Суды могуць абавязаць весці аўдыё- і відэазапіс кожнага пасяджэння

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання на сваім апошнім пасяджэнні 4 снежня прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў», які тычыцца парадку фіксацыі судовых пасяджэнняў і асобных працэсуальных дзеянняў.

20161114134716.jpg

Праект закона прадугледжвае карэкціроўкі Гаспадарчага працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў, а таксама Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У прыватнасці дакумент прадугледжвае абавязковае фіксаванне ходу кожнага судовага пасяджэння і кожнага асобнага працэсуальнага дзеяння па-за пасяджэннем з дапамогай аўдыё-і відэазапісу з адначасовым складаннем кароткага пратакола ў пісьмовай форме.
Разам з тым законапраект захоўвае неабходнасць складання найбольш поўных пратаколаў судовага пасяджэння і асобных працэсуальных дзеянняў у пісьмовай форме ў выпадку, калі тэхнічная магчымасць вядзення аўдыё- і відэазапісу адсутнічае.
Праект закона замацоўвае за асобамі, якія ўдзельнічаюць у працэсе, права на азнаямленне з кароткім пратаколам і пэўнай часткай аўдыё- і відэазапісу пасяджэння або працэсуальнага дзеяння, а таксама на атрыманне копіі пэўнай часткі зафіксаванага. Асобам, якія ўдзельнічаюць у справе або асобным працэсуальным дзеянні, прапануецца прадаставіць магчымасць падачы заўваг на запісы і на кароткі пратакол.
Мяркуецца, што такія падыходы дазволяць забяспечыць суддзяў і іншых удзельнікаў судовага працэсу поўнай і дакладнай інфармацыяй аб ходзе пасяджэння або здзяйсненні асобнага працэсуальнага дзеяння. Чакаецца, што гэта павысіць якасць правасуддзя, яго даступнасць, максімальную адкрытасць і празрыстасць, а таксама эфектыўнасць рэалізацыі ўдзельнікамі судаводства сваіх працэсуальных правоў.
Дакумент прадставіў парламентарыям першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. На пытанне, ці будуць гатовыя ўсе суды да ўкаранення тэхнічнага абсталявання для фіксацыі пасяджэнняў да моманту ўступлення закона ў сілу, ён адказаў, што «практычна ва ўсіх судах ўжо сёння забяспечваецца магчымасць хаця б аўдыяфіксацыі судовых працэсаў».
За прыняцце законапраекта ў першым чытанні прагаласавалі 97 дэпутатаў. У другім чытанні дакумент будуць разглядаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.
Паводле naviny.by