Што можна правозіць праз мяжу?
Пры выездзе за мяжу або вяртанні на радзіму беларусы могуць правозіць не больш за 250 грамаў ікры асятровых відаў рыб, не болей 3 букетаў кветак, 200 цыгарэт. Перад сезонам адпачынкаў мытнікі нагадваюць, якія тавары і ў якой колькасці можна правозіць праз мяжу без выплаты збораў.
Кветак — не больш за 3 букета. А колькі можна правезці раслін у вазонах?Магілёўскія мытнікі нагадваюць, што тавары расліннага паходжання пры ўвозе падлягаюць яшчэ і фітасанітарнаму кантролю. «Так, для ўвозу насення і кветак у вазонах неабходныя фітасанітарныя сертыфікаты. Без фітасанітарнага сертыфіката для фізічных асоб дапускаецца ўвоз гародніны, садавіны, ягад, арэхаў і іншых тавараў расліннага паходжання агульнай вагой не больш за 5 кілаграмаў, а таксама не больш за 3 букетаў кветак (не больш за 15 кветак у букеце)», — тлумачаць на мытні.
Узяць у паездку дакументы на дарагую тэхніку
Калі вы плануеце ўзяць у паездку дарагую тэхніку для асабістага карыстання (напрыклад, фотаапарат, ноўтбук, планшэт), то лепш за ўсё прыхапіць і дакументы, якія пацвярджаюць іх куплю на тэрыторыі ЕАЭС, рэкамендуюць брэсцкія мытнікі.
— Пры наяўнасці дарагіх тавараў для асабістага карыстання (напрыклад, фотавідэаапаратуры, ноўтбукаў, планшэтаў і інш.) рэкамендуем узяць з сабой у паездку дакумент, які сведчыць пра факт вытворчасці або набыцця такіх тавараў на тэрыторыі дзяржаў - членаў ЕАЭС (пашпарт вырабу, гарантыйны талон, чэк, дагавор куплі-продажу, спецыфікацыя, рахунак-фактура (інвойс) да дамовы, рахунак-праформа да дамовы, таварная накладная).
Калі такіх дакументаў няма (не захаваліся ці не ўзялі з сабой), то мытнікі рэкамендуюць задэклараваць тэхніку. Пры гэтым запоўніць адразу дзве пасажырскія дэкларацыі — адзін асобнік даць мытнікам пры выездзе, а другі — пры ўездзе ў краіну.
Пытанні да багажу могуць з'явіцца не толькі з-за яго вагі або кошту
Мытнікі нагадваюць, што тыя, хто выязджае з Беларусі часцей за адзін раз у тры каляндарных месяца, можа правезці тавару на суму да 300 еўра і вагой да 20 кілаграмаў. Але гэта павінны быць тавары для асабістага карыстання.
— Неабходна адзначыць, што службовыя асобы мытні могуць звярнуць увагу на багаж не толькі з-за перавышэння яго вагі альбо кошту тавараў, якія знаходзяцца ў ім, але і па іншых крытэрах, якія паказваюць на тое, што тавары набыты не для асабістага карыстання. Мае значэнне заявы асобы; характар і колькасць тавару; частата перасячэння фізічнай асобай і (або) перамяшчэння ім тавараў праз мытную мяжу. Напрыклад, пры ўвозе значнай колькасці аднатыпных тавараў службовыя асобы мытні ўлічваюць, ці можа адна фізічная асоба выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці, ці набыты тавары менавіта для асабістага карыстання, — адзначаюць мытнікі.
Як і якія лекі можна правезці?
Калі па медыцынскіх паказаннях турысту неабходна пры выездзе мець пры сабе лекі, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы, то яму неабходна для пачатку іх задэклараваць.
«Таксама трэба паказаць у пасажырскай мытнай дэкларацыі і прад'явіць мытнаму органу дакумент, які пацвярджае абгрунтаванасць іх выкарыстанне ў медыцынскіх мэтах. Гэта можа быць выпіска з медыцынскай дакументацыi або рэцэпт лекара (завераныя подпісам і пячаткай урача), з абавязковым указаннем сутачнай патрэбы і дазіроўкі лекавага сродку», —- тлумачаць мытнікі.
Пры гэтым дазволена ўвозіць і вывозіць наркатычныя сродкі ў колькасці, якая не перавышае трохсутачную патрэбу, псіхатропныя рэчывы — у колькасці не больш за 90 разавых доз або ў колькасці, якая не перавышае тыднёвую патрэбу (наркатычныя сродкі). «Калі медыцынскія дакументы складзеныя на замежнай мове, яны павінны суправаджацца натарыяльна завераным перакладам на рускай або беларускай мове. Такія лекавыя прэпараты падлягаюць мытнаму дэклараванню з выкарыстаннем пасажырскай мытнай дэкларацыі», — кажуць мытнікі.
— Нельга нядбала ставіцца да ўвозу на мытную тэрыторыю ЕАЭС лекавых прэпаратаў, набытых у замежных краінах. Лекавыя прэпараты, у тым ліку тыя, якія рэалізуюцца на тэрыторыі замежных дзяржаў без рэцэпту, могуць утрымліваць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, абмежаваныя да перамяшчэння праз мытную мяжу ЕАЭС, напрыклад кадэін, псеўдаэфедрын, — адзначаюць на мытні.
Каб даведацца, ці распаўсюджваюцца на лекавы прэпарат забароны і абмежаванні пры ўвозе або вывазе, мытнікі рэкамендуюць праверыць яго склад на ўтрыманне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Паводле tut.by