У Працоўны кодэкс унясуць паняцце «адзінокі бацька»

У Беларусі плануецца ўнесці ў Працоўны кодэкс паняцце "адзінокі бацька". А таксама збіраюцца прадаставіць бацьку або айчыму адпачынак па доглядзе дзіцяці — 14 неаплатных дзён, — бо такое права забяспечыць гендарную роўнасць.

summer_dad_son_t_font_b_shirt_b_font_font_b_family_b_font_matching_outfits.jpg


Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Маслоўская ў інтэрв'ю газеце "Рэспубліка".

Цяпер пад такую класіфікацыю падпадае маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе і выхоўвае непаўналетняе дзіця, звесткі пра бацьку якога ўнесены ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці са слоў маці.

Новае паняцце закране большую катэгорыю асоб — маці, бацьку, усынавіцеляў і ўдачарыцеляў, а яшчэ тых, чые муж ці жонка пазбаўлены бацькоўскіх правоў, прызнаны недзеяздольнымі, аб'яўлены памерлымі, прызнаны адсутнымі без вестак.

Яшчэ адна з плануемых новащвядзенняў — новая форма занятасці: дыстанцыйная работа з заключэннем працоўнага дагавора. Гэта выкананне працоўнай функцыі, вызначанай працоўным дагаворам, з выкарыстаннем камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій па-за месцам знаходжання наймальніка.

"Такая праца не прадугледжвае вызначэнне рабочага месца. Для наймальніка плюс у эканоміі грошай на яго стварэнне. Для работніка — у свабодным і гібкім графіку. Новы падыход дасць магчымасць прапісваць у правілах унутранага працоўнага распарадку "работу па-за офісам". Работнік зможа выконваць заданні і перасылаць іх наймальніку па электроннай пошце, не трацячы пры гэтым час на дарогу. Вельмі зручна для жанчын, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей, а таксама для людзей з абмежаванымі магчымасцямі", — растлумачыла Валянціна Маслоўская.

Новаўвядзенне датычыцца толькі той работы, якая можа выконвацца з выкарыстаннем ІТ-тэхналогій. Дыстанцыйная праца можа выкарыстоўвацца як у дробным бізнесе, так і на буйных дзяржпрадпрыемствах. Калі ў арганізацыі прыняты калектыўны дагавор, то яго палажэнні будуць таксама распаўсюджвацца на дыстанцыйных работнікаў. З усімі змяненнямі ў працоўных адносінах работнік будзе знаёміцца шляхам электронных сродкаў сувязі.

Таксама ў праект уключылі права наймальніка часова пераводзіць работніка на іншую работу на тэрмін да паўгода, але толькі са згоды самога работніка. "Прадугледжаны і варыянт пераводу да іншага наймальніка, — адзначыла Валянціна Маслоўская. — Пры часовым пераводзе працоўны дагавор, заключаны з работнікам не спыняецца, а новы не заключаецца. Перавод рэгулюецца загадамі. Усе сацыяльныя гарантыі забяспечвае наймальнік, з якім заключаны працоўны дагавор".

У перыяд работы ў іншага наймальніка работнік абавязаны падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, іншым дакументам, якія рэгламентуюць пытанні дысцыпліны працы іншага наймальніка, выконваць пісьмовыя і вусныя загады і распараджэнні іншага наймальніка. Той у сваю чаргу абавязаны забяспечыць работніку ўмовы працы. Такая форма занятасці дасць магчымасць у непрадбачаных сітуацыях хутка падабраць неабходных работнікаў. Напрыклад, у час уборачнай, калі адно сельгаспрадпрыемства дапамагае іншаму тэхнікай і рабочымі рукамі.

Яшчэ адна прапанова па ўнясенні змяненняў у Працоўны кодэкс — прадаставіць бацьку або айчыму водпуск па доглядзе дзіцяці. Такое права забяспечыць гендарную роўнасць. Неаплатны водпуск у колькасці 14 дзён прадастаўляецца на працягу паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Работадавец будзе абавязаны прадаставіць такі водпуск.

Прадугледжваецца таксама забяспечыць права працаваць у час працоўнага водпуску па сумяшчальніцтве поўны рабочы дзень. Цяпер гэта не больш як палова рабочага часу, гэта значыць, 4 гадзіны. Напрыклад, педагог, які працуе летам у дзіцячым лагеры, пасля ўнясення змяненняў зможа працаваць там поўны рабочы час. З сумяшчальнікам можна будзе заключаць тэрміновы дагавор.

 zviazda.by