Украіна грыпуе

Украіна зноў стала ахвярай эпідэміі грыпу, ад якога ўжо памерла больш за 70 чалавек. Пра маштабы эпідэміі і яе сацыяльна-палітычныя наступствы журналісту НЧ Алегу Новікаву распавядае кіеўскі сацыёлаг Сафія Радава



orvi.jpg

Фота www.sq.com.ua

— Уздымаючы тэму эпідэміі грыпу ва Украіне, нельга не ўзгадаць пра эпідэмію 2009 года, якая выклікала папросту татальную паніку. Называліся фантастычныя лічбы — 400 лятальных выпадкаў. У выніку тэма грыпу знікла гэтак жа хутка, як і з’явілася. Ці ёсць нейкая агульная думка, што гэта было?

— Лічыцца, што эпідэмія мела месца, аднак істэрыка вакол яе была маніпулятыўнай. Яе наўмысна запусціла тагачасны прэм’ер Юлія Цімашэнка, якая выкарыстала эпідэмію дзеля самапіяру перад выбарамі прэзідэнта, прызначанымі на студзень 2010-га, і для таго, каб адцягнуць увагу ад наступстваў аслаблення грыўні. Юлія ў прамым эфіры сустракала ў кіеўскім аэрапорце скрыні з імпартнымі лекамі, право­дзіла спецыяльныя пасяджэнні, будучы ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны. Кампанію Цімашэнка згарнула пасля таго, як прадстаўнік адміністрацыі Юшчанкі прапанаваў перанос выбараў прэзідэнта Украіны са студзеня на май з-за магчымага ўвядзення надзвычайнага становішча ў сувязі з грыпам.

— Ці ёсць зараз паніка, падобная на тую, якая мела месца ў 2009 годзе?

— Панікі няма, хаця грып ёсць, і наступствы эпідэміі можна сустрэць на кожным кроку. У школах працягнулі канікулы, СМІ інфармуюць пра рост смяротнасці. У сувязі з эпідэміяй у аптэках назіраецца рост коштаў на лекі. Аднак сітуацыю нельга параўноўваць з 2009-м. Гэта звязана з тым, што СМІ больш-менш фільтруюць панічныя заявы, не выносяць інфармацыю пра смерць ад грыпу ў анонсы навінаў. Сем гадоў таму яны, наадварот, ахвотна распальвалі істэрыку.

Але праблемы ў тым, што кошты на лекі моцна выраслі, і тыя ж пенсіянеры і не вельмі заможныя людзі не могуць сабе дазволіць якасныя медыкаменты. На днях зноў пачало ліхаманіць грыўню, што таксама негатыўна ўплывае на цэннікі.

— Украінскае міністэрства аховы здароўя вядзе сябе вельмі дзіўна, доўгі час упарта адмаўляючыся прызнаваць факт эпідэміі. Чым выкліканая такая пазіцыя?

— Міністр аховы здароўя Аляксандр Квіташвілі, сапраўды, адмаўляў факт эпідэміі, паколькі любы негатыў аб’ектыўна супраць яго. Магчыма, на яго пазіцыю ўплываюць унутраныя разборкі ў ведамстве, канкурэнцыя за крэслы. Напрыклад, у парламенцкім камітэце па праблемах здароўя, наадварот, моцна згушчаюць фарбы: сцвярджаюць, што з-за пасіўнасці Квіташвілі ўжо шэсць працэнтаў украінцаў пакутуюць на грып. Не выключана, што мае месца барацьба за грошы, якія круцяцца ў гэтым сектары. Нефармальная частка эканомікі аховы здароўя ва Украіне складае каля 7 мільярдаў долараў на год.

— У расійскай прэсе вельмі шмат страшылак пра ўкраінскі грып. Паведамляюць, што гэта нават не новы штам грыпу, а нейкая форма чумы. Ці маюць падобныя ўкідванні нейкі рэзананс у соцыуме?

— Інфармацыя пра чуму — яшчэ не кульмінацыя фантазіі. На інтэрнэт-рэсурсах гуляе версія пра тое, што вірус грыпу — гэта тайная зброя, якая была распрацаваная ў лабараторыях ЦРУ з мэтай знішчыць рускамоўнае насельніцтва Адэсы і Харкава, захаваўшы пры гэтым інфраструктуру. Аднак да такіх плётак вялікага інтарэсу няма. Тым больш, ёсць іншыя чуткі. Напрыклад, у Вінніцкай вобласці — рэгіёне-лідары па колькасці хворых на грып, папулярныя чуткі пра тое, што эпідэмію грыпу нам закінулі ў ампулах спецыяльныя дыверсійныя групы з Расіі. А чаму ў Вінніцкую вобласць? Таму што гэта вотчына прэзідэнта Парашэнкі.

— Якія тэндэнцыі ў працы ўкраінскай сістэмы аховы здароўя ў постмайданаўскі перыяд?

— Асноўная — моцная бюракратызацыя на фоне скарачэння медперсаналу. За апошнія тры гады я чатыры разы наноў запаўняла анкеты і дакументы з прычыны змены канцэпцыі працы ўчастковых лекараў. Прычым адзін раз — «бо ранейшыя анкеты былі ў паліклініцы згубленыя». Сэнсу ў такіх працэдурах нуль. Адначасова ў медустановах ідзе працэс паступовай прыхаванай камерцыялізацыі. Напрыклад, для праходжання медагляду патрэбныя аналізы, якія можна здаць не ў паліклініцы, а выключна ў канкрэтнай фірме і, натуральна, зусім не бясплатна. Ад іншых фірмаў даведкі пра аналізы ўрач не прымае. Тое ж самае з рэцэптамі на лекі, якія ёсць выключна ў крамах канкрэтнай аптэчнай сеткі.

— Якія рэформы галіны патрэбныя, каб застрахавацца ад падобных вынікаў эпідэмій у будучым?

— Па заявах міністра, ва ўсіх выпадках са смяротным зыходам вінаватыя самі пацыенты, паколькі яны позна звярталіся ў медыцынскія ўстановы і лячыліся дома самі. Сістэмных правалаў, такім чынам, чыноўнікі не бачаць і цяперашнюю праблему грыпу, мяркуючы па ўсім, будуць вырашаць за кошт закупак медпрэпаратаў за мяжой. Што тычыцца маштабных рэформаў, то пасля Майдану былі размовы наконт таго, каб развіваць у краіне страхавую медыцыну. Аднак імклівае падзенне ўзроўню жыцця большасці насельніцтва пахавала такія планы. У прынцыпе, калі нейкія рэформы і праводзіць, то ўжо з новым урадам. Рэйтынг цяперашняга Кабміну настолькі нізкі, што народ інстынктыўна не верыць у яго ініцыятывы