Свята роднай мовы: пацыент хутчэй жывы

«Кажы па-руску!» — не вытрымлівае на трэцяй хвіліне размовы даўняя сяброўка, з якой мы не бачыліся шмат гадоў. Марыя вырасла, атрымала адукацыю і зрабіла неблагую кар’еру ў Беларусі. Але размова па-беларуску для яе — справа нязвыклая. 



Яна нічога не мае супраць мовы. Але пра гэтак званую «новую хвалю беларусізацыі» ў краіне яна, падобна, і не падазрае. Як і мільёны іншых беларусаў, хай сабе і маладых, адукаваных ды прагрэсіўных. Што ўжо казаць пра старэйшае пакаленне, сярод якіх шмат тых, хто саромеецца свайго вясковага мінулага, у якім яны некалі размаўлялі па-беларуску.

Першыя не падазраюць, што па-беларуску можна размаўляць і ў паўсядзённым жыцці, другія працягваюць падманваць сябе, што руская мова для іх — родная. А ёсць яшчэ і тыя, хто наўпрост варожа ставіцца да беларускай нацыянальнай ідэі. У спалучэнні з новай дзяржаўнай палітыкай ў дачыненні да роднае мовы, карціна атрымліваецца мудрагелістая.

 

Адліга па-беларуску

Не прайшло яшчэ і года, як Аляксандр Лукашэнка пачаў час ад часу казаць прамовы па-беларуску і адзначаць, што роднай мове ў краіне ўдзяляецца недастаткова ўвагі. Следам пацягнуліся іншыя чыноўнікі. Нарэшце эстафету падхапілі і дзяржаўныя журналісты. Адначасова з гэтым фактычна спыніўся пераслед грамадскіх актывістаў, якія займаліся культурніцкімі праектамі і прасоўвалі нацыянальную ідэю ў масы.

Найлепшы прыклад — «Арт Сядзіба», вядомыя сваімі бясконцымі вандроўкамі з памяшкання ў памяшканне менавіта праз сваю дзейнасць. Але за апошнія паўгода грамадскія актывісты без асаблівых перашкодаў зладзілі шэраг буйных, і безліч малых акцый. Найбольш вядомыя «Дзень вышыванкі» ды акцыя па раздачы мінакам стужачак з нацыянальным арнаментам.

Кіраўнік «Арт Сядзібы» Павел Белавус сцвярджае, што цяпер да супрацоўніцтва іх запрашаюць нават праўладныя структуры. «У Баранавічах гарвыканкам падтрымліваў свята «Снежань», — распавядае Павел, —  вось ўчора Масленіцу каля «Чыжоўка-арэна» сумесна з Завадскім раёнам Мінска праводзілі. У асноўным прыйшлі людзі простыя, шмат хто сталага ўзросту, нехта, можа, і чарку ў гонар свята выпіў. Але з іх боку была вельмі пазітыўная рэакцыя. Усе нам плёскалі ў далоні, на ўсе нашыя пытанні адказвалі, ва ўсіх конкурсах удзельнічалі. Нас пачалі запрашаць на мерапрыемствы, ужо не баяцца. Раней казалі: «Беларуская мова — апазіцыя!» Цяпер, напрыклад, Лукашэнка выказаўся пазітыўна пра мову і чыноўнікі адразу: ага, значыць трэба варушыцца! Некалькі разоў было, што да нас некаторыя бізнэсоўцы звярталіся, прадстаўнікі ўладаў. Чыста толькі таму, што Лукашэнка сказаў, што «эта харашо, эта трэба падтрымліваць».

Знаёмыя ўсё твары

«Свята роднай мовы» 22 лютага актывісты «Арт Сядзібы» зладзілі з асаблівым размахам. Нават платны ўваход не перашкодзіў наведнікам цалкам запоўніць два паверхі бізнэс-клубу «Імагуру». Тут вам і магчымасць патанчыць народныя танцы, і паспяваць па-беларуску, і пагуляць у гульні, і пафатаграфавацца, і паслухаць выканаўцаў розных накірункаў, і абраць курсы беларускай мовы на ўласны густ і нават напісаць беларускую дыктоўку. А яшчэ безліч кніжак на роднай мове, значкі, упрыгожванні, посуд, бел-чырвона-белыя капкейкі, вышымайкі, вышымайткі... Але хто спажыўцы гэтага прадукту? Кантынгент наведнікаў традыцыйны для мерапрыемстваў гэткага роду: апазіцыйныя палітыкі, пісьменнікі, журналісты, праваабаронцы, грамадскія актывісты, нацыяналісты, удзельнікі шматлікіх культурніцкіх ініцыятываў. Фактычна, гэта ўсё тыя ж самыя насельнікі віртуальнай беларускамоўнай рэзервацыі, якая існуе на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

«Людзі розныя, — кажа Павел Белавус, — і класна, што большасць тут тых, хто гаворыць паміж сабой па-беларуску. У нас была задача стварыць такое жывое мерапрыемства, дзе людзі могуць пагаварыць, хто даўно адзін аднаго не бачылі, сустрэцца, абмеркаваць нешта. Наогул, гэта свята! Хто лічыць гэта святам, тых мы і запрашалі, а каму гэта не трэба, мы іх не прымусім гаварыць па-беларуску і хадзіць на такія мерапрыемствы».

Спыненне рэпрэсій у дачыненні да нацыянальна свядомых беларусаў з боку ўладаў ды поспех некалькіх грамадскіх ініцыятываў  ці дастаткова гэтага, каб пачаць размаўляць пра рост цікавасці да беларускай мовы ў грамадстве? Ці не падманваем мы сябе, калі верым, што па-за межамі суполкі ў фэйбуку людзі таксама жадаюць лепшай долі для роднай мовы?

Стваральнік моўных курсаў «Моваведа» Аляксей Шэін лічыць, што надзея на нацыянальнае адраджэнне ўсё ж такі ёсць. «Мне падаецца, што сапраўды пашыраецца інтарэс да беларускай мовы, да беларушчыны ўвогуле. Сапраўды, раней было вузкае кола беларускамоўных людзей у буйных гарадах, каторыя ведалі адзін аднаго ўсе. Зараз ты можаш ісці, ехаць у тралейбусе, трамваі — моладзь гаворыць па-беларуску, а ты гэтых людзей нідзе не сустракаў, не бачыў, сярод двух тысяч тваіх фрэндаў у фэйсбуку іх няма, яны не актывісты, не пісьменнікі, гэта проста звычайныя людзі» — кажа ён.

shein_2202.jpg

Аляксей Шэін, стваральнік курсаў "Моваведа" і ягоная памочніца Хрысціна Запрудская. Фота Ганны Мызенка

— На першы занятак курсаў «Моваведа» прыйшло 80 чалавек, зараз засталося каля трыццаці...

— Я думаю, што гэта звычайны працэс. Застаюцца самыя трывалыя. 30 чалавек, каторыя пастаянна ходзяць, ці там ў Глеба Лабадзенкі — больш за сто чалавек, а яшчэ ёсць Тутбаеўскія курсы, а яшчэ курсы на ТБМ... Калі я курсы праводзіў у 2008-м годзе, асноўная лічба была каля 20 чалавек, было і па 40–50 чалавек збіралася. Але гэта былі адзіныя курсы на Менск! Зараз розныя курсы наведваюць сотні людзей. Трэба прапанаваць якасны прадукт. Калі беларуская культура, беларуская літаратура, беларуская мова знойдуць падыход да сучаснага чалавека, тады мова зможа апанаваць беларусамі, калі не — мова застанецца на маргінальным узроўні.

— А як дагрукацца да людзей, якія не цягнуцца да мовы?

— Любая ідэя апаноўвае спачатку людзьмі творчымі, філасофскага складу мыслення, людзьмі інтэлігентнымі, а потым яна праз нейкі час даходзіць да астатняга грамадства. Гэта заканамернасць распаўсюду любой ідэі. Можа, зараз не дагрукацца да людзей, каторыя не цікавяцца культурай. А мы можам зараз прапанаваць праз культуру беларускую мову, яна нясе такую эстэтычную цікавасць,  але не фінансавую і жыццёвую. Але калі мы зможам у бліжэйшыя некалькі гадоў зацікавіць інтэлігенцыю, то яны потым, праз тое, што яны будуць журналістамі, эканамістамі, настаўнікамі, яна можа трансліраваць гэта на ўсё астатняе грамадства».

Пацыент хутчэй жывы

Культурніцкія ініцыятывы сапраўды найлепшы спосаб уліць свежую кроў у нацыянальны рух. Студэнтка Ганна на «Свяце Роднай Мовы» дапамагала гасцям на ўваходзе. Працаваць валанцёркаю яна пачала ў снежні — раздавала стужкі з нацыянальным арнаментам. А дагэтуль толькі хадзіла на курсы беларускай мовы.

З гэтых жа самых курсаў і адзін з наведвальнікаў мерапрыемства — Юры.

«Мне даўно хацелася пачаць размаўляць па беларуску, — распавядае ён, — але я пабачыў інтэрв’ю шведскага амбасадара, які размаўляў па-беларуску, а наш беларускі журналіст пытаў яго па-расейску. Пасля гэтага я зразумеў, што мне трэба некуды пайсці вывучаць беларускую мову. У паўсядзённым жыцці ў мяне не заўсёды атрымліваецца размаўляць па-беларуску, але ж на працы я з сябрам размаўляю, лісты пісаць па-беларуску стала лягчэй. Так, у мяне ёсць мэта цалкам перайсці на беларускую мову, але застаеца сацыяльны бар’ер: калі суразмоўца нават не імкнецца размаўляць, то для мяне гэта неўтульна, каб я размаўляў па-беларуску, а ён па-расейску, пры гэтым я не ведаю, як ён да гэтага ставіцца. Некаторыя ставяцца пазітыўна, некаторыя нейтральна, а некаторыя адмоўна».

«Не так ў нас шмат месцаў, дзе такое асяроддзе прыемнае для беларусаў — падтрымлівае Юрыя іншая госця свята — Галіна, — можна і мову пачуць, і тыя ж кніжкі набыць. «Пана Тадэвуша», напрыклад, я шукаю ўжо даўно, але ні ў адной беларускай краме, дзе не пыталася, няма... а вось тут я знайшла. Па-беларуску я размаўляю ў хаце і з незнаёмымі людьзмі, а на працы размаўляць — складаней».

Моцных духам людзей, якія не маючы беларускамоўнага асяроддзя, мужна пераходзяць на мову, адзінкі. Чаго ім гэта каштавала, ведаюць толькі яны самі. Большасць жа гэтак і застаецца ў сваёй унутраннай рэзервацыі. Праўда, і надзея ў іх пакуль яшчэ ёсць.