Супрацоўніку МНС з Гродна пагражае да 12 гадоў турмы за лайк пад каментаром пра «справу Зельцэра»

37-гадовы Аляксандр Курганскі жыў у Гродна і працаваў у МНС. Ратавальнікам адслужыў 15 гадоў. Цяпер ён у турме.

52110000_0aff_0242_17ca_08d9bb123cfa_cx0_cy11_cw0_w1023_r1_s_dpeoq.jpeg

Яму пагражае да 12 гадоў турмы за лайк, які ён паставіў пад каментаром у адной з сацыяльных сетак. Каментар пакінуў іншы чалавек у абмеркаванні перастрэлкі ў Мінску, дзе загінулі праграміст Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ.

Пра крымінальную справу «Свабодзе» расказала сястра затрыманага ратавальніка Надзея.

«Яго — тварам у падлогу, на жонку наставілі аўтамат»

30 верасня Аляксандру Курганскаму патэлефанавалі з незнаёмага нумару і спыталіся, ці дома ён. Праз некалькі хвілін у кватэру ўварваліся шэсць чалавек у бронекамізэльках, са зброяй.

«Брата паклалі тварам у падлогу. Жонка спрабавала зрабіць крок да яго, але на яе наставілі аўтамат і закрычалі: «Стаяць!». У жонкі Сашы было адчуванне, што іх гатовыя былі грызьці зубамі, настолькі былі злосныя. Яна, як і Саша, абсалютна не разумела, за што. Нічога не казалі, не прадстаўляліся. Потым прыйшлі з вобшукам. Жонка зноў спыталася: «За што?» Яны агрызнуліся: «Будзеш усялякую х…ню лайкаць у інтэрнэце, і па цябе прыйдзем!» — кажа Надзея.

Жонка шукала інфармацыю пра мужа, тэлефанавала ў міліцыю, ІЧУ, СІЗА. Але ніхто ёй не даваў адказу, дзе Аляксандр, за што яго затрымалі. Потым знаёмыя скінулі ёй відэа з праўладнага тэлеграм-каналу, дзе Аляксандр «каяўся» і «прызнаваў віну» ў тым, што паставіў лайк пад каментаром у сеціве, які тычыўся смерці супрацоўніка КДБ.

«Навошта ты лайк паставіў? Значыць, ты згодны з тым, што напісана?» — дапытвае Аляксандра невядомы, якога не відаць на відэа.

У МНС абяцалі дапамагчы, а звольнілі задняй датай і запатрабавалі сплаціць 7 тысяч

«Потым жонцы патэлефанавалі з МНС, сказалі: «Оля, не перажывай, мы дапаможам», а па выніку звольнілі задняй датай і абавязалі сплаціць 7 тысяч «кантрактных». Брату, наколькі я зразумела, далі падпісаць паперу на звальненне ў міліцыі. Калі ў Сашы спыталіся пазней — чаму ён падпісаў паперу на звальненне, ён адказаў: «У мяне не было іншага выйсця, вам не перадаць словамі, што тут было».

Жонцы ўжо прыйшоў ліст з аддзелу прымусовага выканання, дзе пагражаюць апісаць маёмасць. У яе няма такіх грошай. У іх двое малых дзяцей — сямі і адзінаццаці гадоў», — кажа Надзея.

«За лайк — да 12 гадоў! Гэта абсурд!»

Жонка ратавальніка з цяжкасцю знайшла адваката — ніхто не хацеў брацца за «палітычную» справу. Аляксандра завезлі ў турму ў Жодзіна. Паўтара месяца ён не меў перадач, да яго не дапускалі адваката — як і да ўсіх затрыманых па «справе Зельцэра».

«Там былі вельмі благія ўмовы… Ім нават не давалі туалетнай паперы. Тым часам мы паўтара месяца нічога не ведалі пра Сашу. Калі адвакат нарэшце сустрэлася з ім, той быў вельмі прыгнечаны. І гэта чалавек, які працаваў ратавальнікам, які бачыў страшныя рэчы, ён жа не хлопчык. Ён сказаў, што ўжо страціў надзею, што некалі выйдзе адтуль ці што яго нехта наведае», — кажа Надзея.

Нядаўна Аляксандра перавялі з жодзінскай турмы ў гарадзенскую. Жонцы стала трохі лягчэй — хоць не трэба вазіць перадачы за 400 кіляметраў.

«Саша таксама напісаў, што яму лягчэй, што фізічна ён стаў бліжэй да родных людзей. Але ён дагэтуль у шоку і не разумее, як так. За лайк — да 12 гадоў турмы? Гэта абсурд!» — кажа сястра зняволенага.

Аляксандру Курганскаму выставілі абвінавачанне паводле артыкула 369 («Абраза службовай асобы») і часткі 3 артыкула 130 («Распальванне варожасці»). Цяпер па ягонай справе прызначана лінгвістычная экспертыза.