Заснавальнік «Спеўнага сходу» сышоў з Белдзяржфілармоніі

Сяргей Доўгушаў лічыць, што кіраўніцтва ад яго проста пазбылася па ідэалагічных меркаваннях.



Сяргей Доўгушаў

Сяргей Доўгушаў

Лідар фолк-гурта “Vuraj”, аўтар ідэі і сузаснавальнік грамадска-культурнай ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў пасля васьмі гадоў працы пакінуў шэрагі выканаўцаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Музыка лічыць, што кіраўніцтва ад яго проста пазбылася па ідэалагічных меркаваннях, але ў філармоніі іншы пункт гледжання на гэты конт.

У лютым гэтага года Доўгушаў паехаў у Варшаву павышаць кваліфікацыю па праграме Gaude Polonia Міністэрства культуры Польшчы, стыпендыю на якую ён выйграў яшчэ ў мінулым годзе.

«У філармоніі мне спачатку казалі, маўляў, едзь вучыцца, усё нармальна, — распавёў музыка. — Потым мне сказалі пісаць заяву на адпачынак за свой кошт. Пасля сталі патрабаваць даслаць якую-небудзь паперу з Міністэрства культуры Польшчы. Я выслаў, але яе так ніхто і не бачыў, да дырэктара яна не дайшла».

«Мяне вельмі шмат разоў выклікалі да ідэолага. Ён мне казаў, што яму тэлефанавалі, паведамлялі, што мяне дзесьці бачылі «не ў той кампаніі». Былі і такія фразы, што я, маўляў, магу застацца без працы», — сказаў Доўгушаў.

Па словах музыкі, аналагічная размова з ідэолагам у яго адбылася напярэдадні дазволенага канцэрта да 100-гадовага юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, які прайшоў 25 сакавіка каля сталічнага Вялікага тэатра.

Пазней, калі ён вярнуўся ў Варшаву, яму патэлефанавалі з аддзела кадраў філармоніі і паставілі ў віну прагул двух дзён працы — 14 і 16 красавіка. «Я сказаў, маўляў, якія яшчэ два дні прагулу, калі субота і панядзелак былі выходнымі днямі? А мне адказалі, што, не, у мяне строгая вымова, дырэктар на мяне злуецца, і мне трэба тэрмінова звальняцца ці яны мяне самі звольняць. 25 красавіка я напісаў заяву на звальненне і адразу ж паехаў у Варшаву», — паведаміў музыкант.

Намеснік гендырэктара Белдзяржфілармоніі Казімір Шэўчык у гутарцы з Naviny.by назваў «поўным абсурдам» здагадку Доўгушава пра тое, што яго звольнілі па ідэалагічных меркаваннях, у тым ліку за ўдзел у канцэрце да 100-годдзя БНР.

Шэўчык падкрэсліў, што музыка сам напісаў заяву з просьбай звольніць яго «па пагадненні бакоў».

www.radyjo.net, naviny.by