Толькі бізнес. Як брэнд, што стаў знакамітым на хвалі пратэсту, падманвае пакупнікоў
Брэнд 10motifs вядомы ці не кожнай беларускай модніцы. Ён стаў знакамітым падчас беларускіх пратэстаў — у жніўні 2020 дызайнерка Аляксандра Жук даравала белыя цішоткі з чырвоным сэрцам тым, хто данаціў грошы фонду дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Былы саўладальнік брэнду распавёў падрабязнасці пра тое, як брэнд 10motifs падманваў сваіх прыхільнікаў.
У жніўні 2020 года брэнд 10motifs ініцыяваў цудоўную акцыю — каб атрымаць белую цішотку з вышытым на ёй чырвоным сэрцам і допісам «Разам», трэба было залічыць яе кошт на рахунак фонда, што дамапагае пацярпелым ад рэпрэсій беларусам. Цішоткі сталі неймаверна папулярнымі, і даволі хутка дызайнерка закрыла магчымасць продажу цішотак праз данаты, распачаўшы наўпроставы продаж. А чырвоныя сэрцы на белым фоне, як элегантны знак салідарнасці з беларускім нацыянальным і незалежніцкім рухам, стаў візітнай карткай 10motifs. Пазней у продажы з’явіліся бел-чырвоныя джэмперы, шкарпэткі, торбачкі, купальнікі… і гэтак далей.
Каб цікаўнасць да цішотак не зніжалася, дызайнерка даруе іх беларускім знакамітасцям — напрыклад, Святлане Ціханоўскай, Сашу Філіпенку, Мікіту Мелказёраву, Дзянісу Дудзінскаму. Летась у знакамітай цішотцы пасля выканання песні па-ўкраінску затрымалі спявачку Мэрыем Герасіменка — тады на дызайн нават звярнуў увагу прапагандыст Азаронак.
Уладальнікамі брэнда да нядаўніх часоў была пара — Аляксандра Жук і Павел Філіповіч. У снежні 2022 года пара вырашыла разысціся. Павел сцвярджае, што быў шакаваны, калі даведаўся пра факты падману пакупнікоў брэнду, а спадарыня Аляксандра, у сваю чаргу, выставіла Паўлу абвінавачанні ў пераследзе і хатнім гвалце. Але, як паведамляе Павел, літоўская паліцыя (Аляксандра і Павел зараз жывуць у Літве), правяла праверку па заявах жанчыны і не знайшла складу злачынстваў.
Дык як жа ствараецца вопратка, якую так палюбілі беларускія прыгажуні?
Так, напрыклад, пальчаткі H&M, якія каштуюць 5.99 фунтаў у арыгінальнай краме, прайшоўшы праз рукі беларускай дызайнеркі, каштавалі ўжо 55 еўра. У 9 разоў даражэй.
Белую пухнатую торбачку ўсё таго ж H&M (19.99 долараў) 10 motifs пазіцыянуе як «футравы бестсэлер з лімітаванай калекцыі» і прадае за 120 еўра.
«На самай справе мы з адной дзяўчынкай падчас «пухнатых» торбачак зразумелі, што такія ж прадаюцца ў H&M. Але ў нас абедзвюх былі гэтыя вырабы (брэнду 10 motifs — заўв. рэд.) і мы проста вырашылі думаць, што гэта не тое ж самае», — каментуе адна з прыхільніц брэнду. Сапраўды, не так проста паверыць у настолькі відавочны падман.
Купальнік з H&M каштуе 17.99 долараў. Але з фірмовым чырвоным сэрцам 10 motifs — ужо 95 еўра.
Тое ж тычыцца і яшчэ аднаго бестселера брэнду — белага джэмпера. «Іх было прададзена вельмі шмат», — кажа Павел Філіповіч. Кошт у H&M — 12 долараў. Але ў 10 motifs прыйдзецца аддаць 130 еўра.
Дык магчыма, унікальны дызайнерскі падыход і сапраўды таго варты? Але і тут прыхільнікаў 10 motifs чакае расчараванне. Як сцвярджае былы саўладальнік брэнда Павел, Аляксандра Жук «натхнілася» дызайнам моднага брэнду Ami Paris. Дарэчы, спадарыня Жук марыць пра адкрыццё крамы 10 motifs у французскай сталіцы. Цікава, ці заўважаць парыжскія модніцы розніцу паміж Reserved і ўнікальным беларускім брэндам?
Злева на фота — швэдар Ami Paris. Справа — 10motifs.
Але, як заяўляе Павел, не толькі сусветна вядомы мас-маркет так прыдаўся дызайнерцы ў працы. У ход пайшоў і беларускі трыкатаж «Алеся». Варта толькі прышыць на рэчы «Алесі» больш прыстойныя гузікі — et voilà!, як кажуць у Парыжы. Можна прадаць у 10 разоў даражэй.
Павел Філіповіч сцвярджае, што даведаўся пра факт выкарыстання ў вытворчасці рэчаў з мас-маркету толькі напрыканцы снежня 2022, бо ў кампаніі былі жорстка падзеленыя абавязкі — Аляксандра займалася ўласна вытворчасцю рэчаў, у той час як Павел адказваў за камунікацыю з пакупнікамі, лагістыку брэнду, дастаўкі.
— Часам мы з Сашай сапраўды куплялі некалькі аднолькавых мадэляў у H&M, але яна тлумачыла гэта тым, што рэчы патрэбныя для творчых эксперыментаў, — кажа Павел.
Пра тое, што 10motifs прадае вопратку іншых брэндаў, у снежні Паўлу паведамілі іх з Аляксандрай агульныя знаёмыя.
— Мне назвалі шэраг крамаў — Reserved, New Yorker, Zara, H&M. Я прайшоўся па іх і сапраўды ўбачыў там рэчы, якія 10motifs выдае за свае. А потым я звярнуўся да дакументаў, якія былі адпраўленыя па электроннай пошце бухгалтару, і ўбачыў там накладныя ад крамаў, пералічаных вышэй. Паказаць гэтыя дакументы я не магу, таму што гэта ўнутраная дакументацыя кампаніі, не маю права яе апублічваць.
Даведаўшыся пра падман, мужчына прапанаваў Аляксандры вырашыць пытанне мірна.
— Я прапанаваў ёй прыбраць увесь «левы» тавар.
Але Сашы такі варыянт не падышоў, тады я папярэдзіў яе, што факт падману мной будзе апублічаны.
Сам я прынцыпова быў не гатовы займацца падманам людзей, з якімі мы падзяляем аднолькавыя каштоўнасці. Беларусы заўжды імкнуцца нешта набыць у беларусаў, падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. У выніку чалавек падтрымлівае 10motifs, а яго падманваюць.
Тады чалавек, які гэтую рэч набывае, ведае, што набывае ён H&M, а плаціць даражэй менавіта за кастамізацыю, то-бок за дызайнерскую ідэю.
Акрамя маральнага матыву апублічыць гэтую гісторыю ў мужчыны быў і матыў матэрыяльны.
— Я разумеў, што калі прадстаўнікі брэндаў, якія выкарыстоўвае Аляксандра, даведаюцца пра ўсё гэта, іх юрысты пададуць судовыя позвы, і тады мы проста не расплацімся. Я не гатовы ўсё жыццё аплочваць матэрыяльныя позвы за гэтую памылку, — кажа былы саўладальнік брэнду.
Пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне дызайнерка, вядома, запусціла антываенную калекцыю. «10 адсоткаў ад продажаў мы будзем дасылаць на дапамогу Украіне», — піша Аляксандра ў афіцыйным акаўнце 10 motifs. Кошт антываенных шкарпэтак складае €40, такім чынам на падтрымку Украіны ад гэтай сумы пойдзе €4. «Маленькай дапамогі не бывае», — адзначае Аляксандра, складана з ёй не пагадзіцца. А вось антываенны джэмпер ад 10 motifs каштуе €120. Адпаведна, €12 з іх дапамогуць украінцам у змаганні з расійскай агрэсіяй.
Шоўрумы 10motifs працуюць у Мінску і ў Вільні. Мінскі шоўрум дагэтуль працуе ў будынку так званага «Галоўнага гаспадарчага кіравання» Кіравання справамі прэзідэнта РБ. Звяртаючы на гэта ўвагу, былы саўладальнік брэнда заклікае пакупнікоў паклапаціцца пра сваю бяспеку.
Мікіта Мелказёраў у цішотцы 10motifs