Малахоўскі: Я вольны, але мушу паведамляць у пракуратуру пры змене жыхарства

Макар Малахоўскі выйшаў на волю, але павінен паведамляць у пракуратуру, калі вырашыць змяніць месца жыхарства. Пра гэта хлопец распавёў у каментары «Еўрарадыё».

Макар Малахоўскі / facebook.com

Макар Малахоўскі / facebook.com


«Наколькі я зразумеў, на мяне ў Польшчы заведзена справа праз вышук у "Інтэрполе". Цяпер я вольны, мушу быць на сувязі, паведамляць у пракуратуру, калі вырашу змяніць места жыхарства.
Затрыманне было нечаканым. У 22:30 прыйшла паліцыя ў кватэру, дзе я жыву. Праверылі дакументы і арыштавалі. У пастарунку склалі пратакол затрымання. Папрасіў адваката і перакладчыка. Сказалі чакаць раніцы. Раніцай прыйшоў адвакат і перакладчык. Гутарылі з пракурорам», — распавёў хлопец.
Паводле слоў Малахоўскага, ён збіраецца застацца ў Польшчы, бо тут з разуменнем ставяцца да беларусаў. Ён паступіў ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага, адкрывае сваю фірму — займаецца візуалізацыяй памяшканняў.
У Беларусі на Малахоўскага пачалі крымінальную справу за «гвалт або пагрозу гвалту» ў дачыненні да сілавіка. Па гэтай справе Беларусь абвясціла хлопца ў вышук праз «Інтэрпол». У Польшчу ён трапіў у лістападзе 2020-га па гуманітарнай візе.