У Мінску штогод каля 4 тыс. чалавек захворваюць на інфаркт міякарду
Кожны год у сталіцы амаль 4 тыс. чалавек захворваюць на інфаркт міякарду, пры гэтым 60% з іх вельмі позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца. Пра гэта паведаміла кіраўнік Гарадскога кардыялагічнага цэнтра Раіса Чачко.
– Паказчык захворвання на інфаркт міякарду ў сталіцы складае 212 чалавек на 100 тыс. насельніцтва, —адзначыла Р. Чачко. Спецыяліст назвала асноўныя прыкметы інфаркту міякарда. Гэта моцная боль за грудзінай, якая можа распаўсюджвацца на левую руку, плячо, левую палову шыі, на міжлапаткавую прастору. Прыступ можа паўстаць у стане спакою, без бачных прычын. Таму ні ў якім выпадку яго нельга цярпець, а варта выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Да прыезду медыкаў варта пакласці хворага, прыпадняўшы яго галаву, расшпіліць вопратку, забяспечыць прыток свежага паветра. Для памяншэння болю неабходна прыняць нітрагліцэрын (да трох таблетак з інтэрвалам 5-6 хвілін). Дадаткова можна разжаваць адну таблетку аспірыну, прыняць унутр 60 кропель карвалол або валакардзіну.
Разам з тым, паўнавартаснае і своечасовае лячэнне інфаркту міякарда магчыма толькі ў стацыянары. Інфаркт міякарду – гэта паражэнне сардэчнай мышцы, якое выклікана вострым парушэннем яе кровазабеспячэння з-за закаркавання адной з артэрый сэрца атэрасклератычнай бляшкай. Пры гэтым атакаваная частка мышцы адмірае – развіваецца некроз. Гібель клетак пачынаецца праз 20-40 хвілін з моманту спынення крывацёку.
Паводле «Радыё Рацыя»