Пенсіянеры абскардзілі адмову на пікет у цэнтры Мінска

16 кастрычніка 12 пенсіянераў — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны абскардзілі ў суд Маскоўскага раёна Мінска адмову ўладаў на пікет у цэнтра Мінска, прызначаны на 24 верасня.



zancyny_24_9_15_pikiet__logo.jpg

Недазволены пікет 24 верасня 2015 года

Нагадаем, што ў лісце ад 17 верасня намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка не задаволіў заяву 12 пенсіянераў аб правядзенні пікетавання на сталічным пляцы Волі.

Акцыя ставіла на мэце прыцягнуць увагу грамадства і дзяржавы да праблемы адпісак на звароты грамадзян у органы суду і пракуратуры, а таксама на бяздзейнасць кіраўніка дзяржавы па абароне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. У пікетаванні меркавалі ўдзельнічаць да 20 чалавек з лозунгамі наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак” і “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”.    

Сваю адмову Ігар Карпенка матываваў тым, што ў час і на месцы, запланаваным 24 верасня пенсіянерамі для правядзення пікетавання, будуць праводзіцца масавыя перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне звярнулі ўвагу суду на тое, што кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь атрымалі гэты статус толькі 10 верасня. Прычым гэты факт з'яўляецца агульнавядомым, паколькі менавіта 10 верасня сродкі масавай інфармацыі вялі прамую трансляцыю ўрачыстага абвяшчэння імёнаў кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і ўручэння ім адпаведных пасведчанняў. Такім чынам, матывацыя адмовы грамадзянам у пікетаванні з’яўляецца не толькі незаконнай і неабгрунтаванай, але і абсурднай, падкрэсліваецца ў скарзе.

Яе аўтары зазначаюць, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікетавання дадзена грамадзянам артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Мінгарвыканкам і ягоныя службовыя асобы павінны забяспечваць рэалізацыю права грамадзянаў на свабоднае выказванне свайго меркавання пад час правядзення пікетавання, адзначаецца ў скарзе.

Яе падпісанты просяць суд прызнаць незаконным і неабгрунтаваным рашэнне Мінгарвыканкама ад 17.09.2015 года аб забароне правядзення пікетавання 24 верасня 2015 года з 12.00 па 12.30 і з 17.00 па 17.30 у скверы ля будынку Мінскай ратушы.