У Гомелі маліліся на месцы сталінскіх расстрэлаў

У Гомелі прайшла малітва ля крыжа, пастаўленага ў 90-х гадах з ініцыятывы католікаў і тагачасных улад на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паведамляе «Свабода».

Архіўнае фота

Архіўнае фота

Крыж стаіць на 9 кіламетры шашы Гомель — Чарнігаў. Паводле сведчанняў гісторыкаў і мясцовых жыхароў, у некалькіх месцах абапал шашы супрацоўнікі НКУС масава расстрэльвалі людзей.
2 лістапада каля крыжа традыцыйна моляцца католікі. «Важна захоўваць памяць пра тыя падзеі. Яшчэ не ўсё зразумела і высветлена, але гісторыя ўсё паставіць на свае месцы. Нам, хрысціянам, варта маліцца і за ахвяр, і за тых, хто іх забіў», — прамовіў ксёндз Юры Варонка.
У набажэнстве таксама бралі ўдзел біскуп Казімір Вялікаселец і адзіны ў Беларусі святар з Афрыкі айцец Майкл.
Таксама на месцы расстрэлаў запалілі знічы тыя, хто страціў сваіх блізкіх у 1937 годзе. «У 1937 годзе забілі майго дзеда за тое, што ён быў католік — значыць, „польскі шпіён“. Мама казала яму, што трэба хавацца, а ён казаў ёй і іншым дзецям, іх было чацвёра: „Дзеткі, не бойцеся, мяне не забяруць“. Але забралі і расстралялі. Абвінавацілі, што мае сувязь з палякамі, дый брат у яго ў ЗША», — расказала каля крыжа жыхарка Гомеля Галіна Шчарбакова.​
Сёлета ў лесе ля Чарнігаўскай шашы 52-гі пошукавы батальён Міністэрства абароны пачаў раскопкі масавых пахаванняў. Па дзяржаўным тэлебачанні выступілі прадстаўнікі гомельскай пракуратуры, якія сцвярджаюць, што расстрэльвалі тут нацысты. У 1995 годзе тут ужо былі раскопкі, па выніках якіх археолагі прыйшлі да высновы, што ў гэтым месцы закапаныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій.