«Пакеты з трупамі ляжалі на падлозе і сталах». Як хаваюць памерлых ад COVID-19
«Свабода» сабрала некалькі сведчанняў людзей, якія сутыкнуліся з сітуацыяй наўпрост.
Пад канец кастрычніка адна з жыхарак Гомеля пахавала маці,
якая памерла ад наступстваў каронавірусу. Яна заўважыла ў сваім допісе, што не варта верыць афіцыйнай статыстыцы памерлых. Па яе назіраннях, да моргаў стаяць
чэргі з аўтамабіляў рытуальных бюро, а труну асобна не купіць — толькі з поўным
комплексам паслуг.
«Маці памерла вечарам у шпіталі. У гэты ж вечар мы
звязаліся з рытуальным бюро, каб дамовіцца на заўтра на пахаванне. Там
адказалі, што не факт, што атрымаецца заўтра пахаваць. Гледзячы ў які час
аддадуць цела, бо моргі перапоўненыя. Калі днём — то вечарам хаваць не будзем,
— так нам сказалі», — расказала жыхарка Гомеля.
Калі яна прыйшла ў морг шпіталя, то ўбачыла, што «пакеты з
трупамі ляжалі на падлозе і сталах».
«Страшна глядзець... Не ведаю, можа, у іх практыка такая —
складаць вось так проста. У моргу сказалі, што цела аддадуць у 13.00. Да нас
была машына з рытуальнага бюро па нябожчыка. І пасля нас. Прыкладна раз на
трыццаць хвілін з моргу рытуальнае бюро забірала нябожчыка», — дадала жанчына.
Маці яна пахавала не ў Гомелі, а на яе радзіме ў правінцыі.
Таму не ведае, якая абстаноўка на гомельскіх могілках.
Пра сітуацыю ў Гомелі журналісты запыталіся ў кіраўніка аднаго з
рытуальных бюро, які пагадзіўся пагаварыць на ўмовах ананімнасці. Ён
пацвердзіў, што пахаванняў у горадзе цяпер адбываецца больш, чым звычайна. І
ля моргаў часам сапраўды ўтвараюцца чэргі з катафалкаў.
«Сітуацыя, якую вы апісалі, назіраецца ў нашым горадзе на
працягу апошніх трох тыдняў. Падобная сітуацыя была і ўвосень мінулага году.
Адзінае, што экскаватары працуюць толькі на новых участках Стукачоўскіх
могілак. Спадзяёмся, што, як і летась, сітуацыя нармалізуецца да канца
лістапада», — патлумачыў кіраўнік бюро.
Супрацоўніца дзяржаўнага бюро рытуальных паслуг у Гомелі
зазначыла, што «сітуацыя, калі нельга купіць асобна толькі труну, склалася ў
прыватных рытуальных бюро. У нас можна купіць асобна труну ці вянок — каму што
трэба».
У Гомелі рытуальныя паслугі аказваюць каля 30 прыватных бюро. Афіцыйная статыстыка памерлых ад каронавірусу асобна для горада і вобласці не публікуецца.