У Слуцку не будзе вуліцы Слуцкіх паўстанцаў

Слуцкі раённы выканаўчы камітэт лічыць немэтазгодным перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

sluck_4.jpg

5 снежня актывістка Зінаіда Цімошак, адна з арганізатараў збору подпісаў за ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў, атрымала афіцыйны адказ з Слуцкага райвыканкаму. Гэткі ж адказ атрымаў і сябра партыі БНФ Віталь Амяльковіч, падпісаўшы разам з Цімошак суправаджальнае пісьмо да калектыўнага звароту 550 случан з просьбай перайменаваць вуліцу Камсамольскую ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Менавіта на гэтай вуліцы, што раней мела назву Шырокая, як сведчаць краязнаўцы, знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча.

Асноўным аргумэнтам для негатыўнага адказу на просьбу ўшанавання памяці тысяч случан, што загінулі ў 1920 годзе ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі, старшыня Слуцкага райвыканкаму Андрэй Янчэўскі лічыць нежаданне саміх жыхароў вуліцы Камсамольскай перайменаваць вуліцу.

sluck2_2.jpg

З тэксту адказу вынікае, што 24 лістапада 2016 году нібыта «раённым выканаўчым камітэтам быў праведзены сход грамадзян, падчас якога жыхары вуліцы Камсамольскай выказаліся супраць перайменавання вуліцы».

Таксама старшыня райвыканкаму, аргументуючы немэтазгоднасьць змены назвы, спасылаецца на расходы, патрэбныя для гэтага.

Дарэчы, пра сход грамадзян па месцы жыхарства актывістка Зінаіда Цімошак, якая перадала калектыўны зварот у Слуцкі райвыканкам, даведалася толькі з афіцыйнага адказу.

Што гэта быў за таямнічы сход і колькі людзей там прысутнічала, з якіх дамоў, райвыканкам не паведаміў, — распавядае Зінаіда Цімошак. — Дзіўна, што нам не далі ніякай інфармацыі напярэдадні гэтага сходу: пра спіс удзельнікаў, ягонае афіцыйнае рашэнне. Мы не змаглі паслухаць выступоўцаў, таксама папрысутнічаць на гэтых так званых «грамадзкіх слуханнях». Будзем высвятляць больш падрабязна гэтае пытанне.

Віталь Амяльковіч, які выпадкова даведаўся пра сход, сумняваецца ў ягонай легітымнасьці і збіраецца абскарджваць рашэнне Слуцкага райвыканкаму ў Мінскім абласным камітэце.

Ніна Стужынская, аўтарка кнігі пра Слуцкае паўстанне, выказала шкадаванне з нагоды прыняцця такога рашэння:

Ніна Стужынская 

Ніна Стужынская 

— Шкадую, што Слуцкі райвыканкам прыняў такое рашэнне, — гаворыць гісторык. — Нічога дзіўнага тут няма. Спрацавала савецкая дзяржаўная ідэалогія слуцкіх кіраўнікоў. Думаю, што самі ідэолагі нават ня бачылі фільма пра Слуцкае паўстанне. Паколькі з падручнікаў гісторыі гэтая тэма выкінутая, случане таксама ня ведаюць пра сутнасьць падзеі, але бачаць варожае стаўленне ідэолагаў. У інтэрнэце простыя людзі мала чытаюць гістарычныя тэксты.

Ніна Стужынская лічыць, што гісторыя пра паўстанне случан вельмі рамантычная і кранальная і што людзі не былі б супраць вуліцы Слуцкіх паўстанцаў, калі б лепш ведалі пра гэтую падзею:

— Бачу неабходнасьць тлумачальнай працы да 100-годдзя сьвяткавання гэтай падзеі для ўсіх — гісторыкаў, журналістаў, грамадзкіх актывістаў, — мяркуе гісторык.

 Паводле Радыё Свабода