У Беларусі пакуль не збіраюцца ўводзіць ваеннае становішча

Паводле намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Рахманава, для ўвядзення ў краіне надзвычайнага або ваеннага становішча падстаў на гэты момант няма, перадае «Радыё Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Змены ў Закон "Аб надзвычайным, ваенным становішчы і Узброеных сілах" — гэта чарговы, паслядоўны крок у частцы ўдасканалення нашага нацыянальнага заканадаўства,адзначыў чыноўнік у эфіры тэлеканала АНТ. — Сутнасць гэтых крокаў — выпрацаваць механізмы, алгарытмы паводзінаў, каб заканадаўства было гатовае абараніць нашых грамадзян ад любых рызык, выклікаў і пагроз, адкуль бы яны ні ішлі».
Паводле слоў Аляксандра Рахманава, надзвычайнае і ваеннае становішча — гэта крайняя ступень рэакцыі на тую ці іншую надзвычайную сытуацыю. Аднак зараз такіх абставін няма і дзяржаўнымі органамі «прымаюцца захады, каб яны не надышлі».
«Дзяржавай робяцца захады, каб не дапусціць развіцця таго ці іншага негатыўнага працэсу або з'явы ў грамадстве, на нейкім аб’екце або сярод групы людзей да таго моманту, калі яны стануць падставай для ўвядзення надзвычайнага або ваеннага становішча. Адштурхоўваючыся ад рэалій, паводле працэдуры прадугледжана ўнясенне ўказа прэзідэнта аб аб’яўленні рэжыму надзвычайнага становішча. Там будуць прапісаныя толькі тыя абмежавальныя меры, якія рэальна дазволяць справіцца з негатыўнай сітуацыяй і аднавіць мір і парадак у грамадстве».
15 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў у пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Сярод іншага, канкрэтызуецца, што да беспарадкаў адносяцца спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, узброены мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты і г. д.
Пералік надзвычайных мер і часовых абмежаванняў дапаўняецца прыпыненнем выпуску і распаўсюду прадукцыі СМІ (у тым ліку замежных), усталяваннем асаблівага парадку акрэдытацыі журналістаў, абмежаваннем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў. Адзначаецца, што дадаткі распрацаваныя «з улікам практыкі рэагавання на беспарадкі ў 2020 годзе».
Да вырашэння ўнутраных канфліктаў узаконенае прыцягненне арміі.