Суддзя не здолела матываваць пастанову пра забарону пікету каля “Бульбаш-холу”

19 кастрычніка старшыня судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду Таццяна Жулкоўская не здолела вусна абгрунтаваць пастанову пра забарону пікету каля аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”, што быў незаконна і самавольна ўзведзены ў ахоўнай зоне Курапатаў.



kurapaty_mrv_mhs_19_10_15_logo.jpg

Нагадаем, што 20 мая актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” звярнуліся да старшыні Мінрайвыканкама Пятра Ярмаша з заявамі на правядзенне пікетавання для прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення ў непасрэднай блізкасці ад урочышча “Бульбаш-холу”. Падчас пікетавання, запланаванага на 4 чэрвеня ў Мінскім раёне каля ўваходаў у “Бульбаш-хол” і гіпермаркет “Бігз” на рынку “Экспабел”, меркавалася выкарыстаць лозунгі наступнага зместу: “Бульбаш-хол” — здзек з Курапатаў!”, “БелРэстІнвест” — прэч ад Курапатаў!”, “Беларусы, абаронім Курапаты ад знявагі!”, “Курапаты — месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў“ і “Не — гулянкам і вяселлям ля Курапатаў!”.

Аднак Пётр Ярмаш забараніў правядзенне пікетавання сваім распараджэннем ад 29 мая, якое грамадзяне атрымалі толькі ў дзень запланаванай акцыі — 4 мая.

Таму заяўнікі пікетавання каля “Бульбаш-холу” — грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і філолаг Вінцук Вячорка, а таксама аўтар гэтага артыкулу — абскардзілі распараджэнне старшыні Мінрайвыканкама ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. 20 ліпеня суддзя Аляксандр Кузьміч адмовіў грамадзянам у задавальненні іх скаргі і стаў на бок чыноўніцтва. Паколькі грамадзяне палічылі пастанову суду першай інстанцыі незаконнай і неабгрунтаванай, яны накіравалі ў Мінгарсуд касацыйную скаргу.

У ёй заяўнікі прасілі адмяніць рашэнне суддзі Аляксандра Кузьміча, вынесці новую пастанову і абавязаць чыноўніцтва даць дазвол грамадскім актывістам на правядзенне пікетавання.

Касацыйнага скарга была разгледжана 19 кастрычніка судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Мінгарсуду ў складзе Таццяны Жулкоўскай (старшыня калегіі), Іны Угнівенка (суддзя-дакладчыца) і Алены Муранцовай.

Увага суда была звернута на тое, што права на пікетаванне і свабоднае выказванне свайго меркавання з’яўляецца канстытуцыйным правам грамадзянаў. Таму службовыя асобы абавязаны стварыць усе ўмовы для рэалізацыі гэтага канстытуцыйнага права, а суд абавязаны бараніць канстытуцыйнае права грамадзянаў ад незаконных замахаў службовых асобаў. 

Менавіта Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” усталёўвае парадак арганізацыі і правядзення ў краіне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання і іншых масавых мерапрыемстваў.

Гэты закон увогуле не прадугледжвае заключэння дамоваў па аказанню паслугаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медычным абслугоўваннем і пажарнай бяспекай. Тым больш, што згодна артыкулу 391 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнні дамовы, а прымус у гэтай справе не дапускаецца.

Заяўнікі адзначылі, што рашэнне Мінскага райвыканкама №6557 ад 28.09.2012 г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне” стварае дадатковыя, не прадугледжаныя законам перашкоды для рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў на пікетаванне і свабоду выказвання.

Тым больш, што вызначаныя Мінскім райвыканкамам месцы для пікетавання (стадыёны Рогаўскай сярэдняй школы ў вёсцы Новы Двор Рогаўскага сельсавету і Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжу ў вёсцы Новае Поле Гаранскага сельсавету), знаходзяцца ад мяркуемага месца акцыі (“Бульбаш-хол”) на адлегласці, адпаведна, каля 25 і прыкладна 32 кіламетраў.  

А паколькі, згодна артыкулу 2 Закона, пікетаванне — публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзянаў грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту, правядзенне акцыі на вызначаных Мінскім райвыканкамам месцах не адпавядае літары закону і сэнсу пікету, а таму з'яўляецца незаконным і абсурдным.  

Трэба звярнуць увагу на тое, што Іна Угнівенка не давяла да сяброў калегіі доказы заяўнікаў, выкладзеныя ў іх касацыйнай скарзе. А пасля таго, як Таццяна Жулкоўская агучыла пастанову судовай калегіі, якая падтрымала рашэнне суду першай інстанцыі, старшыня так і не здолела вусна патлумачыць заяўнікам матывацыю сваёй пазіцыі. 

У каментары карэспандэнту НЧ юрыстка Тамара Сяргей, якая прысутнічала ў судовым пасяджэнні, зазначыла, што касацыйная вытворчасць ў Беларусі з’яўляецца архаічнай. “Але суд не выканаў нават самыя неабходныя нормы гэтай архаічнай вытворчасці. Так, суддзя-дакладчыца не пазнаёміла сяброў калегіі з доказамі касацыйнай скаргі, якая адрознівалася ад скаргі заяўнікаў у суд першай інстанцыі, бо ў касацыйнай скарзе абвяргаліся абгрунтаванні пастановы суддзі Аляксандра Кузьміча. А старшыня калегіі так і не здолела прывесці ні аднаго доказу ў абгрунтаванне судовай пастановы”, — сказала юрыстка. На яе меркаванне, суддзі проста выканалі чыйсьці загад і нават не палічылі неабходным трымацца фармальнасцяў.