У Беларусі толькі 66% ВІЧ-пазытыўных зняволеных атрымліваюць тэрапію

У Беларусі не ўсе зняволеныя з ВІЧ-інфекцыяй атрымліваюць адпаведнае лячэнне, заявіў галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко 15 сакавіка на рэспубліканскім семінары на тэму лячэння ВІЧ на форуме «Ахова здароўя Беларусі», піша Радыё Свабода.

vich.jpg


Скрыпко паведаміў, што лячэнне ВІЧ у сістэме выканання пакаранняў МУС атрымліваюць 1167 чалавек з 1760 ВІЧ-інфікаваных. Гэта 66,3% ад колькасці хворых. У цэлым па краіне каля 74% ВІЧ-інфікаваных атрымліваюць лячэнне.
Разам з тым, доля асобаў, якія атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію ў турмах, павялічылася за апошнія 12 гадоў у некалькі разоў. Для параўнання: у Беларусі ў 2006 годзе ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1098 хворых на ВІЧ, з якіх лячэнне атрымлівалі толькі 60 чалавек.
Скрыпко адзначыў, што прэпараты для правядзення антырэтравіруснай тэрапіі ў месцах пазбаўлення волі ёсць. Аднак зняволеныя адмаўляюцца лячыцца. Сярод іх ёсць перакананне, што, не праходзячы лячэнне, яны атрымаюць прэферэнцыі. Напрыклад, сказаў доктар, такія зняволеныя разлічваюць, што іх пакладуць у шпіталь, дзе яны атрымаюць лепшае харчаванне. Нехта ў сувязі з дыягназам ВІЧ спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.
Радыё Свабода