Каляндарнае пытанне ў святле гістарычных фактаў
Ужо стала традыцыяй, што ў часе цыкла т.зв. калядных святаў актывізуецца “хрысціянская каляндарная дыскусія”. Асабліва актыўна яна адбываецца ў Беларусі ды Украіне, дзе ў народных традыцыях святкавання гістарычна існуюць два варыянты календара: юліянскі ды грыгарыянскі. На жаль, аргументы бакоў у часе дыскусіі выяўляюцца далёкімі не толькі ад гістарычнай праўды, але і багаслоўскага кантэксту. Праблема заблытваецца яшчэ і тым, што большасць Праваслаўных Цэркваў выкарыстоўваюць т.зв. новаюліянскі каляндар, у якім нерухомыя святы супадаюць з грыгарыянскім календаром. Таму ў гэтым невялікім артыкуле мы паспрабуем выкласці як кароткую гісторыю, так і надаць дагматычную ацэнку аргументам абодвух бакоў.
Адразу выключым дзве шырока распаўсюджаныя памылкі:
1. Руская, Грузінская, Украінская, Беларуская, Іерусалімская ды Сербская Праваслаўныя Цэрквы не святкуюць Нараджэння Хрыстова 7 студзеня. Час святкавання звычайны — 25 снежня, але… па юліянскім календары.
2. Выкарыстанне юліянскага календара для святкавання Божага Нараджэння, як і іншых нерухомых святаў, аніяк не звязана з багаслоўскімі або дагматычнымі падставамі. Спробы прадстаўнікоў некаторых Праваслаўных Царкоў прывязаць свята Нараджэння Хрыстовага да агульнай каляндарнай дыскусіі не мае ніякіх падстаў.
Для агульнага разумення праблемы, звернемся да гісторыі “каляндарнага пытання”, а потым разгледзім аргументы бакоў.
Каляндарная праблема паўстала ў хрысціянскім свеце ў 1582 годзе, калі Рымскі пантыфік Рыгор ХІІІ увёў новы каляндар. Падставай яго непрыняцця не толькі праваслаўнымі, а і часткаю пратэстантаў, было ігнараванне рашэння І Усяленскага сабору аб парадку вылічэння Святой Пасхі, якая “не можа быць раней або разам з пасхаю юдэяў”. Грыгарыянскі каляндар грэбуе гэтым правілам, а таму па сутнасці, з пункту гледжання праваслаўных вернікаў з’яўляецца ерэтычным. Менавіта праз гэта, у наступным, 1583 годзе, патрыярх Ерамія, пры ўдзеле патрыярхаў Аляксандрыйскага Сільвестра і Іерусалімскага Сафронія VI, склікаў Царкоўны Сабор, які вызнаў увядзенне ў Рымскай Царкве грыгарыянскага календара, як такое, што парушае каноны ды пастановы I Усяленскага Сабору аб парадку вылічэння дня Святой Пасхі. Таксама Сабор, у сваёй пастанове ад 20 лістапада 1583 года, заклікае праваслаўных “цвёрда і няўхільна, нават да праліцця сваёй крыві, трымацца праваслаўнага месяцаслова й юліянскай пасхаліі”, накладаючы на ўсіх парушальнікаў сваёй пастановы анафему, адлучэнне ад Праваслаўнай Царквы. Пра гэта ж сваім рашэннем Канстанцінопальскі Сабор паведаміў ўсім Праваслаўным Цэрквам. Таксама і ўсе наступныя праваслаўныя нарады, да пачатку ХХ ст. уключна, падтрымлівалі выкарыстанне юліянскага календара выключна праз пасхалію. Пры гэтым большасць праваслаўных навукоўцаў вызнавалі недакладнасць юліянскага календара.
Аднак, на пачатку ХХ ст., з’яўляецца новаюліянскі календар, які ёсць мадыфікацыяй юліянскага календара, распрацаванай сербскім астраномам, прафесарам матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага універсітэта Мілуцінам Міланкавічам.
Пытанне аб увядзенні новоюліянскага календара было вырашана на Канстанцінопальскай нарадзе Праваслаўных Цэркваў у 1923 годзе. І хаця ягоныя крытыкі любяць узгадваць адначаснае рашэнне святкаваць Пасху па формуле “першая нядзеля пасля першай поўні пасля раўнадзенства”, дзе ўсе кампаненты павінны былі вызначацца не па дадзеных Александрыйскай пасхаліі, а сыходзячы з астраноміі, па шыраце Іерусаліма, але гэта рашэнне ніколі не было рэалізаванае на практыцы ды нават юрыдычна даўно адкінута Усяленскім Праваслаўем. Большасць аўтакефальных Цэркваў святкуюць Пасху па Александрыйскай пасхаліі, заснаванай на юліянскім календары, а нерухомыя святы — па новаюліянскім календары. Выключэнне складаюць Руская, Беларуская, Украінская, Грузінская ды Сербская Праваслаўныя Цэрквы — яны карыстаюцца юліянскім календаром. Таксама юліянскім календаром цалкам карыстаецца Афон. Але адносна Афону існуе сур’ёзная заўвага: манаская рэспубліка наогул не выкарыстоўвае грыгарыянскі каляндар.
Як бачым, увядзенне новоюліянскага календара выправіла памылкі юліянскага, але ніякім чынам не датычылася дагматычных нормаў, што былі ўсталяваны на І Усяленскім саборы.
Паўстае лагічнае пытанне: Чым аргументуюць непрыняцце новаюліянскага календара вернікі Маскоўскага Патрыярхата ды іншыя “прыхільнікі традыцый”?
Калі адкінуць спасылкі на нейкія “багаслоўскія моманты”, якіх, як мы ўжо даказалі вышэй, няма, дык усе аргументы прыхільнікаў юліянскага календара зводзяцца да некалькіх пазіцый.
1. Новаюліянскі каляндар парушае пост прад святам памяці святых апосталаў Пятра і Паўла. Бо Святая Царква так пачытае гэтых вялікіх апосталаў, што ўводзіць асаблівы пост, які працягваецца ад 8 да 42 дзён. Але пры ўвядзенні новаюліянскага каляндара гэты пост заўсёды скарачаецца. А калі Пасха святкуецца ў перыяд часу ад 20 да 25 красавіка ўключна, то Пятроўскі пост зусім скасоўваецца: для яго не застаецца часу.
Па нашым меркаванні, праблема скарачэння паста прад святам памяці святых апосталаў Пятра і Паўла ёсць надуманай. Бо, як лічаць гісторыкі, гэты пост у пачатку свайго ўзнікнення быў сітуацыйным ды ніяк не звязаны з памяццю апосталаў.
Так, частка гісторыкаў лічыць, што гэты пост быў вымушаны ды грунтаваўся на сканчэнні запасаў леташняга ўраджаю. Грунтуючыся на даследаванні гісторыі сельскай гаспадаркі Рымскай імперыі, навукоўцы прыйшлі да думкі, што большая частка простага насельніцтва мусіла абмяжоўваць сябе ў ежы з канца траўня — пачатку чэрвеня да сярэдзіны ліпеня. Улічваючы, што пасля Пяцідзясятніцы вялікіх хрысціянскіх святаў няма, было вельмі зручна ўсталяваць тут кампенсацыйны пост для тых, хто не змог пасціцца ў Вялікі пост перад Пасхаю. Пры гэтым свята памяці апосталаў Пятра і Паўла набыло асаблівае значэнне праз асвячэнне велічнага храма Пятра і Паўла ў Канстанцінопалі.
На карысць штучнасці гэтага посту сведчыць і факт перамены яго тэрміну (ад 8 да 42 дзён), чаго мы не назіраем адносна іншых пастоў Праваслаўнае Царквы, а таксама незразумелае выдзялення памяці апосталаў Пятра і Паўла сярод іншых апосталаў, напрыклад — святога апостала Андрэя Першапакліканага або святых апосталаў-евангелістаў. Тым больш, што ні Евангелле, ні Апостальскія Дзеі, не даюць нам сведчанняў аб усталяванні нейкай іерархіі сярод апосталаў.
2. Спроба ўвядзення новага стылю ўжо была здзейснена ў РПЦ МП патрыярхам Ціханам 15 кастрычніка 1923 года, але была адкінута вернікамі ды скасаваная ўжо 8 лістапада таго ж году, праіснаваўшы толькі 24 дні.
Сапраўды, бальшавікі ўжо ад 1918 года ціснулі на патрыярха Ціхана ў справе пераводу РПЦ МП на грыгарыянскі каляндар. Але гэта прадугледжвала і адмову ад Александрыйскай пасхаліі, што, як мы ўжо пісалі вышэй, супярэчыла пастановам І Усяленскага сабору. Да таго ж, трыманне “старога стылю” было для архірэяў, святароў і вернікаў своеасабліваю формаю пратэсту супраць савецкай улады, якая ад лістапада 1917 года вяла сапраўдную вайну супраць Праваслаўнай Царквы. Апрача таго, існуе і афіцыйная пастанова Маскоўскай Нарады Праваслаўных Цэркваў 1948 года, згодна з якою усе праваслаўныя павінны святкаваць Пасху па Александрыйскай пасхаліі і юліянскім календары, а для нерухомых святаў кожная Аўтакефальная Царква можа карыстацца існуючым у гэтай Царквы календаром. Клірыкі і вернікі абавязаны прытрымлівацца каляндарнага стылю той Памеснае Царквы, на тэрыторыі якой яны пражываюць. Таму, па нашым меркаванні, прыводзіць прыклад 1923 года для адмовы ад новаюліянскага каляндара навукова некарэктна.
3. Увядзенне новаюліянскага календара выклікала раскол у Грэцкім Праваслаўі. Гэта можа чакаць і нашыя Праваслаўныя Цэрквы
Сапраўды, увядзенне новаюліянскага календара выклікала выхад часткі архірэяў, святароў і вернікаў ды ўтварэння т.зв. “старастыльнікаў”. Але, як паказала гісторыя, увядзенне новага календара было толькі падставай для акрывіяльна-кансерватыўнай ды амбіцыйнай часткі кліру для ўтварэння ўласных юрысдыкцый. Бо да сёння “старастыльнікі” не стварылі адзіную структуру ў межах Грэцыі (як і іх паслядоўнікі з іншых дзяржаў), знаходзяцца ў перманентным руху падзелаў ды спавядаюць вельмі спецыфічныя дактрыны. З рэшты, пэўны працэнт “унутраных кансерватыўных сектантаў” прысутнічае ў кожнай Царкве ды час ад часу нараджае пэўныя ерэтычныя або псеўдаакрывіяльныя групы, што адыходзяць ад Царквы. Пры гэтым, як сведчыць гісторыя Праваслаўя, юліянскі каляндар не з’яўляецца панацэяй ад дзейнасці падобных асоб. Тут варта згадаць т.зв. “царабожнікаў” з РПЦ МП або дзейнасць групы “ісціных праваслаўных” былога ўладыкі Арцемія ў Сербскай Праваслаўнай Царкве.
На наш погляд, унікнуць рызыку стварэння расколу пры пераходзе на новаюліянскі каляндар можна праз тлумачальную працу святароў, якая мусіць адбывацца перад правядзеннем каляндарнай рэформы.
4. Звычка людзей, якія будуць адзначаць “два святы”.
Прыхільнікі дадзенага аргументу, скіраванага супраць пераходу на новаюліянскі каляндар, спасылаюцца на народнае святкаванне “старога новага году”. Сапраўды, у Беларусі ды Украіне існуе пэўная народная традыцыя адзначэння “старога новага году”, нават у некаторых рэгіёнах існуе яго асаблівая назва —“маланка”. Але, на наш погляд, узнікненне і замацаванне падобнай традыцыі вынікае менавіта праз адначасовае існаванне двух календароў, бо, апрача першага дня новага года па юліянскім календары, 1/14 студзеня мы святкуем Абразанне Гасподняе. Улічваючы, што большасць праваслаўных вернікаў, асабліва моладзі, ментальна жыве па свецкім календары, які ў цыклі Калядных святаў будзе супадаць з царкоўным, традыцыі святкавання 7 ды 14 студзеня паступова сыдуць з жыцця. Тут, зноў жа, усё будзе залежыць ад тлумачальнай працы святароў.
Такім чынам, па нашым меркаванні, сур’ёзных аргументаў супраць увядзення новаюліянскага календара ў Праваслаўных Цэрквах няма. Апрача гэтага, адносна менавіта Беларусі ды Украіны, існуюць некалькі бясспрэчных фактаў на карысць каляндарнай рэформы.
1. Канстанцінопальскі патрыярхат, які ёсць Царквою-Маці для праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў, даўно перайшоў на новаюліянскіх каляндар. Пры гэтым ён сцвярджае аб некананічным далучэнні Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі до Маскоўскага Патрыярхату ды лічыць Беларусь і Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй. У падобных абставінах, пераход праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў (і іх аўтакефальных цэркваў — БАПЦ ды УПЦ КП) на новаюліянскі каляндар будзе не толькі крокам у бок Канстанцінопаля, а і рухам з духоўнай акупацыі Маскоўскага Патрыярхату.
2. Беларусь і Украіна ўжо багата гадоў жывуць па грыгарыянскім календары, што накладае пэўны адбітак на свядомасць праваслаўных вернікаў. Інтэграваныя ў грамадства, якое складаецца таксама з веруючых іншых рэлігій і канфесій, а таксама атэістаў, яны не могуць быць закрытаю групаю — таму ў той, або іншай форме адзначаюць свецкі новы год. Гэта, як сведчаць псіхолагі, стварае ў людзей пэўны дысананс: яны не хочуць парушаць калядны пост, але таксама не хочуць выглядаць сектантамі, адрывацца ад сваіх калектываў ды сяброў. Пры гэтым спробы некаторых святароў служыць на свецкі новы год літургію або малебен, уносяць яшчэ большы дысананс у праваслаўную свядомасць — бо навагодняя ноч, калі яна не прыпадае на час з суботы на нядзелю, ёсць звычайнаю ноччу каляднага посту.
Такім чынам можна зрабіць вывад, што пераход на новаюліянскі каляндар для праваслаўных беларусаў ды ўкраінцаў, якія прагнуць стварыць уласныя Памесныя Праваслаўныя Цэрквы, ёсць цалкам лагічны ды не ўступае ў супярэчнасць з праваслаўнымі догматамі ды канонамі.
Паводле: krynica.info