У Мінску развіталіся з Міхаілам Марынічам

Тытульная апазіцыя скон гэтага Чалавека фактычна праігнаравала. Затое прыемна здзівіла, што развітацца з былым палітвязнем прыйшлі яго колішнія калегі па “кіроўным цэху” маладой незалежнай Беларусі.



У нядзелю, 19 кастрычніка, прайшло пахаванне Міхаіла Афанасьевіча Марыніча — былога міністра знешнеэканамічных сувязяў, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь, экс-кіраўніка сталічнага гарвыканкама. І былога палітычнага зняволенага.
Свой апошні прытулак гэты неардынарны чалавек знайшоў на Усходніх (Маскоўскіх) могілках горада, якім ён некалі кіраваў.
Развітацца з нябожчыкам можна было ад 9-й да 11.45 у першай (вялікай) рытуальнай залі спецкамбінату на вуліцы Альшэўскага. 
Шчыра кажучы, людзей было не замнога. Тытульная апазіцыя скон гэтага Чалавека фактычна праігнаравала. А трэба нагадаць, што Міхаіл Марыніч збіраўся кінуць выклік дагэтуль бяззменнаму правадыру на прэзідэнцкіх выбарах 2001 году. Але не склалася.
Хутка гэты Чалавек апынуўся ў турме (ніхто не сумняваецца, за што), дзе страціў здароўе. Два інсульты. І вось цяпер адарваны тромб. 
І Вечнасць.
Сярод тых, хто прыйшоў аддаць апошнюю даніну павагі Міхаілу Афанасьевічу, былі старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, паэт, экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў, былы дэпутат ад апазіцыі гістарычнага Вярхоўнага Савета 12-га склікання Лявон Дзейка, былая дэпутатка Вярхоўнага Савета 13-га склікання праваабаронца Людміла Гразнова, палітолаг Уладзімір Мацкевіч, журналісты Іосіф Сярэдзіч, Святлана Калінкіна, Аляксандр Тамковіч, іншыя вядомыя ў краіне асобы. Была і кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Майра Мора.
Аўтара гэтых радкоў, шчыра кажучы, прыемна здзівіла, што развітацца з былым палітвязнем прыйшлі яго колішнія калегі па “кіроўным цэху” маладой незалежнай Беларусі — экс-прэм’ер Уладзімір Ярмошын, былы кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў, экс-кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын, іншыя былыя чыноўнікі. Дарэчы, яны вельмі шчыра і ўдзячна выказваліся пра памерлага.
“Гэты чалавек заўжды хварэў за справу, ён заўжды хацеў зрабіць усё лепей і вельмі саромеўся, калі нешта не атрымлівалася. Вось гэтая заўсёдная ягоная сарамлівасць у мяне проста і цяпер стаіць у вачах. Іншы будзе лаяцца, асабліва будаўнікі гэта могуць, а вось Міша так усё гэта абыходзіў, што яго нават рабілася шкада, — сказаў былы кіраўнік беларускага ўраду Уладзімір Ярмошын. — Мы з ім ненавязліва сябравалі, у яго была вельмі добрая сям’я. Гэта вельмі вялікая страта, вялікая ў тым, што гэты чалавек, якога я ведаў практычна ўсё жыццё, заўжды прыходзіў на дапамогу, калі даводзілася да яго звяртацца”. 
Добрымі словамі ўзгадаў памерлага і Уладзімір Някляеў. “Паляшук Міхась Марыніч — адзін з самых свядомых беларусаў, з якімі мне даводзілася сустракацца. Я ўдзячны лёсу за гэту сустрэчу. Ён вельмі любіў жыццё, вельмі любіў Беларусь. Ён любіў яе шчыра і сумленна, як шчыра і сумленна любіў людзей, з якімі жыў побач. Менавіта любоў, а не прага да ўлады, да кар’еры змусіла яго, чалавека, які займаў значныя пасады і ва ўрадзе Кебіча, і ва ўрадзе Лукашэнкі, усё гэта кінуць дзеля таго, каб змянілася жыццё, змяніліся адносіны да гэтых самых людзей у гэтай самай дзяржавы, — адзначае паэт і палітык. — На такі ўчынак здольны не кожны чалавек. Звычайна прыстасоўваешся, патрапіў да цёплага, да ўтульнага, дабрабытнага, і сядзіць чалавек, утуліўшыся. А Марыніч развярнуўся да ветру, развярнуўся да сцюжы і прайшоў гэтую дарогу годна да самага канца”.
Пахавалі Міхаіла Марыніча на ўскрайку Усходніх могілак. Не на галоўнай алеі. Але амаль побач з ім яшчэ раней супакоіліся навечна легендарны рэжысёр Ігар Дабралюбаў і паэт Генадзь Бураўкін. Такое вечнае суседства. 
Светлая Вам памяць, шаноўны Міхаіл Афанасьевіч, і Валадарства Нябеснае.
Фота аўтара
Матэрыялы па тэме:

Згадка пра МІхаіла Марыніча. Фота.

Міхаіл Марыніч: «Я зразумеў — Беларусь вядуць у тупік»

Няскораны Міхаіл Марыніч