У «Паедзем, паядзім» прыдумалі, як змагацца з фальшывымі замовамі столікаў
Каб перадухіліць фальшывыя замовы століку з боку пратэстоўцаў, «Паедзем, паядзім» бярэ з гасцей аванс.
Пытанне з паркоўкаю рэстарацыя абяцае вырашыць цягам некалькіх дзён.
Пра гэта адміністратарка рэстарацыі заявіла ў размове з «Белсатам».
«Мяркую, пытанне [паркоўкі] будзе вырашанае цягам пары дзён», – заявілі нам па тэлефоне.
Рэстарацыя «Паедзем, паядзім» на 51-м кіламетры мінскай кальцавой аўтадарогі павінная была адчыніцца спачатку 1-га, а потым – 5 чэрвеня. У аўторак пратэстоўцы не пускалі на тэрыторыю ўстановы аўтамабілі дастаўкі.
Згодна са словамі адміністрацыі, рэстарацыя ўжо працуе.
Учора ў сацыяльных сетках з’явіліся прапановы ў межах акцыі пратэсту супраць «рэстарацыі на костках» браніраваць у «Паедзем, паядзім» столік і не прыходзіць, а таксама замаўляць ежу з дастаўкаю на фіктыўныя імёны і адрасы.
Імаверна, рэстарацыя зразумела гэтую схему і перастрахоўваецца, просячы перадаплату. Падчас размовы з рэстарацыяй карэспандэнту «Белсату» не ўдалося замовіць столік ані на пятнаццаць чалавек, ані нават на дзве асобы: перадзамовы праз тэлефон рэстаран не прымае.
«Вы можаце прыехаць да нас асабіста, паглядзець на нашую атмасферу, зрабіць перадзамову, унесці аванс і пазней прыйсці да нас у госці», – заявілі ў рэстарацыі.
Паводле кіраўнічкі ўстановы, у рэстарацыі дастаткова месца, каб пераймацца тым, што не будзе свабоднага століка.
З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб’ект належыць кампаніі «БелРэстІнвест».
Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.