Цімашэнка патрабуе адстаўкі ўраду Яцанюка

Лідар партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка настойвае на адстаўцы ўраду. Пра гэта яна заявіла ў эфіры праграмы «Падрабязнасці тыдня» на тэлеканале «Інтэр» 24 студзеня.  



986f00ae_89e3_4eca_aaf5_b48d74eb5233_w640_r1_s.jpg

«Мы лічым, што памяняць некалькіх міністраў ва ўрадзе — гэта практычна палітычны макіяж, адцягненне грамадства ад таго трагічнага стану, у якім знаходзіцца дзяржава», — цытуе словы Цімашэнкі прэс-служба «Бацькаўшчыны».

«Трэба цалкам мяняць урад на чале з прэм’ер-міністрам, перазагружаць Кабмін, і калі гэтая Вярхоўная Рада здольная яго перазагрузіць, трэба гэта рабіць», — дадала Цімашэнка.

Кіраўнік ураду Украіны Арсень Яцанюк выступае за абнаўленне кааліцыйнага пагаднення. Пра гэта ён заявіў 24 студзеня ў «10 хвілінах з прэм’ер-міністрам». Ён таксама выказаў незадаволенасць узроўнем падтрымкі ўрадавых рашэнняў з боку чальцоў дзейнай парламенцкай кааліцыі. Таксама прэм’ер-міністр заклікаў кааліцыю абмеркаваць магчымых кандыдатаў на пасады ў абноўленым урадзе.

Раней у гэтым месяцы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што «ў кааліцыі наперадзе вельмі сур’ёзная размова», а таксама паказаў сваю зацікаўленасць «у тым, каб захаваць адзінства кааліцыі». Парашэнка таксама заяўляў, што дапускае кадравыя змены ва ўкраінскім урадзе, але выступае супраць датэрміновых парламенцкіх выбараў.

У Вярхоўнай Радзе Украіны збіраюць подпісы за адстаўку ўраду. Прэм’ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк заяўляе, што гатовы сысці ў адстаўку, калі за гэта рашэнне прагаласуюць народныя дэпутаты.

www.svaboda.org