У Мінску пачалі судзіць палітвязня Цімура Газізава — актывіста «Сумленных людзей»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачалі разглядаць справу палітвязня Цімура Газізава — актывіста ініцыятывы «Сумленныя людзі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Цімур Газізаў

Цімур Газізаў


У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачалі разглядаць справу палітвязня Цімура Газізава — актывіста ініцыятывы «Сумленныя людзі». Яго затрымалі 16 чэрвеня на праглядзе анлайн-прэм'еры спектакля «Белы трус, чырвоны трус» і абвінавацілі паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Сяргей Кацар.

У чым абвінавачваюць?


Паводле абвінавачання, на масавым мерапрыемстве 4 кастрычніка 2020 года Цімур Газізаў вёў дэструктыўную дзейнасць: наўмысна перашкаджаў працы транспарта, блакаваў дарогу, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Ён дзейнічаў сумесна і ўзгоднена з групай асоб на праспекце Дзяржынскага з 16.40 да 18.40.
Доказамі па справе прынятыя пісьмовыя матэрыялы, сярод якіх — пратакол агляду мабільнага тэлефона, дзе ўтрымліваліся відэазапісы — у тым ліку з каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Таксама прагучала інфармацыя, што Цімур быў падпісаны на разнастайныя «дэструктыўныя тэлеграм-каналы».
Вядома, што тэлефон Цімура Газізава праслухоўваўся.

Што гаворыць палітвязень?


Цімур не прызнае віну і ўпэўнены, што не здзяйсняў злачынства.
Падчас судовага пасяджэння ён распавёў, што 4 кастрычніка днём на аўтамабілі свайго бацькі ён скончыў свае справы а 16-й гадзіне і заехаў у кавярню ў гандлёвым цэнтры. Калі вярнуўся да аўтамабіля, убачыў, што па праспекце рушыць калона: ён ведаў, што людзі будуць збірацца непадалёк ад стэлы, але не ведаў, куды яны пойдуць далей. Цімур не планаваў удзельнічаць у мерапрыемстве. Наогул ён падумаў, што гэта нейкае святочнае шэсце: яго парадавала, што ідуць пазітыўныя людзі, апранутыя ў яркія касцюмы.
«Я бачыў людзей з БЧБ-сцягамі, але я ведаю, што гэта наш, беларускі, не забаронены сцяг, — сказаў Цімур. — Адзінае, што я зрабіў, — падышоў і зрабіў фотаздымак. Для гэтага я быў вымушаны выйсці на дарогу, бо ўсё было занятае. Я стаяў на раздзяляльнай лініі — так, я парушыў правілы дарожнага руху. Гэта была звычайная чалавечая цікаўнасць».
Палітвязень убачыў, што дарога перакрытая, таму ён не змог з'ехаць на сваім аўтамабілі. Яго ўвагу прыцягнулі людзі, якія выглядалі цікава: яны ўсміхаліся і былі у касцюмах пандаў, таму ён захацеў іх сфатаграфаваць. Ён падкрэсліў, што не лічыць выхад на дарогу актыўным удзелам, таму што ў масе людзей ён апынуўся выпадкова. Праз гадзіну дарога вызвалілася і ён паехаў дадому на аўтамабілі.
Цімур дапусціў, што можа лічыцца ўдзельнікам шэсця, але не бачыць у сваіх дзеяннях крымінальнага правапарушэння. Ён распавёў, што не ўдзельнічаў у шэсцях, але здаралася, што бываў побач на машыне.