ехаў з Сочы, нашым паваліла. Сочынская Алімпіяда — рэкордна шчаслівая для Беларусі. Але і гэтае шчасце абвастрыла хранічныя балячкі нашага грамадства.
Грамадства, прынамсі тое, што сядзіць у інтэрнэце, аказалася больш расколатым, чым сабе гэта ўяўлялі нават сацыёлагі. На фоне неверагодна ўдалай Алімпіяды абвастрылася «праблема заўзятараў». Адны лічаць, што спартоўцы прынеслі гонар і вядомасць краіне ў цэлым — трэба святкаваць іх перамогі як свае. Іншыя лічаць непрымальным радавацца поспехам у спорце, калі гэтыя поспехі будуць скарыстаныя афіцыйнай прапагандай, і ў той час, калі ў краіне дагэтуль ёсць палітвязні і гэтак далей. Карацей, ізноў спрэчка — ці па-за палітыкай спорт?
Канешне, можна радавацца «тройчы залатой» Дар’і Домрачавай, але на яе поспехах будзе будавацца і прапаганда «самай спартовай сінявокай» не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Безумоўна, поспех зімовых гульняў у Сочы будзе скарыстаны і для «раскруткі» майскага Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нездарма ж кіраўнік дзяржавы ўжо ўзнагародзіў Дар’ю ордэнам «Герой Беларусі». І гэта нягледзячы на тое, што пытанне вызвалення палітвязняў апазіцыі хацелася б увязаць з чэмпіянатам па хакеі, — прынамсі, спадзявацца, што да пачатку гэтага спаборніцтва хто-небудзь апынецца на волі.
Дыскусія будзе ўзмацняцца, асабліва на фоне таго, што ў гэты ж час шэраг прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, палітычных аб'яднанняў і грамадзянскіх ініцыятыў Беларусі заявілі пра старт міжнароднай кампаніі «FAIR PLAY — сумленная гульня». Яе мэта — вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў. З гэтай мэтай хакеістам прапануецца агучыць сваю грамадзянскую пазіцыю ў справе палітвязняў, заўзятарам і проста неабыякавым людзям — пікетаваць беларускія пасольствы з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных і гэтак далей. Найбольш радыкальнай выглядае тэза пра тое, што «калі да пачатку хакейнага турніру палітвязні не будуць вызваленыя, мы заклікаем спартсменаў, нацыянальныя хакейныя федэрацыі праявіць салідарнасць і адмовіцца ад паездкі ў Мінск і ўдзелу ў чэмпіянаце свету па хакеі».
Так што спорт палітызуецца з абодвух бакоў беларускіх барыкадаў. І замест салідарнасці і радасці за «нашых» ён яшчэ больш расколвае грамадства ў палітычным плане.
Узмацнілася і дыскусія пра тое, ці маральна спартоўцу атрымліваць узнагароды ад «таталітарнага дыктатара». Збольшага, гэтую спрэчку справакаваў сам Аляксандр Рыгоравіч — тым, якім чынам ён паведаміў Домрачавай пра ўзнагароджанне яе «Героем Беларусі». У віншавальнай тэлеграме ён звяртаўся да яе «Даша» і на «ты». Канешне, пасля таго, як яны пілі разам гарбату і нешта яшчэ, Лукашэнка, можа, і мае права лічыць Дар’ю за сябра. Аднак далей сказана: «Ад усёй душы віншуем цябе з прысваеннем вышэйшай узнагароды Радзімы — званнем «Герой Беларусі».
Тройчы «залатая» алімпійская чэмпіёнка называецца на «ты», а Аляксандр Лукашэнка — «мы», у множным ліку. Шмат хто з-за гэтага ад імя Домрачавай пакрыўдзіўся.
Але больш за ўсё над «рэкордамі Алімпіяды» кпяць тыя, хто заклапочаны эканамічным становішчам «крыштальнага сасуда». Нагадаем, што Беларусь па прэміяльных за медаль займае трэцюю пазіцыю ў спісе — вышэй за нас прэміяльныя толькі ў Казахстане і Азербайджане. За «золата» спартоўцам належыць 150 тысяч долараў, за срэбра — 100 тысяч і за бронзу — 50 тысяч долараў.
Такім чынам, тройчы «золата» Домрачавай краіне абыдзецца ў 450 тысяч, «золата» фрыстайлістаў Алы Цупер і Антона Кушніра — па 150 тысяч долараў, «бронза» Наталлі Скардзінай — яшчэ ў 50 тысяч зялёных. Агулам 800 тысяч, не лічачы таго, што за ўдалы выступ гэтыя спартоўцы маюць права на прэзідэнцкую стыпендыю ў памеры 125 тарыфных ставак першага разраду на месяц на чатыры гады. Праўда, штогод давядзецца праходзіць перагляд стыпендыі, і за гэты час спартовец можа атрымаць 160 тысяч долараў (пры захаванні цяперашняга памеру стыпендый).
Карацей, беларускаму бюджэту нашы спартыўныя перамогі абыдуцца недзе ў мільён долараў.
Праўда, той жа Антон Кушнір раней казаў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі», што грошы за медаль, калі такая ўжо ёсць, пачнуць пералічваць толькі з ліпеня будучага года, але ўжо зараз інтэрнэт поўны малюнкамі з выявамі Аляксандра Рыгоравіча і Уладзіміра Пуціна, дзе беларускі кіраўнік просіць у свайго калегі «крэдыт на Дашу». Таксама ў сацыяльных сетках жартуюць: «Калі Домрачава пагодзіцца ўзяць прэміяльныя трактарамі МТЗ, то атрымае двойчы Героя Беларусі і пасаду прэм’ер-міністра».
Некаторыя хвалююцца, што перамогі Беларусі на спаборніцтвах такога кшталту могуць прабіць дзірку і ў без таго слабым беларускім бюджэце. Канешне, гэта — з галіны фантастыкі, мільён долараў для краіны — сума мізэрная. Але тым не менш, ход думак на гэты конт паказальны. «Беларускі цуд», па меркаванні многіх, настолькі аслаблены, што зваліць яго можна адным толькі штуршком. І гэтым штуршком можа стаць любая выплата валюты «па-за праграмай». Беларуская эканоміка нават у вачах сваіх жа грамадзянаў выглядае нягеглай, слабой і бездапаможнай.
Пра праблемы спартоўцаў, пра ўмовы іх падрыхтоўкі і ўвогуле пра праблемы беларускага спорту, якія набылі ўвагу дзякуючы нашым перамогам, увогуле казаць залішне. Толькі адзін прыклад прыводзіць блогер Віктар Малішэўскі: 1989 — такі год выпуску «самай лепшай вінтоўкі» для біятлону ў мінскай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №1, якая атрымае «спонсарскую дапамогу» ад імя Дар’і Домрачавай.
Карацей, Алімпіяда ў чарговы раз выявіла «сімптомы хваробы» не толькі беларускага спорту. Гэта і эканоміка, і палітыка. А галоўнае — поўная няздольнасць беларускага грамадства радавацца «за сваіх» як за сябе. Гэтаму мы яшчэ не навучыліся.