Кіраўнік Беларусі працягвае ігнараваць праблемы людзей

“Аляксандр Лукашэнка працягвае ігнараваць праблемы людзей”, — заявіў “Новаму часу” жыхар Бабруйска Аляксандр Каваленка.



zancyny_14_10_15_logo.jpg

Ён паведаміў, што 5 кастрычніка 27 пенсіянераў з розных рэгіёнаў краіны нагадалі кіраўніку дзяржавы і кандыдату ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку пра яго абавязак гаранта Канстытуцыі. Пра гэта ішла гаворка ў 42-м звароце актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры да галавы дзяржавы.

У звароце, між іншым, зазначалася, што ўсе скарбы Беларусі ствараліся, у тым ліку, і працай заяўнікаў.

“Мы не змагаемся за ўладу, мы толькі жадаем узнавіць свае парушаныя правы і атрымаць адказы па сутнасці на нашыя скаргі з органаў суду і пракуратуры. Права на адказ па сутнасці з’яўляецца нашым канстытуцыйным правам і зафіксавана ў арт.40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Вы, 22-гі год займаючы пасаду кіраўніка дзяржавы, па Канстытуцыі з’яўляецеся гарантам нашых канстытуцыйных правоў. Быўшы першым Прэзідэнтам незалежнай Беларусі, Вы стварылі дзеючую дзяржаўную сістэму.

Мы неаднаразова чулі ад Вас пра неабходнасць дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам. Аднак на сорак адзін зварот да Вас мы не атрымалі адказу. А чыноўнікі Вашай Адміністрацыі прыпынілі з намі ліставанне.

Мы звярнуліся ў суд са скаргай на дзеянні Вашай Адміністрацыі. Аднак суд адмовіў нам нават ва ўзбуджэнні справы.

Мы неаднаразова звярталіся ў органы выканаўчай улады з заявамі на пікетаванне, якое з’яўляецца нашым канстытуцыйным правам. Аднак заўжды атрымлівалі адмову. У 2011 годзе мы выйшлі пікетаваць на сталічны пляц Волі, каб прыцягнуць вашу ўвагу да нашых праблемаў. Пікет у грубай форме быў сарваны міліцыяй і неапазнанымі суб’ектамі ў цывільным. Дзевяць удзельнікаў акцыі былі затрыманыя, асуджаныя і аштрафаваныя.

Пасля чарговага звароту да Вас нас некалькі дзён выклікалі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. Паджылых людзей апытвалі цягам двух — шасці гадзінаў, каб сабраць матэрыял для ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, замест узнаўленне нашых правоў чыноўнікі прыпынілі з намі ліставанне, нас запужваюць, затрымліваюць, судзяць, штрафуюць і пагражаюць пазбаўленнем волі.

Вы ў пяты раз прэтэндуеце на галоўную дзяржаўную пасаду. Мы лічым, што ў Вас няма права на такую высокую пасаду. Аднак мы ведаем, што вы яе займеце. І што будзе далей?”, — пыталіся грамадзяне ў кіраўніка дзяржавы.

5 кастрычніка пенсіянеры перадалі гэты зварот у грамадскую прыёмную кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.

12 кастрычніка заяўнікі атрымалі адказ, з якога вынікае, што зварот на імя кандыдата ў Прэзідэнты быў накіраваны “для разгляду па кампетэнцыі” Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.

Як падкрэсліў Аляксандр Каваленка, грамадскія актывісты не могуць не толькі сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнка ні ў якім статусе — галавы дзяржавы ці кандыдата ў Прэзідэнты, але нават не могуць давесці свае праблемы да першай асобы дзяржавы. “Бо нашыя звароты да яго перасылаюцца іншым службовым асобам”, — сказаў Аляксандр Каваленка.