«Tibo» і «СМІ ў Беларусі»
Сёння заканчвае сваю працу буйнейшая IT-выстава Беларусі «Tibo», якую гэтым разам аб'ядналі з выставай СМІ. Наведнікам гэта пайшло толькі на карысць — агульная экспазіцыя пашырылася. Але і на шкоду «Tibo» гэта не пайшло — як і зараз, у мінулыя гады «Tibo» ніколі не займала ўсёй плошчы Футбольнага Манежу. А вакно ў столі Манежу сёлета было завешана тканінай патрыятычных бел-чырвона-белых колераў.
Сёння заканчвае сваю працу буйнейшая IT-выстава Беларусі «Tibo», якую гэтым разам аб'ядналі з выставай СМІ. Наведнікам гэта пайшло толькі на карысць — агульная экспазіцыя пашырылася. Але і на шкоду «Tibo» гэта не пайшло — як і зараз, у мінулыя гады «Tibo» ніколі не займала ўсёй плошчы Футбольнага Манежу. А вакно ў столі Манежу сёлета было завешана тканінай патрыятычных бел-чырвона-белых колераў.
“Сёлетнее «Tibo» у першую чаргу знакавае тым, што яно аб'яднана з выставай сродкаў масавай інфармацыі, — расказвае Мікалай Кавалеўскі, супрацоўнік кампаніі «Тэхніка і камунікацыi», якая выступае адным з арганізатараў выставы. — Як добра сказалі на адкрыцці міністры, зараз кантэнт павінен прыходзіць да людзей не толькі традыцыйнымі спосабамі, але і з дапамогай Інтэрнэту. На мой погляд, аб'яднанне пад адным дахам пайшло на карысць абедзвюм выставам. Бо зараз ва ўсім свеце ідзе курс на тое, каб кантэнт як мага хутчэй паступаў да спажыўца, і асвойванне новых тэхналогій вельмі важнае для традыцыйных СМІ. У наступным годзе будзе дваццацігадовы юбілей «Tibo», і мы чакаем вялікую колькасць удзельнікаў: як тых, што калісьці былі пастаяннымі ўдзельнікамі, так і новых удзельнікаў. Мне падаецца, што на хвалі юбілею выстава павінна прайсці з яшчэ большым інтарэсам.
Па большай частцы, «СМІ ў Беларусі» у чарговы раз стала выставай беларускіх «раёнак», савецкія назвы якіх мільгацелі ледзь не на кожным стэндзе. Было багата дзяржаўных рэспубліканскіх СМІ, украінскіх і расійскіх газет, меўся стэнд з праваслаўнымі СМІ. Кожны з іх забаўляў наведнікаў як мог: са стэнду «Железнодорожника Белоруссии» гучала савецкая папса ў жывым выкананні, а АНТ зладзіла фотасесію з удзельніцамі конкурса «Міс Беларусь». Быў тут стэнд і аднаго партыйнага выдання — сваю газету «Камуніст Беларусі» прадставіла праўладная КПБ. Незалежныя беларускія СМІ на выставе прадстаўлены не былі.
На фоне «СМІ ў Беларусі» выстава «Tibo» выглядала куды больш багата — вядучыя гульцы тэлекамунікацыйнага рынку Беларусі прадставілі на сваіх буйных стэндах шэраг новых тэхналогій і тэхнічных рашэнняў.
Свае стэнды мелі і лідзіруючыя аператары мабільнай сувязі Беларусі — МТС і Velcom. І калі Velcom фактычна абмежаваліся прадстаўленнем мабільных ад Samsung і новай паслугі «Дзіцячы інтэрнэт», то МТС прадставілі шэраг перспектыўных тэхналогій. Перш за ўсё, МТС больш падрабязна расказалі аб сваіх планах выхаду на рынак фіксаванага інтэрнэт-доступа. Маючы разгалінаваную сетку хуткіх каналаў сувязі, МТС плануе падводзіць да дамоў оптавалакновыя лініі, а потым падлучаць карыстальнікаў да Інтэрнэту праз звычайную лакальную сетку. Такім чынам, хуткасць доступу да Інтэрнэту можа дасягаць 1 Гбc, што значна перавышае хуткасць мабільнага інтэрнэту і многіх дротавых тэхналогій.
Сумнай сенсацыяй сталася прэзентацыя трох мадэляў першых айчынных планшэтаў пад маркай HORIZONT. Як высветлілася, планшэты зусім не беларускія — па сутнасці, вядомыя кітайскія мадэлі былі выраблены пад беларускай маркай, а айчынныя замоўцы нават не змянілі маркіроўку мадэляў — аналагічныя прылады пад кітайскімі брэндамі вельмі лёгка знайсці ў Інтэрнэце.
Фота аўтара