5 прыкмет дэградацыі эканамічных адносін з Расіяй

Дзе Беларусь у 2015-ым знайшла замену свайму стратэгічнаму партнёру.



1452746617_2754a431d5b29ffc8a0729bbf709cb81.jpg

Мінулы год аказаўся рэкордна няўдалым для краін СНД. Як толькі нафта пачала ісці да $ 30 за барэль, а эканоміка Расіі пачала сціскацца, амаль усе краіны рэгіёна затрэсліся ў ліхаманцы. Нас гэты лёс таксама не абмінуў. Экспарт Беларусі ў Расію прасеў на 33 %. Для параўнання, Украіна, якая вядзе вайну з РФ і трапіла пад расейскія санкцыі ў адказ, зменшыла экспарт не нашмат болей — 45 %. Як бачым, справа не зусім палітычная.

Вось яшчэ пяць прыкладаў з 2015-га, якія сведчаць, што “брацкі саюз” знікае і Беларусь вымушаная хутка шукаць замену ўсходняму суседу.

1. Свой новы касмічны спадарожнік Беларусь запусціла ў Кітаі

Новы 2016-ы год пачаўся з запуску ўжо трэцяга ў гісторыі Беларусі ўласнага касмічнага спадарожніка. Нечакана для ўсіх “Белінтэрсат-1” паляцеў з касмадрома Січан у кітайскай правінцыі Сычуань. Распрацавала яго кампанія China Aerospace Science and Technology за $ 280 млн.

Замена партнёра па касмічнай праграме выглядае даволі прагматычна. Першы айчынны спадарожнік “БелКА-1” (які распрацоўвалі расійскія калегі) далёка ад Байканура не паляцеў, а запуск другога — “БелКА-2” адкладалі цягам чатырох гадоў (да сярэдзіны 2012-га). Да таго ж, кітайскі крэдыт дазволіў зрабіць “Белінтэрсат-1” куды больш амбітным — ён амаль у 20 разоў даражэйшы за “БелКА-1” (які каштаваў толькі $ 15 млн).

2. Ад Расіі новы крэдыт не атрымалі, прыйшлося зноў ісці да МВФ 

Падчас свайго выступу ў Мінску кіраўнік эканамічнай праграмы Цэнтра Карнегі, Андрэй Маўчан выказаўся адназначна: “Хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі”. На практыцы ўсё аказалася не так проста. Спачатку разгляд заяўкі на крэдыт Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у $ 3 млрд проста зацягваўся, а пасля адмовы будаваць расійскую авіябазу стала канчаткова зразумела, што ў 2015-ым мы грошай не атрымаем.

“Ніхто нам, у тым ліку расіяне, пад такія працэнты крэдытаў не дае”                                                              — А. Лукашэнка

Таму з восені 2015-га актывізаваўся дыялог з Міжнародным валютным фондам. У верасні Лукашэнка сустракаўся ў Нью-Ёрку з кіраўніцай МВФ Крысцін Лагард, а ўжо ў лістападзе — з галавою місіі МВФ у Беларусі. Цяпер золатавалютныя рэзервы апусціліся да пяцігадовага мінімуму і ўлады вымушаныя на патрабаванне МВФ тэрмінова праводзіць рэфармаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спрыту хапае, таму чаканыя $ 3 млрд, хутчэй за ўсё, мы пабачым ужо ў першым квартале 2016.

3. “Слаўкалій” з месца не зварухнуўся

Размовы пра новы калійны камбінат ідуць ужо з 2011-га, а запуск першапачаткова быў запланаваны на 2016-ы. Галоўны інвестар Міхаіл Гуцарыеў збіраўся прыцягнуць дзеля гэтых мэт крэдыт “Сбербанка”, але з увядзеннем санкцыяў расійскі банк адмовіўся ад удзелу ў праекце. Пакуль праект буксаваў, мясцовыя ўлады вырашылі на ўсялякі выпадак прыбраць памятны знак і капсулу, якую закладалі Лукашэнка з Гуцарыевым.

“Я ўжо казаў Гуцарыеву, што калі створыш Любань як цукерку, мы пераймянуем яе ў Гуцарыеўск, а ты напішаш для яе гімн” — А. Лукашэнка

У выніку пад гарантыі беларускага ўрада праект будзе фінансаваць Дзяржаўны банк развіцця Кітая. Першыя $ 300 млн з $ 1,4 млрд крэдыту прыйшлі толькі ў снежні 2015-га, а працы абяцаюць пачаць вясною 2016-га. Запуск самога камбіната перанесены на 2021-ы. 

4. Замест С400 айчынны “Паланэз” з кітайскімі ракетамі

Галоўным сюрпрызам леташняга парада да Дня Перамогі 9 мая была дэманстрацыя навейшых ракетных сістэм айчыннай распрацоўкі “Паланэз”. На такі крок улады вымушаныя былі пайсці пасля адмовы Расіі прадаць “Іскандэры”, і гэта пры тым, што з Кітаем дамова на пастаўку С400 была заключаная.

“Непрымальны ўрон, непрымальныя страты — вось галоўнае. І гэта выключна абарончая тактыка” — А. Лукашэнка

І тут не абышлося без кітайскіх партнёраў. Калі колавая база — гэта прадукт Мінскага завода колавых цягачоў, то ўласна ракеты, на меркаванне ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, пастаўляюць кітайцы. Сёння іх далечыня ўдару складае каля 200 км, але ўжо ідуць працы на павелічэнні яе да 280 км. У такім выпадку мы атрымаем сапраўдную зброю стрымлівання, здольную дасягнуць сталіцаў суседзяў.

5. Швейцарскія цягнікі прыйшлося прадаваць у Азербайджан замест Расіі

У пачатку 2015-га “Ідэя” пісала пра галоўную інвестыцыйную “success story” апошняга часу — запуск швейцарскага завода па вырабе цягнікоў Stadler-Minsk. Але сёння завод, які будаваўся з разлікам на расійскі рынак, застаўся фактычна без замоваў. Каб прадаць хоць нешта, чатыры цягнікі для “Аэраэкспрэсу” прыйшлося перафарбаваць і адправіць у Азербайджан. Агулам за 2015-ы Stadler-Minsk вырабіў і прадаў толькі 3 цягнікі.

Пачыналася ўсё куды больш аптымістычна. На адкрыцці завода ў Фаніпалі прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка, а на прэзентацыі цягніка для “Аэраэкспрэсу” —мэр Масквы Сяргей Сабянін. Але з-за санкцый Беларусі цягам года не атрымалася прадаць “Аэраэкспрэсу” ніводнага цягніка з кантракта на амаль $ 800 млн (а ў пачатку яшчэ ішлі размовы, што кантракт будуць нават пашыраць). Надзеі на кантракт у $ 1 млрд на пастаўку трамваяў у Маскву таксама не спраўдзіліся. “Мяцеліцу” пасля абкаткі не набылі і ў Санкт-Пецярбургу. Персанал ужо скарацілі на 10 %, а Пэтэр Шпулер тэрмінова шукае новыя кантракты, якімі можна было б загрузіць беларускі завод.

З надыходам крызісу гэтак жа зніклі размовы пра магчымыя прыватызацыі МАЗа і МЗКЦ, малочных прадпрыемстваў. Пад іміджавыя і складаныя праекты ўлады нарэшце навучыліся прыцягваць Кітай і іх крэдыты. Астатняя частка эканомікі з павелічэннем крызісу, хоць не вельмі хутка і не вельмі паспяхова, але будзе перанакіроўвацца на іншыя рынкі. Выжывуць толькі канкурэнтаздольныя, астатнія памруць.

Паводле: Ідэя