Уцякач з «Валадаркі» праходзіў па адной справе з беларускім класікам

Кажуць: колькі вякоў існуюць турмы на Зямлі, столькі ж вякоў з іх і ўцякаюць. За тысячагоддзі змяніліся ўмовы ўтрымання ў вязніцах, само іх аблічча. Што тычыцца ўцёкаў, то самымі традыцыйнымі іх спосабамі спрадвек застаюцца падкопы ды подкупы.



deb4c22b_af45_41a5_9c8d_cb267eb90fc3_w640_r1_s.jpg

«Закон суровы, але гэта закон»

Аўтарам і выканаўцам найбольш дзёрзкіх уцёкаў прысвечана шмат кніг ды фільмаў. Але толькі вось помнік яшчэ да нашай эры паставілі таму, хто адмовіўся ад шанцу на вызваленне і, сказаўшы «Закон суровы, але гэта закон», абраў смерць.

gdb.rferl.org__b20d248a_b6db_4_528c7a0d51e0d8e5013024cfdefa33c3.jpeg

Сакрат

Размова ідзе пра афінскага філосафа Сакрата. У 399 годзе да нашай эры яго абвінавацілі ў тым, што «ён не шануе багоў, якіх шануе горад, а таксама ў тым, што разбэшчвае моладзь». Справу разбіраў афінскі суд прысяжных і вынес 70-гадоваму Сакрату смяротны прысуд. Яго змясцілі ў турму — гэта была пячора ў скале. Там Сакрата наведвалі сябры і вучні. Яны прапаноўвалі вызваліць яго, падкупіўшы вартаўнікоў ці іншым якім чынам. Аднак у адказ пачулі словы пра закон. У прызначаны час Сакрат прыняў кубак з атрутай. Пакаранне адбылося, бо так пастанавіў суд. Але неўзабаве афіняне пакаяліся ва ўчыненым. Галоўнага абвінаваўцу, які падаваў пазоў супраць Сакрата, пакаралі смерцю, а самому філосафу паставілі бронзавую статую.

 

Вязні бліжэйшых да нас часоў маюць іншыя прыярытэты. Яны выбіраюць свабоду. Нярэдка любой цаной, ахвяруючы законам, рызыкуючы ўсім сваім жыццём, праяўляючы пры гэтым высокі ўзровень авантурызму ды інтэлекту...

 

 

Зміцер Дрозд: «Я заўсёды думаў пра ўцёкі»

gdb.rferl.org__0ed49840_336a_4_799dc58c868152796c0e5e7c9da91455.jpeg

Зміцер Дрозд

Былы палітвязень, гісторык-архівіст Зміцер Дрозд рыхтуе да выдання першую кнігу пра Менскі турэмны замак, сёння вядомы як «Валадарка». Ён узгадвае, што яго самога арыштавалі першага лютага 2011 года. Пятага траўня быў прысуд — тры гады «за ўдзел у масавых беспарадках». І да пятнаццатага чэрвеня ён праседзеў у менскім турэмным замку, а потым два месяцы — у бабруйскай калоніі. Выйшаў на волю ў жніўні праз памілаванне.

Зміцер кажа, што, седзячы на «Валадарцы», а потым у Бабруйску, ён шмат думаў пра ўцёкі. Высветлілася, што калісьці вязні даволі рэгулярна ўцякалі з гэтага турэмнага замку. Пазней ў бабруйскай калоніі ён непасрэдна сутыкнуўся з тым, што адзін з вязняў спрабаваў уцячы на волю. Гэтыя думкі ды веды і сталі «стартам для даследавання», кажа Зміцер:

«Атрымалася, што мая камера выходзіла на гэты замак, і ўвесь вольны час я глядзеў у вакно на яго. Мне было цікава што-небудзь пра яго пачытаць, таму што даследаванняў не было ніколі сур’ёзных, а будынак — адзін з самых старых, што захаваліся ў Менску. Яму будзе хутка дзвесьце гадоў, і ўвесь час там была турма. І я даў сабе слова, што калі выйду на свабоду, то займуся даследаваннем гэтага замка, і вось ужо каля году я гэта раблю. Буду бліжэйшым часам выдаваць кнігу. Першая якраз будзе прысвечаная ўцёкам з турэмнага замка, якіх за ўсю яго гісторыю было даволі многа».

Але, — адзначае Зміцер, — усе дакументы пасля 1917 года або дагэтуль засакрэчаныя, або знаходзяцца ў КДБ ці ў МУС і недаступныя для даследавання. Таму праца тычыцца дарэвалюцыйнага перыяду. Усе дакументы ён знайшоў у Менску ў Нацыянальным гістарычным архіве. Захаваліся яны вельмі добра, хоць і раскіданыя па розных фондах.

«Гаворка можа ісці пра дваццаць, трыццаць, сорак уцёкаў за ўвесь гэты час. Былі ўцёкі разнастайныя: падкопы, узломы і спроба прарвацца штурмам. Вілі вяроўкі, пераапраналіся, многа ўдалых уцёкаў. Паводле законаў, якія існавалі на той час, арыштанты, якія сядзелі малыя тэрміны — год-два-тры, — яны хадзілі на работы за межамі замка. Іх маглі паслаць чысціць вуліцу, складаць дровы. І багата ўцёкаў было менавіта з такіх работ».

gdb.rferl.org__4a964c72_bd10_4_dce1245befafed19c3c053a46b4c27d5.jpeg

Калі ж казаць пра ўцёкі з самой турмы, то даследчык Зміцер Дрозд знайшоў у архіве наступныя прыклады:

 

«Напрыклад, ёсць гісторыя такая: пасля паўстання 1863 году палонныя спрабавалі ўзняць бунт, душылі наглядчыкаў, спрабавалі прарвацца, але не ўдалося адчыніць браму. А ёсць такі выпадак, калі ўдалося вылезці на дах замка, звіць вяроўку — на паддашку сушылася бялізна. Вяроўка атрымалася 25 метраў, па ёй спусціліся з даху два арыштанты і ўцяклі.

 

Была спроба іншая. Сама цагляная сцяна мае шырыню семдзесят сантыметраў, і ў ёй з камеры прабілі дзірку, але не вонкі, а спрабавалі дабрацца да зямлі, каб зрабіць падкоп. Але адміністрацыя гэта выкрыла. Была створаная камісія, зрабілі малюнак дзіркі ў сцяне — як яна ў разрэзе выглядала, яе памеры — каб чалавек мог вылезці».

 

«У дакументах усё пра вязняў падрабязна запісана, — зазначае Зміцер Дрозд. — Мы ведаем, чым гэтыя людзі займаліся. Мы нават ведаем, хто з іх беларус, бо ўжо ў 1905 годзе пазначалася нацыянальнасць, а не толькі веравызнанне. З дакументаў ведаем, што адзін з арыштаваных скраў самавар. Ён пасядзеў год і ўцёк, а яму заставалася тры месяцы сядзець. І чаму ён уцёк — прычына засталася невядомай.

 

Многа было ўцёкаў вясной. Аднаго наглядчыка судзілі за тое, што 9 траўня ў яго два арыштанты ўцяклі, а літаральна праз два тыдні яшчэ адзін уцёк. Ну, вясна, людзям хацелася на свабоду. Кагосьці лавілі ў Гомелі ці ў Пінску. А некага ўдалося ў Менску схапіць. Але можна таксама прачытаць у справе, што арыштант не быў схоплены. На той час за ўцёкі было не вельмі моцнае пакаранне, таму такіх выпадкаў было даволі многа. Паводле шмат якіх дакументаў, даследаваных мною, уцекачы так і не былі схопленыя».

gdb.rferl.org__8af57d4d_9af2_4_a387f8c3dde63a43035cc6d89e8484e6.jpeg

Пра крымінальную справу Дуніна-Марцінкевіча стала вядома дзякуючы ўцёкам ягонага падзельніка

 

 

Вывучаючы гісторыю Менскага турэмнага замка, Зміцер Дрозд натрапіў на невядомыя дакументы, якія тычацца асобы вядомага беларускага пісьменніка ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гісторык так расказвае пра гэта:

«Пакуль што мая знаходка, пра што, па-мойму, ніхто не ведаў: у 1835 годзе ў турме знаходзіўся Дунін-Марцінкевіч, і звесткі пра яго — у звязку з уцёкамі арыштанта Чапкоўскага. Незразумела нават, як той уцёк. Былі розныя версіі: што ён пераапрануўся ў наглядчыка і выйшаў праз вароты. Ці вяроўкі нейкія былі знойдзеныя. У турме адбываўся вобшук, і ў Дуніна-Марцінкевіча знайшлі вялікую суму грошай. Ён там быў толькі тыдзень, і захаваліся тры дакументы. А Чапкоўскі сядзеў за падробленыя дакументы, сядзеў разам з Марцінкевічам па адной справе.

gdb.rferl.org__88cf0e37_74c8_4_02c924cfbad167b87b9a817b9fd2c90c.jpeg

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Рэч у тым, што Чапкоўскі, — удакладняе Зміцер, — у менскім дваранскім дэпутацкім сходзе займаўся радаводамі, доказам дваранскіх правоў. Ён даў паказанні, што разам з Марцінкевічам яны выраблялі пячаткі старыя, разам пісалі гэтыя дакументы. Карацей, Марцінкевіч быў арыштаваны па справе аб падлогу гэтых дакументаў. Дагэтуль факт быў невядомы. Паводле іншых дакументаў, ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Гэта была тады вядомая справа: у іх былі вялізныя магчымасці, яны маглі падрабіць любы радавод, упісвалі ў актавыя кнігі, у метэарычныя кнігі, цалкам рабілі людзям радаводы. А радавод даваў тады чалавеку вялікія магчымасці, асабістую свабоду ў тым ліку. Было многа ўдзельнікаў, яны займалі пасады ў розных установах. Падраблялі купчыя паперы, пячаткі».

Падобна, што Марцінкевіч не адно дзесяцігоддзе гэтым займаўся, зазначае гісторык. Бо ў 1844 годзе яго яшчэ раз арыштавалі за гэта. На той час гэта быў добры бізнес. Колькі мог каштаваць прыдуманы радавод? Сказаць дакладна цяжка, але выглядала, што зарабляў Дунін-Марцінкевіч нядрэнна, мяркуе Зміцер Дрозд:

«У Марцінкевіча быў зроблены вобшук пасля ўцёкаў Чапкоўскага, Была  знойдзена ў кішэні вялікая сума — сорак паўімперыялаў і сорак галандскіх залатых, прыблізна тысяча рублёў срэбрам. Гэта цана добрага маёнтку на той момант, разам з прыгоннымі. Значыць, ён нядрэнна зарабляў. У гэтай справе быў замяшаны сам начальнік турмы. Яму Чапкоўскі, знаходзячыся ў турме, таксама пісаў нейкія дакументы, дапамагаў начальніку турмы ў доказе ягонага дваранства. Словам, усе адзін аднаго ведалі. Справу замялі, хутчэй за ўсё».

Пасля 1917 году з «Валадаркі» яшчэ нікому не ўдалося паспяхова ўцячы

 

Наколькі рэальна ўцячы з «Валадаркі» сёння, якія шанцы вязні маюць на тое, каб іх не схапілі? Былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў кажа, што паспрабаваць уцячы можна. А вось каб не схапілі — наўрад ці. Паводле ягоных словаў, уцякаюць збольшага з так званай «хіміі».

581B94BA-707F-4B7E-A134-82B06AD058A2_w268_r1.jpg

Алег Алкаеў

Што тычыцца «Валадаркі», то, паводле Алега Алкаева, з яе пасля 1917 году ўцячы не ўдалося яшчэ нікому. «Змешчаныя ў інтэрнэце звесткі пра тое, што адзіным выключэннем быў Дзяржынскі, ніякага дакументальнага пацверджання не маюць».

Сам Алкаеў, аднак, сутыкаўся са спробамі ўцёкаў і там. І спыняў іх. Калі служыў у Казахстане, яму даводзілася выкрываць спробы падкопаў. Каб хтосьці праз падковы ўцякаў у Беларусі, такога на ягонай памяці не было. Тут крымінальнікі не строяць такіх дзёрзкіх планаў, як, напрыклад, у Расеі ці ў Амерыцы, дзе, бывае, задзейнічаюць гелікоптэры або пераапранаюцца ў турэмнікаў.

(Відэа — уцёкі, якія зафіксавала відэакамера. Пераапранутыя ў паліцэйскую форму байцы наркасіндыкату ўварваліся ў турму ў мексіканскім штаце Сакатэкас і вызвалілі больш за 50 зняволеных. На ўсю аперацыю бандытам спатрэбілася толькі 5 хвілін.)

І Алег Алкаеў, і іншыя ўдзельнікі праграмы лічаць, што ўцякаць з турмы вязні перастануць вельмі і вельмі няхутка. Нават пры самым жорсткім турэмным рэжыме ў Беларусі знойдуцца тыя, хто пойдзе на гэта, цалкам усведамляючы рызыку, што могуць застрэліць.

gdb.rferl.org__a114f80e_b9cb_4_766679030724a571987482d68f20cb5d.jpeg

Ігар Міхнавец

Былы асуджаны Ігар Міхнавец: «На мой погляд, матывацыя ў такіх людзей толькі адна: у цяперашніх умовах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы дзесяць гадоў — гэта ніколі. Лепш не жыць увогуле, чым тыя 10 гадоў за кратамі. Лепш рашыць усё адным разам».

Умоўна свабодным прабыў тры гадзіны

 

 

Ігар Міхнавец можа прывесці нямала выпадкаў, пра якія ведае не па чутках, а з першых вуснаў. Адну гісторыю, якую апавёў яму сам колішні ўцякач, Ігар нават спецыяльна для нашай праграмы запісаў на дыктафон. Пра тыя ўцёкі, якія здарыліся напрыканцы мінулага стагоддзя падчас вывазу падследнага з «Валадаркі» на следчы эксперымент, у свой час нават пісаў «Вячэрні Мінск». Сёння герой аповеду — паспяховы прадпрымальнік, а таму прасіў не агучваць ягонага імя.

«Так, — кажа ён, — быў такі нарыс у „Вячорцы“. Павезлі мяне ў Заводскі раён на следчы эксперымент.

Я планаваў тыя ўцёкі на „Валадарцы“. Спрацоўваў інстынкт свабоды. Ісці на суд з-за артыкулаў, якія на мяне навесілі, не хацелася. Таму адмыслова ішоў на яўкі з павіннай і настойваў на следчым эксперыменце.

І вось мяне прывезлі пад канвоем на адну кватэру, нібыта на месца злачынства, для эксперыменту.

Следчы быў са сваёй пішучай машынкай. У тыя часы такімі карысталіся, і яны былі па адной на кабінет. Падчас допыту я ўзяў машынку ў рукі, працягнуў яе следчаму, кажу: „Трымай!“

Ён, вядома, узяў, ухапіўся за яе дзвюма рукамі і трымаў. Я за гэты час выскачыў у вакно. Забег у суседні пусты стары дом, які быў на рэканструкцыі. Залез на самы верх, на бэльку нейкай кватэры. Сядзеў на той бэльцы гадзіны тры і адчуваў сябе ўмоўна свабодным.

Потым з'явіліся мянты з сабакамі. Абышлі дом, але нічога не знайшлі. Усё быццам бы абышлося, каб адзін мент, які быў без сабакі, сыходзячы, не падняў галаву. Мяне раскрылі.

Залезці наверх ніхто не рызыкнуў. Хутка на месцы апынулася міліцэйскае начальства на чале з намміністра. Намеснік міністра кажа: злазь. Адказваю — не. Чаму? Таму што, мякка кажучы, біць будзеце. Не, абяцае ён, не будзем. Усё роўна злавілі. Але ж увайдзі ў становішча следчага, яму тры гады да пенсіі.

Злез. Тады за спробу ўцёкаў падследным тэрмін ня вешалі. Толькі асуджаным. Цяпер і падследным такое свеціць.

У выніку ў мяне была „хімія“. Тэрмін адседзеў невялікі. Вызваліўся па ўмоўна-датэрміновым за добрыя паводзіны. Калі на судзе чыталі маю характарыстыку, суддзя сказаў: з такой за краты не прымаюць.

Пасля адседкі жыццё паволі ўвайшло ў каляіну. Вось бізнэс легальны маю. Нібыта нядрэнна атрымліваецца. А што застаецца рабіць?»

Былі і больш складаныя спробы ўцёкаў, — узгадвае Ігар. Напрыклад, у Івацэвічах, дзе яму самому даводзілася сядзець неаднойчы. Кемлівыя хлопцы вырашылі ўцячы проста з бараку. Яны прарылі падкоп пад усёй так званай забароннай зонай. І ўцяклі б — каб не пытанне ўтылізацыі пяску. Так адміністрацыя і выкрыла той падкоп. Геніяльнасць задумы была ў тым, што хлопцам удавалася выносіць пясок непрыкметна. У кішэнях, торбачках. І гэтаксама непрыкметна пазбаўляцца ад яго. Прарылі тады каля 20 метраў.

Пасля 1991 году «паспяховыя ўцёкі»здараліся рэдка

 

«Ва ўсякім разе, на маёй памяці толькі адзін выпадак, — кажа Ігар Міхнавец, сядзелец з немалым стажам. — Гэта было ў Воршы, у ПК-12, у 1992 ці 1993 годзе. Цяпер там турэмная лякарня для хворых на сухоты. А тады ўтрымліваліся і хворыя, і здаровыя разам. Побач з турэмным баракам быў плот, на які паклалі дошку, прайшлі па ёй ды скочылі. У тых людзей была нейкая падтрымка. Іх хтосьці чакаў на волі. Да таго ж і хлопцы тыя вельмі разумныя былі. Аднаго, з Пінску, звалі Кот. Яго ды іншых не знайшлі і дагэтуль.

Яшчэ некаторыя прыклады складаных уцёкаў. Два браты-блізнюкі, адзін асуджаны калоніі строгага рэжыму, другі — вольны чалавек. Вырашылі на некаторы час памяняцца месцамі. Гэта ўдалося. Аднак хутка „вольны“ выдаў сябе тым, што не ведаў, як паводзіць сябе сярод ЗК.

Таксама выпадак у Берасцейскім СІЗА, калі шасцёра разабралі мур. Ім пагражала па 20–25 гадоў, але цягам некалькіх тыдняў іх злавілі».

 

 

«Вязні ўцякалі і будуць уцякаць»

 

Так лічыць і былы палітзняволены Зміцер Дрозд. Інстынкты самазахавання ды імкнення да свабоды — у прыродзе чалавека. Зміцер узгадвае выпадак, сведкам якога быў сам.

Дрозд: «У бабруйскай калоніі, калі я знаходзіўся ў карантыне, у нейкі момант усе заўважылі, што вакол пачалі бегаць туды-сюды ахоўнікі, потым нават прывялі сабаку. Хутка з'явілася начальства. Пазней стала вядома, што адзін з арыштантаў паспрабаваў уцячы. Гэта быў зэк з так званым «нізкім статусам». У карантыне было два такія зэкі. Яны займаліся самай бруднай працай, у тым ліку мыццём прыбіральні. У такіх сядзельцаў усё асобнае, нават кабінка ў прыбіральні. Туды не заходзіць ніхто акрамя «пакрыўджаных».

І вось высветлілася, што той зняволены прабіў дзірку ў падлозе прыбіральні, прабраўся ў склеп, напэўна, спадзеючыся, што адтуль можна будзе выбрацца на волю. Аднак там у склепе яго і злавілі. Пра яго далейшы лёс нічога невядома.

На зоне распавядалі, што да гэтага, аднак, была адна ўдалая спроба. Не ведаю, калі менавіта, але тады адзін арыштант таксама з нізкім статусам уцёк, схаваўшыся ў паддоны — прадукцыю, якая вывозілася з промкі.

Яшчэ, я ведаю, недзе 10 гадоў таму, была спроба ўцёкаў з колішняй менскай калоніі на вуліцы Апанскага (цяпер Кальварыйская). Тады зэку ўдалося выбрацца на гарышча, але там яго і злавілі»

Паводле былога асуджанага Ігара Міхнаўца, уцёкі здараюцца яшчэ і таму, што ў папраўчых установах — пэўныя праблемы з вартаўнікамі:

«У іх там не ўсё добра з кадрамі. Гэтую кантрактную сістэму ўвялі нядаўна. А раней калоніі ахоўвалі тыя, хто праходзіў тэрміновую службу ў войску. Яны на вышках з аўтаматамі стаялі. Памятаю выпадак у Навасадах. Раніца. Хуткая заязджае ў калонію. Уся адміністрацыя на нагах. Зэкам цікава. Глядзім з вокнаў. Аказваецца, адзін з ахоўнікаў павесіўся на вышцы. І ў галасах зэкаў, якія часам бываюць на дзіва сентыментальнымі, замест сантыментаў — столькі крыўды ды мацюкоў: ай, каб мы ведалі, што ён уначы павесіўся! Не ўсё добра і сярод тых, хто выконвае пакаранні».

www.svaboda.org