Школьную адкуцыю выратуе «Васьміног»

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці прэзентавалі маштабны праект у падтрымку незалежнай школьнай адукацыі.

20230112183803_zam_7092__1_.jpg

Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Офіс Святланы Ціханоўскай і Беларуская Рада Культуры прэзентавалі ў Вільні адукацыйны праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”, які адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.

Гендырэктар Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Андрэй Ягораў адзначае своечасовасць дадзенага праекту, які закладае падмурак для будучай паспяховай рэформы школьнай адукацыі ў Беларусі: “Мы імкнёмся да стварэння свабоднай адукацыйнай прасторы, дзе б захоўваўся і развіваўся сучасны змест адукацыі, напрацоўваліся новыя мадэлі адукацыі, ішла падрыхтоўка школьных рэформаў, дзе незалежныя беларускія адукацыйныя ініцыятывы маглі б атрымаць падтрымку і наладзіць узаемную камунікацыю, дзе б дзеці маглі атрымаць зручны доступ да свабодных ад ідэалогіі і сучасных школьных ведаў”.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова канстатуе, што праект паўстаў як адказ на крызісныя праявы ў айчыннай сістэме школьнай адукацыі: “Адна з галоўных праблем беларускай школьнай адукацыі — гэта недастатковая ўвага да беларускай мовы і культуры альбо прасоўванне вельмі скажонага ўяўлення пра нашу гісторыю, літаратуру і, наогул, пра нашае грамадства. Другая істотная праблема – гэта дамінаванне аўтарытарных падыходаў у адукацыі, якія перашкаджаюць развіццю крытычнага мыслення і раскрыццю творчага патэнцыялу дзяцей. Праект павінен паспрыяць засваенню дзецьмі разнастайных ведаў пра Беларусь як еўрапейскую краіну, а таксама культываванню ў іх здольнасці самастойнага мыслення і прагі да яго”.

Кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін дзеліцца бачаннем фармату супрацы ў межах “Васьмінога”: “Мы гатовы спрыяць прасоўванню лічбавай адукацыйнай платформы і напаўненню яе цікавымі лекцыямі па гісторыі і культуры Беларусі, а таксама дапамагаць у старце дыджытал-праектам, як, напрыклад, "Зубрык", адзін з пераможцаў нашага хакатону "Культурны код", які дапамагае вывучаць беларускую мову ў займальным гульнявым фармаце. Мы зацікаўленыя ў тым, каб беларускія артысты, мастакі, паэты, музыкі наўпрост дзяліліся сваім досведам з дзеткамі і падлеткамі. І мы спадзяемся, што такія праекты і праграмы падтрымкі як "Васьміног", могуць паспрыяць зменам у сістэме адукацыі і зрабіць яе беларускаарыентаванай. Каб нашы дзеткі ганарыліся сваёй культурай і гісторыяй ды раслі годнымі сапраўднымі беларусамі”.

Кіраўнік праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў заўважае, што праект арыентаваны на дзяцей і настаўнікаў як унутры Беларусі, так і за мяжой: “Усе накірункі дзейнасці праекта ўлічваюць гэтыя дзве вымушана розныя мэтавыя аўдыторыі. Мы будзем намагацца арганізоўваць падтрымку максімальна бяспечным і адэкватным чынам. Па-першае, будзе створаная лічбавая платформа і серыя анлайн-курсаў, арыентаваных на беларускую аўдыторыю. Курсы беларускай мовы, гісторыі і культуры Беларусі будуць дасяжныя на платформе для ўсіх ахвотных вучняў і настаўнікаў, незалежна ад геаграфіі знаходжання. Па-другое, наш грантавы конкурс падтрымкі адукацыйных ініцыятыў і праектаў прадугледжвае ўдзельнікаў, якія пражываюць у Беларусі”.

Праграма “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў. Агулам на праект, які будзе рэалізоўвацца цягам 26 месяцаў, са сродкаў ЕЗ выдзяляецца 1 млн. еўра. Праект паўстаў з ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай.

Прэс-рэліз