У Мінску прайшоў дабрачынны марафон “Дапамажы беларускаму салдату” (фотарэпартаж)

У Мінску прайшоў дабрачынны марафон дапамогі беларускім байцам ва Украіне. Імпрэза па зборы сродкаў для беларусаў, якія бароняць свабоду і незалежнасць Украіны, адбывалася на сядзібе Партыі БНФ з ініцыятывы "Маладога фронту".  



Падчас мерапрыемства, які вёў лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, на аўкцыён былі выстаўлены некалькі карцінаў, ахвяраваных мастакамі Міхалам Анемпадыставым і Наталляй Бордак.

Пра сітуацыю ў зоне АТА распавялі ўкраінскія госці, валанцёркі, якія займаюцца непасрэдна зборам і дастаўкай рэчаў для тактычнай групоўкі  “Беларусь” і іншых добраахвотных частак, Вольга і Аляксандра.

Дзяўчыны прыгадалі абставіны, пры якіх быў смяротна паранены беларус Аляксандр Чаркашын. Паводле іх слоў, ён не здолеў выжыць праз брак прафесійнай экіпіроўкі. Кіеўскія госці падзякавалі беларусам за падтрымку і салідарнасць і адзначылі, што добраахвотнікі, якія не маюць грамадзянства Украіны, маюць патрэбу ў дапамозе як ніхто, бо яны рэальна змагаюцца выключна за ідэю.

Украінскія дзяўчаты адзначылі, што існуе ініцыятыва валанцёраў, на якую ўжо атрыманы вусны дазвол Кіеўгарсавета, на вуліцы Беларуская ўсталяваць памятны знак загінулым за свабоду Украіны беларусам Міхаілу Жызнеўскаму, Алесю Чаркашыну і Віталю Ціліжэнку.

img_9825_logo.jpg

Украінскія госці Аляксандра і Вольга

Актывістка і рэжысёрка Вольга Мікалайчык падзяліліся сваімі ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Кіеў і Адэсу. Паводле яе слоў, зараз Расія спрабуе стварыць у Адэсе ачаг нестабільнасці, у выніку чаго валанцёры сутыкаюцца з пэўнымі складанасцямі ў сваёй працы. Нядаўна невядомыя падпалілі адэскі офіс валанцёраў.

img_9828_logo.jpg

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык

Паводле слоў Вольгі Мікалайчык, ад пачатку гібрыднай вайны, ініцыяванай Расіяй, загінула блізу 10 тысяч украінцаў. Вольга распавяла, што бліжэйшым часам на базе кіеўскага клуба “Купідон” будуць праходзіць творчыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі і музыкамі, грошы ад якіх пойдуць на падтрымку вайскоўцаў-добраахвотнікаў.

Перад прысутнымі выканалі нізкі ўласных песень барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Захарэвіч. Былі прадэманстраваныя ўрыўкі з дакументальных стужак тэлеканала Белсат “Беларусь”, а таксама кінастужкі, прысвечанай Міхаілу Жызнеўскаму.

Зміцер Захарэвіч распавёў пра тое, як на запрашэнне ўкраінскага боку летась даў шэраг канцэртаў на блок-пастах пад Марыупалем. Зміцер у сваіх аповедах акцэнтаваў увагу на трагізме сітуацыі, калі ўкраінскія вайскоўцы і іх сямейнікі аказваюцца па розныя бакі фронту, пра расправы сепаратыстаў над тымі, хто адкрыта выказваў падтрымку ўкраінцам.

Прадпрымальнік Дзмітры Косцін у сваім выступе адзначыў, што ён зразумеў яшчэ з часоў чачэнскай вайны, што рашызм — гэта сінонім фашызму. Ён, з яго слоў, актыўна дапамагаў грузінам і ўкраінцам супрацьстаяць маскоўскай навале, а таксама з дапамогай праваахоўнікаў паспяхова знішчаў кропкі распаўсюднікаў дэнээраўскай сімволікі на тэрыторыі Беларусі.

Падчас аўкцыёна былі купленыя карціна “Краявід” Анемпадыстава і адзін сімвалічны твор Наталлі Бордак. Шмат хто ахвяраваў грошы, перадаючы іх арганізатарам альбо ўкраінскім гасцям. Тэлеканал Беласат распаўсюдзіў сярод ахвярадаўцаў саколкі, торбы і дыскі з відэафільмамі.