У Беларусі распачаўся бязвізавы рэжым для замежнікаў з 80 краін
Сёння, 12 лютага, у Беларусі зарабіў бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць толькі тыя, хто прыляціць у аэрапорт «Мінск» на міжнародным рэйсе.
Бязвізавы рэжым распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, а таксама ЗША, Канаду, Інданэзію, Японію, Індыю і іншыя дзяржавы. На працягу года турысты могуць прыязджаць у Беларусь без візы на пяць дзён неабмежаваную колькасць разоў.
Важная асаблівасць бязвізавага рэжыму — трэба прыляцець і вылецець з мінскага аэрапорта. Аднак нельга прыляцець або паляцець на ўнутраным рэйсе, якім лічыцца рэйс у Расію. На аўтамабілі і цягніку бязвізавым турыстам перасякаць беларуска-расійскую мяжу забаронена.
Пры ўездзе ў Беларусь ў турыста павінен быць пашпарт. Заехаць толькі па ID-карце, з якой грамадзяне ЕС падарожнічаюць па Еўропе, не атрымаецца.
Пры гэтым у грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа у пашпарце павінна быць дзеючая шматразовая шэнгенская віза з адзнакай аб ўездзе на тэрыторыю шэнгена. Акрамя гэтага — авіябілет з пацвярджэннем вылету з Мінска на працягу пяці дзён.
Таксама замежнікам трэба мець пры сабе медыцынскую страхоўку на суму не менш за 10 тысяч еўра, якая пакрывае выдаткі ў тым ліку і ў Беларусі. Яе можна аформіць у аэрапорце.
Не варта забываць пра грошы: у замежніка павінна быць наяўнымі не менш за дзве базавыя велічыні (каля 22 еўра) на дзень. Сума можа быць у валюце або беларускіх рублях.
Калі чалавек быў у спісе неўязных у Беларусь, яго не пусцяць, нягледзячы на адмену віз.
Калі іншаземец на працягу пяці дзён патрапіць у лякарню і яму прыйдзецца з'ехаць з краіны пазней, ніякія санкцыі прымяняцца не будуць. Аднак трэба будзе звярнуцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі і аформіць выязную візу. Калі турыст застанецца больш чым на пяць дзён наўмысна, то можа атрымаць папярэджанне або штраф да 50 базавых велічынь (да 1150 рублёў або 550 еўра) з дэпартацыяй або без яе.
Рэгістравацца бязвізавым турыстам, якія прыляцелі на пяць дзён, у аддзелах па грамадзянстве і міграцыі не патрэбна.
Раней у інтэрв'ю TUT.BY намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Кравец заўважыў, што бязвізавы рэжым павінен у асноўным зацікавіць гасцей з суседніх краін Балтыі, Польшчы, Германіі і Вялікабрытаніі.
— У мяне ёсць глыбокае перакананне, што да нас у тым ліку паедуць турысты з тых краін, дзе ёсць сур'ёзныя беларускія дыяспары: Злучаныя Штаты Амерыкі, Канады і Аргенціны. Дзякуючы актыўнай працы амбасадара і нашых тураператараў да нас ужо прыязджаюць турысты з Японіі. А з бязвізавым рэжымам напрамак будзе развівацца яшчэ лепш, — сказаў ён.
Нагадаем, у 2016 годзе Беларусь дазволіла замежнікам без візы наведваць Аўгустоўскі канал, Гродна і Гродзенскі раён, у 2015 годзе — Белавежскую пушчу.
Раней гадавая беларуская віза абыходзілася еўрапейцам ў 150 еўра. З 2017 года яе кошт знізілі да 60 еўра. Пры выдачы групавой візы — 10 еўра з чалавека.
Па апошняй статыстыцы за 2015 год Беларусь наведала каля 300 тысяч арганізаваных турыстаў. Замежнікаў, якія прыязджаюць самі, беларуская турыстычная статыстыка пакуль не ўлічвае.
Паводле tut.by