У траўні будуць разглядаць пытанне наконт далучэння Беларусі да Балонскага працэсу
Пытанне наконт далучэння Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі будзе абмяркоўвацца на паседжанні міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі 14–15 траўня ў Ерэване (Арменія).
Раней у Міністэрстве адукацыі заяўлялі, што ўсе прынцыпы Балонскай дэкларацыі Беларусь даўно выконвае. Засталіся толькі фармальнасці. Практычна ў кожнай ВНУ існуе крэдытная сістэма, ёсць магчымасці выдаваць двайныя дыпломы, ёсць пагадненні, падпісаныя з замежнымі ВНУ.
"Уступленне ў Балонскі працэс — гэта адзін са сродкаў павысіць якасць адукацыі. Ён не мае на ўвазе замену нашай сістэмы адукацыі нейкай іншай мадэллю. Мы павінны з улікам сваіх уласных асаблівасцяў развівацца далей. Балонскі працэс дасць магчымасць маладым людзям убачыць новыя тэхналогіі, спазнаць свет і вярнуцца ў Беларусь высакакласнымі спецыялістамі, гатовымі развіваць нашу краіну. Але, каб падняць прэстыж усёй сістэмы адукацыі, патрэбен не толькі замежны досвед. Трэба папрацаваць усім, у тым ліку самім педагогам і настаўнікам, адно Міністэрства адукацыі з такой задачай не справіцца ", — цытуе міністра адукацыі Міхала Жураўкова БЕЛТА.
Ідэі стварэння еўрапейскай універсітэцкай супольнасці і адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі зыходзяць ад найстарэйшага ў Італіі Балонскага універсітэта. Яшчэ ў 1986 годзе, рыхтуючыся да 900-гадовага юбілею, кіраўніцтва ВНУ звярнулася да ўсіх універсітэтаў Еўропы з прапановай прыняць Вялікую хартыю універсітэтаў — Magna Charta Universitarum. Ідэя была з энтузіязмам успрынятая, і падчас юбілейных урачыстасцяў ў 1988 годзе гэты дакумент, які абвяшчае універсальныя і вечныя каштоўнасці універсітэцкай адукацыі, а таксама неабходнасць цесных сувязяў паміж імі, быў падпісаны рэктарамі 80 ВНУ. У 1999 годзе на радзіме Magna Charta, у Балонні, адбылася гістарычная Першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэкларацыя "Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі" вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да дасягнення супастаўнасці і гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы. З гэтай дэкларацыі і пачынаецца ўласна Балонскі процесс.
Эксперты з Грамадскага Балонскага камітэта лічаць, што базавыя прынцыпы адукацыі ў Беларусі ніяк не карэлююцца з Еўрапейскім прасторай вышэйшай адукацыі. Напрыклад, згодна з дзяржпраграмай развіцця вышэйшай адукацыі на 2011—2015 гады, праблемы інтэрнацыяналізацыі стаяць на апошнім месцы. Для нашых чыноўнікаў гэта істотнага значэння не мае і, больш за тое, гэты тэрмін "акадэмічная мабільнасць", які ўсяляк вітаецца ў Еўрапейскім Саюзе, адсутнічае ў тэрміналогіі нашых афіцыйных дакументаў. І, натуральна, абсалютна невыпадкова, што ў выніку паказчыкі акадэмічнай мабільнасці Беларусі значна саступаюць еўрапейскім і ніяк не ўпісваюцца нават у тыя мінімальныя патрабаванні, якія існуюць у ЕС. Але па фармальным справаздачах яны ёсць.