У Індэксе лічбавай свабоды Беларусь на 7 месцы. З канца
У Індэксе лічбавай свабоды (Digital Freedom Index) Беларусь аказалася ў апошняй дзясятцы краін, размясціўшыся паміж М'янмай і Турцыяй.
Пры складанні індэкса яго аўтары – каманда сэрвісу ProtonVPN – выкарыстоўвала агульнадаступныя даныя арганізацый «Рэпарцёры без межаў» і Freedom House. ProtonVPN прааналізаваў, у якіх краінах больш свабоды інтэрнэт-СМІ, а ў якіх накладаюць значныя абмежаванні на выкарыстанне інтэрнэта. Пры гэтым аўтары рэйтынгу дадаткова вывучылі, наколькі вольныя людзі ў плане доступу да сетак, вэб-сайтаў і анлайн-інструментаў, такіх як VPN і сацсеткі.
У ходзе даследавання былі прааналізаваны сем катэгорый:
— свабода СМІ;— перашкоды для доступу (obstacles to access);— абмежаванні кантэнту;— парушэнне правоў карыстальніка;— легальнасць парнаграфіі;— легальнасць VPN;— легальнасць сацыяльных сетак.
Высветлілася, што найбольшы ўзровень лічбавай свабоды ў такіх еўрапейскіх дзяржаў, як Швецыя, Партугалія і Швейцарыя, якія занялі першыя тры месцы. У пяцёрку лідараў таксама ўвайшлі Ісландыя і Эстонія. Цікава, што такія буйныя дэмакратычныя краіны як Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Аўстралія і ЗША занялі ў індэксе толькі месцы з 10 па 15.
У той жа час Кітай, Куба і Расія занялі ніжнія радкі індэкса, прычым ва ўсіх трох краінах дзейнічаюць жорсткія правілы і абмежаванні ў адносінах да СМІ, VPN і сацыяльных сетак. Крыху лепш справы са свабодай інтэрнэту ідуць у В'етнаме, ААЭ і М'янме. Беларусь заняла ў рэйтынгу 7 месца з канца.
Як гаворыцца ў даследаванні: «У 2016 годзе (насамрэч у 2015 годзе — заўв. Thinktanks.by) Беларусь прыняла рашэнне забараніць не толькі VPN, але і ўсе інтэрнэт-ананімайзеры, уключаючы проксі і Tor. З таго часу свабода інтэрнэту ў краіне знізілася».
У рэйтынгу сказана, што менш за 60% краін, разгледжаных у Digital Freedom Index, маюць "поўную" свабоду сацыяльных сетак. Пры гэтым з 70 краін, абраных для даследавання, толькі ў трох у цяперашні час дзейнічае поўная забарона на сацыяльныя сеткі. Гэта Кітай, М'янма і Куба. У Кітаі, напрыклад, урад абмяжоўвае доступ да значнай часткі інтэрнэту і ўважліва сочыць за анлайн-актыўнасцю сваіх грамадзян. Ён таксама гатовы прызначаць суровыя турэмныя тэрміны любому, хто парушае закон ці атрымлівае доступ да заблакаванага кантэнту. Лічбавы доступ у гэтых краінах абмежаваны мацней, чым у большасці краін свету.