Стась Карпаў: Для такіх людзей, як я, «паветра свабоды ў свабоднай краіне» не прадугледжана

Стась Карпаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку разважае пра Беларусь і пра ад’езд шматлікіх знаёмых з Беларусі.

4_23_2.jpg

Кожны дзень я чытаю пра тое, як нехта зваліў ці пра тое, што нехта вельмі хоча зваліць, але не можа.

Вось учора прачытаў пра жаданне з'ехаць, «каб дыхаць паветрам свабоднай і нармальнай краіны».

А ў мяне тут нейкае трэцяе меркаванне на гэты конт. І заключаецца яно ў тым, што, верагодна, для такіх людзей, як я, «паветра свабоды ў свабоднай краіне» не прадугледжана.

Так, у Беларусі кепска, у Беларусі тужліва і несвабодна. Але несвабодна для каго? Для таго, хто хоча нейкай сукупнасці рэалізацыі патрэб. А якіх патрэб? Ну там, выбараў, праўда? Беларускай мовы там усялякай. Адчування свайго удзелу і адказнасці. Патрэбы ведання таго, што людзі вакол цябе таксама нешта там рэалізуюць.

Сапраўды, я пазбаўлены гэтага ў Беларусі. Не адчуваю адказнасці, не адчуваю ўдзелу, але калі б я нічога і не хацеў — быў бы свабодны абсалютна і там, і тут, і паўсюль.

Свабодна жыць — у сэнсе хадзіць у краму, піць вінішка, сустракацца з сябрамі. Гэта я магу. Раз нічога большага не атрымалася.

За мяжой... Што са мной станецца за мяжой? Там вакол будуць людзі з адчуваннем сваёй адказнасці і судачынённасці. У іх будзе іх мова, іх праблемы і вырашэнне іх жа праблем.

А якім бокам да гэтага ўсяго Стась Карпаў 83-га года нараджэння, хударлявага целаскладу?

Я не буду перажываць за польскую/ грузінскую / украінскую, любую іншую мову. Я не буду перажываць за іх помнікі архітэктуры, за міжнародную і сацыяльную палітыку. За іх сувязі, за іх грамадствы. Не таму, што я кепскі, а проста таму, што нельга перажываць без любові і нельга палюбіць па загадзе.

Інакш кажучы, там я буду настолькі ж свабодны, наколькі свабодны тут чалавек, якому на ўсё і на ўсіх насраць.

Ці варта мне паднасіць сябе гэтым краінам як дар у выглядзе кавалка гаўна з банцікам? Думаю, не варта.

Я разумею тых, хто ўцякае, ратуючы сваё жыццё, ратуючы сваю свабоду, блізкіх. Я ўсё гэта разумею. Праўда, гэта не пах свабоды, а пах бяспекі — у нас бяспекай і сапраўды не пахне.

Але вось «пах свабоды», мне падаецца, не здабываецца за мяжой. Пах свабоды — гэта ці пах радзімы, ці ніякага.