Штраф 20 базавых за «адзіночны пікет». Жыхароў Мінскага раёна пачалі судзіць па 23.34 за БЧБ-сцягі ўнутры лоджый
Жыхара Новай Баравой судзілі за сцяг на лоджыі, інфармуе TUT.BY. Бел-чырвона-белае палатно, па яго словах, не вісіць звонку памяшкання, а за шклом, з боку кватэры. У судзе палічылі сітуацыю адзіночным пікетам. І такі выпадак у Мінскім раёне не адзін.
Нядаўна жыхарам Новай Баравой (квартал знаходзіцца ў вёсцы Копішча Менскага раёна) кідалі позвы ў паштовыя скрыні. Людзей выклікалі ў міліцыю: пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю па арт. 21.13 КААП РБ (Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка або збудавання) і арт. 21.14 КААП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання). Усё гэта звязвалі з сцягамі, якія вісяць на балконах і вокнах ў многіх кватэрах.
Цікава, што некаторыя позвы былі безымяннымі.
У жыхара дома па Авіяцыйнай, 3, Арцёма з Новай Баравой ёсць гісторыя яшчэ цікавей. Днямі яго асудзілі за сцяг унутры лоджыі.
22 лістапада жыхару квартала патэлефанавалі з міліцыі, папрасілі праверыць паштовую скрыню. Там апынулася позва — запрашалі на адміністрацыйны працэс паводле арт 23.34. На гэты раз былі пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата.
На наступны дзень мінчук прыйшоў у міліцыю, там на яго склалі пратакол.
У пратаколе пазначана, што мужчына 21 лістапада ў 15.20 вывесіў «для публічнай дэманстрацыі на ўсеагульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасці з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2012 «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» бел-чырвона-белы сцяг, у цэнтры якога размешчаны герб «Пагоня».
У міліцыі палічылі гэта «наўмысным правядзеннем адзіночнага пікету без дазволу Менскага райвыканкама», а таксама «публічным выразам сваіх грамадска-палітычных настрояў».
На думку інспектара, Арцём парушыў арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах».
— Суд быў 26 лістапада. Я быў з адвакатам, яна адзначала, што лоджыя гэта не публічнае месца, што пікет мае на ўвазе прысутнасць хаця б аднаго чалавека. На балконе вісеў толькі сцяг — гэта бачна і на фота міліцыі, — распавёў Арцём. — А ў той час, які пазначаны ў пратаколе, я наогул ляжаў на канапе і глядзеў тэлевізар. Я не стаяў на балконе і не крычаў адтуль лозунгі. У мяне дома ёсць відэакамера, файлы з яе мы спрабавалі даць суду — там выразна відаць, дзе я знаходжуся. Але суддзя не стала нават глядзець гэта відэа.
Арцём кажа, што яму прысудзілі штраф-20 базавых велічынь (540 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пастанову суда паабяцалі даслаць па пошце.
— Вядома, мы будзем абскарджваць. Я не згодны з такім рашэннем, лічу, што ў сябе дома магу выказваць свае палітычныя погляды як хачу. Лоджыя — гэта мая тэрыторыя.
Тым часам яшчэ адзін жыхар Мінскага раёна паведаміў пра суд за сцяг на балконе. Яго судзілі 26 лістапада, таксама па ч. 1.арт. 23.34 КААП.
Дзяніс расказвае, што БЧБ-сцяг вісеў ўнутры балкона, за шклом. Гэта палічылі «адзіночным пікетам без дазволу Мінрайвыканкама».
Штраф — таксама 20 базавых (540 рублёў).
— Сцяг на балконе вісеў з дня выбараў, ніякіх прэтэнзій раней да яго міліцыя мне не прад'яўляла, — жыхар Бараўлянаў распавядае, што папярэднічала суду. — А 20 лістапада міліцыянты прыйшлі дадому каля 8 раніцы. Запатрабавалі зняць сцяг, потым я разам з імі паехаў ва УУС. Пратрымалі там каля двух гадзін.
А вось пастанову суда аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Акрамя таго, у раёнах сталіцы са старшынямі таварыстваў уласнікаў вядуць «тлумачальную працу» на тую ж тэму.
— У сераду выклікалі старшыняў таварыстваў уласнікаў у Адміністрацыю Маскоўскага раёна — як я зразумеў, з тых дамоў на праспекце Дзяржынскага, якія лічаць праблемнымі, — распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы. — З намі сустракаліся кіраўнік адміністрацыі, начальнік аддзела гарадской гаспадаркі, прадстаўнік МУС і нехта ў цывільным. Сказалі, што трэба праінфармаваць людзей, у вокнах якіх вісяць бел-чырвона-белыя сцягі, сэрцайкі, лісты паперы, што ўсё гэта будзе прыраўноўвацца да парушэння Закона «Аб масавых мерапрыемствах» і арт 23.34 КаАП. Але з нас у Маскоўскім раёне пакуль ніхто, як у Цэнтральным, не патрабуе, каб мы здавалі кантакты жыхароў.