Суд Гарадзенскай вобласці не задаволіў скаргу на адмову ў рэгістрацыі аб’яднання «Спадчына»

4 лістапада Гарадзенскі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі заснавальнікаў грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання «Спадчына» на рашэнне Гарадзенскага ўпраўлення юстыцыі пра адмову ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі.



trafimczyk.jpg

Сяргей Трафімчык
Па словах сябры Рады «Спадчыны» Сяргея Трафімчыка, які прадстаўляў інтарэсы заснавальнікаў у судзе, падставы для адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання палягалі ў прэтэнзіях да юрыдычнага адраса і аплаты дзяржаўнай пошліны.
Заснавальнікі пералічылі дзяржаўную пошліну ў рэспубліканскі бюджэт згодна з патрабаваннямі Падатковага кодэкса і пастановаў Міністэрства фінансаў на рахунак Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па горадзе Мінску. Гарадзенскае ўпраўленне юстыцыі палічыла гэта неналежнай аплатай дзяржпошліны, якая, паводле ўпраўлення, павінная была быць сплачаная на рахунак Гарадзенскага ўпраўлення фінансаў. І хоць у абгрунтаванне гэтай тэзы рэгіструючы орган не прывёў аніякіх спасылак на нарматыўна-прававыя акты, суд палічыў прэтэнзію абгрунтаванай.
Другая прычына адмовы — прэтэнзіі да юрыдычнага адрасу арганізацыі. Калі ў жніўні бярозаўскія ды лідскія актывісты падавалі дакументы на рэгістрацыю, то мелі гарантыйны ліст ад мясцовай дзіцяча-юнацкай спартовай школы аб прадастаўленні юрыдычнага адрасу. Верагодна, пасля ціску, кіраўніцтва школы адмовілася ад папярэдніх дамоўленасцяў, спаслаўшыся на тое, што памяшканне будзе выкарыстоўвацца ў мэтах школы. Пры гэтым адмова была складзеная такім чынам, што не скасоўвала першапачатковага гарантыйнага ліста: арэндадаўца напісаў пра немагчымасць размясціць офіс арганізацыі ў будынку школы на ўмовах арэнды, не адмаўляючы наўпрост магчымасці размяшчэння юрыдычнага адрасу арганізацыі.
Як адзначыў юрыст Юрый Чавусаў, які ўдзельнічаў у разглядзе справы як прадстаўнік грамадскасці ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту, апошнім часам менавіта прэтэнзіі да афармлення юрыдычнага адрасу зрабіліся найбольш распаўсюджанай падставай для адмовы ў рэгістрацыі новаствораных грамадзкіх аб’яднанняў: «Працэдура афармлення юрыдычных адрасоў для новых некамэрцыйных арганізацыяў дазваляе рэгіструючым органам ціснуць на арэндадаўцаў і фактычна інспіраваць скасаванне раней выдадзеных гарантыйных лістоў. Асабліва востра гэтая праблема стаіць у рэгіёнах, дзе прыдатныя нежылыя памяшканні знаходзяцца пераважна ў дзяржаўнай альбо камунальнай уласнасці, альбо ўладальнікі прыватных памяшканняў вельмі адчувальныя да ціску з боку органаў юстыцыі», — сказаў Юрый Чавусаў.
Сяргей Трафімчык перакананы, што сапраўдныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі палягаюць у нежаданні ўладаў мець у вобласці новую незалежную грамадскую структуру. Заснавальнікі «Спадчыны» плануюць абскардзіць рашэнне суда першай інстанцыі ў Вярхоўным судзе, а таксама падаваць дакументы на рэгістрацыю наноў, як толькі будзе знойдзенае іншае памяшканне для юрыдычнага адраса. У выпадку, калі і Вярхоўны суд палічыць адмову ў рэгістрацыі абгрунтаванай, заснавальнікі  «Спадчыны»  маюць намер спагнаць з дзяржавы раней выплачаную дзяржаўную пошліну.
Нагадаем, што гэта ўжо другая спроба зарэгістраваць грамадска культурна-асветніцкае аб’яднанне «Спадчына». У 2009 годзе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму ўжо адмаўляла бярозаўскім актывістам у рэгістрацыі з прычыны недакладнасцяў у статуце арганізацыі.