Аповед затрыманага: Хто не меў падпісак на «дэструктыўныя чаты» — таго ГУБАЗіК сам падпісваў

Некалькі дзён у Гомельскай вобласці «працаваў» ГУБАЗіК. Вынікам сталі брутальныя затрыманні дзясяткаў беларусаў за падпіскі на «дэструктыўныя чаты». За што хапалі людзей, як з імі абыходзіліся і ці сапраўды яны «экстрэмісты» — у размове «Свабоды» з адным з затрыманых.

27a2f13c_cfe2_4f1c_9a32_ac4d6dfe9857_cx2_cy0_cw95_w1023_r1_s.jpg

«Схапілі на працы, нагамі заштурхалі ў аўто»

25-гадовы Аляксандр летась скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога. Уладкаваўся на працу ў «Гомельэнерга». 25 кастрычніка быў панядзелак, працоўны дзень.

«Я ўжо лічыў дні да пераводу на іншую працу, аператарам, такая „беларуская мара“. Бо там добра плацяць. 25 кастрычніка да мяне на працу прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК у цывільным. Падхапілі пад рукі і пацягнулі. Папярэдзілі: „Зараз убачыш людзей у чорным — не глядзі ім у вочы, а то табе будзе капец“. Убачыў. Насустрач выбеглі тыя самыя „людзі ў чорным“ у масках, і на мяне пасыпаліся ўдары. Потым нагамі яны заштурхалі мяне ў аўто. Пачалі выпытваць пароль ад тэлефона, выкручвалі рукі так, што і цяпер да некаторых пальцаў не вярнулася адчувальнасць. Білі, крычалі, здзекаваліся. Было відаць, што ім падабаецца прычыняць боль, яны, так бы мовіць, любяць сваю працу», — кажа Аляксандр.

У ягоным Тэлеграме міліцыя знайшла падпіску на Zerkalo — былы партал T*t.by, прызнаны экстрэмісцкім.

«Міліцыянты пачалі мне прыпісваць нейкі каментар, нібыта я пісаў, што трэба захопліваць апорныя пункты міліцыі, забіраць там зброю. Трызненне. Сказалі, калі я не здам сваіх сяброў — „змагароў“, то пайду па крымінальным артыкуле. Тым часам прыехалі да мяне дадому на вобшук. Там была жонка. У яе забралі тэлефон і знайшлі падпіску на „НЕХТА“. Яна даўно падпісалася і забылася, нават не чытала. Бо яна ні ў чым не ўдзельнічала. Яны абрадаваліся: „О, наш кліент!“. На вобшуку забралі лэптоп, бо на ім была маленькая налепка з Пагоняй», — кажа жыхар Гомля. 

«Патрабавалі раскаяцца на відэа, але я адмовіўся»

Ад Аляксандра патрабавалі пасля вобшуку падпісаць дакументы, але ён адмовіўся.

«Тады яны сказалі, што як не хачу па-добраму, то будзе па-дрэннаму. Павялі зноў у аўто, там білі, круцілі рукі, пагражалі, што блага зробяць маёй жонцы. Яны ўсё задавалі дзіўныя пытанні, крыкам: „Колькі табе заплацілі, хто, прызнавайся“, хоць не тлумачылі — за што заплацілі, і адказаў, відаць, не чакалі», — кажа малады чалавек.

Яго, як і жонку, і іншых затрыманых, прывезлі ў Чыгуначны РАУС Гомеля. Там паставілі на расцяжку і забаранялі шавяліцца. Калі шавяліўся — білі. Затым Аляксандра «перадалі» супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС.

«У тых ужо работа кіпела ва ўсю, над экстрэмістамі. Мне да гэтага супрацоўнікі ГУБАЗіК прапанавалі пакаяцца на камеру, але я адмовіўся. Тады адзін з іх падскочыў да мяне з бруднай лаянкай: „Ох ты ж сука, бл...ць!“. Па выніку я сказаў на камеру толькі свае дадзеныя і дзе я працую. Але яны, калі выпусцілі відэа, на ім паказалі чужую, не нашу кватэру. Яшчэ такі момант, што яны самі падпісалі мяне на тэлеграм „ГУБОП“, і ў міліцыі аказалася, што на гэты канал яны ўсіх падпісваюць, каго затрымаюць. Вось так падпісчыкаў сабе набіраюць. У аддзеле міліцыі доўга ламалі галаву — каму што напісаць. Па выніку пісалі „распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў“. Тым, хто не адразу, скажам, разблякаваў тэлефон — яшчэ і непадпарадкаванне», — кажа Аляксандр.

У Чыгуначным РАУС Аляксандр сустрэў шмат людзей, якія таксама трапілі пад «спецаперацыю ГУБАЗіК». «Са мной у аддзеле апынуліся дызайнер, праграміст, інжынер-будаўнік, студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэту. Палова з затрыманых наогул не мела ніякіх падпісак, але вынаходлівыя хлопцы з ГУБАЗіК з лёгкасцю гэта выпраўлялі. Падпісалі самі чалавека, ад яго імя перасылалі нейкія матэрыялы, рабілі здымак экрану — і гатова. Прычым, скажам, чалавек у 9.28 падпісаўся на нейкі канал, а ў 9.30 ужо быў затрыманы міліцыяй. Небывалая аператыўнасць!» — кажа жыхар Гомеля.

«Можа, ты ідэолагу не падабаешся, дык ён цябе здасць»

Аляксандр не зразумеў сістэмы ці логікі, па якой затрымлівалі людзей.

«Са мной быў чалавек, ён не меў падпісак, але яго „прынялі“. Ён думаў усё — за што? Можа, толькі за тое, што ён нядаўна прыехаў з Польшчы. Пра сябе я таксама не зразумеў. Адзінае, што летась я яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце, і там была спроба зладзіць акцыю. Мы проста выйшлі і стаялі каля ВНУ. Праўда, потым мяне цягалі ў дэканат, дапытваў КДБ, выклікалі ў міліцыю. Хутчэй за ўсё, бралі людзей, якія хоць недзе „засвяціліся“. Ці, напрыклад, ты не падабаешся ідэолагу на прадпрыемстве. Ён на цябе пакажа як на нядобранадзейнага — і ўсё. Я думаю, у іх ёсць пэўная база нелаяльных», — мяркуе жыхар Гомеля.

З міліцыі затрыманых павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. У аўто было вельмі душна, не хапала паветра. Кіроўцу прасілі прачыніць дзверы.

«Але ён адказаў: „Тут усюды камеры, і мяне могуць пазбавіць прэміі праз вас, і мая жонка не атрымае грошы“. А, ну добра, раз так. То пацерпім, канечне. У самім ІЧУ нас распраналі, там было вельмі холадна, яшчэ і падганялі: „Хутчэй, змагар’ё!“. Ежы не давалі тыя двое сутак, пакуль мы там былі. Ну, і матрацаў і бялізны, зразумела, таксама не давалі. У ізалятары я сустрэў „палітычных“, якія адседзелі ўжо там па 30 сутак, і на іх пасля распачалі крымінальныя справы», — дадаў Аляксандр.

«Паложана — дык жары!»

Затрыманыя спадзяваліся хоць на якое сняданне, але ім не далі ранкам ежы.

«Сказалі: „Не паложана!“. Калі адзін мой таварыш сказаў, што „паложана“, то канвойны адказаў: „Паложана — дык жары!“.

Калі нас павезлі нарэшце ў суд, то нас было 12 чалавек. Аднаму было вельмі блага — у яго выдаленая падстраўнікавая залоза, а ён не еў двое сутак. Калі мы пачалі скардзіцца, то канвойныя толькі адпускалі цынічныя жарты, кшталту: „Ну што, дзед, яшчэ не памёр?“. Па выніку са скандалам яго забрала з суду хуткая, ён ужо траціў прытомнасць.

Першыя выходзілі з так званага суду з „суткамі“. Каму давалі 7, каму 15. Але на мне сістэма нешта зламалася. Я пачаў даказваць суддзі, што пратакол складзены непраўдзіва, што я ні ў чым не вінаваты. Што ў пратаколе напісана, што мяне затрымалі дома, але на мне рабочая вопратка „Гомельэнерга“. Па выніку мяне адпусцілі і сказалі чакаць позвы ў суд. Адпусцілі і жонку», — расказаў Аляксандр.

«У Беларусі толькі міліцыя добра працуе, але яны ж не вытворчасць тавараў ці паслуг»

Родныя параілі Аляксандру і ягонай жонцы з’язджаць. Яны паехалі ў Маскву, адтуль у Кіеў, і далей ва Уроцлаў.

«Я не думаю, што бліжэйшым часам нешта зменіцца ў Беларусі. Можа, частка людзей, як іх называюць — „памяркоўныя“, заслугоўваюць такога кіраўніцтва краіны. Актыўных — ці пасадзілі, ці прымусілі з’ехаць з краіны. І гэта людзі, якія маглі нешта зрабіць для эканомікі! Па выніку цяпер у Беларусі добра працуе толькі міліцыя. Але ж яны — не вытворчасць тавараў ці паслуг, толькі катаванне і беззаконне», — дадаў Аляксандр.