Украіна нарадзіла, Беларусь прыняла: знакамітыя беларусы, якія пабачылі свет на радзіме Зяленскага
Назвы шматлікіх украінскіх гарадоў сталі вядомыя беларусам па ваенных звестках апошняга месяца. Але некаторым з нашых знакамітых суграмадзян гэтыя гарады знаёмыя яшчэ з маленства — там яны нарадзіліся. Склалі спіс беларускіх селебрыці, першым домам якіх стала Украіна.

Катэгорыя ТОП
1. Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 г. у Івана-Франкоўску.
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры 2015.
Сама пра сябе яна сказала: «Вядома ж, я — беларуска. І гэта мая родная мова — беларуская, хоць я на ёй і не размаўляю. Не размаўляю па той прычыне, што ўся практыка майго жыцця — гэта руская мова і руская культура. Але я сябе адчуваю беларускай, беларуская зямля — мая зямля, мой бацька адсюль. Я іншага жыцця не ведаю, толькі жыццё тут, нягледзячы на тое, што я жыла і ў Еўропе. Мая зямля — Беларусь».

2. Янка Брыль(1917-2006) нарадзіўся ў Адэсе.
Аўтар рамана «Птушкі і гнёзды», суаўтар унікальнай дакументальнай аповесці, напісанай у супрацы з А. Адамовічам і У. Калеснікам «Я з вогненнай вёскі…»

3. Уладзімер Пічэта (1878-1947) нарадзіўся ў Палтаве.
Беларускі гісторык, выкладчык, першы рэктар БДУ (ліпень 1921 — кастрычнік 1929), акадэмік Акадэміі Навук БССР (1928). Скажам адразу — ён не апошні рэктар БДУ ў нашым спісе.

4. Юрый Зісер (1960-2020) нарадзіўся ў Львове.
Беларускі прадпрымальнік, дырэктар і ўласнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы», заснавальнік, уласнік і (да 2012) генеральны дырэктар найбуйнейшага ў Беларусі парталу, грамадскі дзеяч, мецэнат. У 2010-х скончыў адмысловы курс па аргане.

5. Казімір Малевіч (1879-1935) нарадзіўся ў Кіеве.
Мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму — кірунка ў абстрактным мастацтве.
Казімір нарадзіўся ў сям’і беларускага этнографа і фалькларыста Севярына Малевіча.

Дзеячы мастацтва
1. Мікалай Бонч-Асмалоўскі (1883-1968) нарадзіўся ў Белай Царкве, Кіеўская вобласць.
Беларускі мастак-манументаліст, жывапісец, графік.

2. Сяргей Грахоўскі (1913-2002) нарадзіўся ў сяле Нобель, Ровенская вобласць.
Беларускі паэт, празаік і перакладчык.
Двойчы беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС, першы раз у 1936 годзе і сасланы на 10 гадоў, потым яшчэ раз у 1949 годзе. У 1955 годзе быў рэабілітаваны. Асноўны перыяд творчасці прыпаў на гады жыцця ўжо пасля абедзвюх ссылак. Дакументальныя аповесці «Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі» з’яўляюцца беларускімі аналагамі нарысу «Архіпелаг ГУЛАГ» А. Салжаніцына.

3. Міхаіл Бакланаў (1914-1990) нарадзіўся ў Іванаўцы, Данецкая вобласць.
Беларускі дойлід.
Заслужаны архітэктар Беларусі (1969). Яго асноўнымі працамі ў Мінску былі Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (1954), жылая забудова па вуліцы К. Маркса, на рагу вуліцы Захарава і Першамайскай вуліцы (1958), а таксама Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт (1966). Сярод іншага, стварыў дом адпачынку «Сосны» на возеры Нарач (1975).
У 1957-м паводле яго праекта ўзвялі дзяржаўнае лецішча ў Віскулях, якому наканавана было стаць гістарычным месцам у 1991.

4. Расціслаў Янкоўскі (1930-2016) нарадзіўся ў Адэсе.
Беларускі акцёр тэатра і кіно, народны артыст СССР (1978), акадэмік Міжнароднай Акадэміі тэатра, ганаровы грамадзянін Мінска. Першы старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

5. Юры Хашчавацкі нарадзіўся ў 1947 г. у Адэсе.
Беларускі рэжысёр і сцэнарыст.
Найбольш вядомая стужка — «Звычайны прэзідэнт» (1996), знятая ў жанры палітычнага памфлету. Праца ўзнагароджаная Прэміяй міру на Берлінскім кінафестывалі, Гран-пры «Human Rights Watch» у Нью-Ёрку, прызам «Залатая брама» ў Сан-Францыска. У стужцы зняўся экс-міністр МУС Беларусі Юрый Захаранка, які ў 1999 годзе будзе выкрадзены недалёка ад свайго дому.
Розгалас мела і стужка «Плошча», знятая ў жанры дакументальнай хронікі, прысвечанай прэзідэнцкай кампаніі 2006 года і абаронцам намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

6. Сяргей Балянок нарадзіўся ў 1954 г. у Боярцы, Кіеўская вобласць.
Беларускі графік і мастак.
Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, станковым жывапісе. Яго творы аздаблялі кнігі Айзека Азімава, Рэя Брэдберы, Роберта Шэклі, Курта Вонегута.За выключэннем аздаблення выданняў Жуля Верна, не працуе на замову.
Творы мастака «захопліваюць як высокай эстэтычнасцю, так і лёгкай іроніяй звычайных, але ўбачаных у незвычайным ракурсе вобразаў», – запрашала зайсці на выставу мастака ў 2017 годзе газета «Новы Час».

7. Нэлі Багуслаўская (1935-2018) нарадзілася ў Крывым Розе (радзіма прэзідэнта Зяленскага)
Беларуская эстрадная спявачка. Заслужаная артыстка БССР (1975).

8. Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 г. у Роўна.
Спявак, Народны артыст Беларусі.
Адна з яго найзнакамітых песняў – «Фантазёр».

9. Яўген Крыжаноўскі нарадзіўся ў 1955 г. у Мікалаеве.
Акцёр і галоўны рэжысёр Мінскага тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор». Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ ў 2001 г. спрабаваў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта і збіраў подпісы. У 2008 годзе Яўген Крыжаноўскі прызначаны намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі і кіраўніком кіравання агітацыі і прапаганды.

10. Віктар Вуячыч (1934-1999) нарадзіўся ў Харкаве.
Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст Беларусі (1976).

11. Вера Бурлак нарадзілася ў 1977 г. у Кіеве.
Беларуская паэтка, перакладніца, літаратуразнаўца.

12. Анатоль Ярмоленка нарадзіўся ў 1947 г. у Казятыне, Вінніцкая вобласць.
Беларускі спявак, мастацкі кіраўнік гурту «Сябры», Народны артыст Беларусі (2003).

13. Мікалай Пінігін нарадзіўся ў 1957 г. у шматпакутным сёння горадзе Ізюм, Харкаўская вобласць.
Беларускі тэатральны рэжысёр, былы мастацкі кіраўнік тэатра імя Янкі Купалы.
Атрымаў дзяржаўную прэмію Беларусі за легендарны спектакль «Тутэйшыя» у 1992 г.
Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. 17 жніўня ўладамі быў звольнены дырэктар тэатра Павел Латушка. 26 жніўня Мікалай Пінігін разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатра звольніўся ў знак пратэсту.

Спартоўцы
1. Ала Цупер нарадзілася ў 1979 г. у Роўна.
Беларуская фрыстайлістка, Алімпійская чэмпіёнка (2014). Удзельніца Алімпійскіх гульняў 1998 (5-е месца), 2002 (9-е месца), 2006 (10-е месца), 2010 (8-е месца) гадоў.

2. Антон Кушнір нарадзіўся ў 1984 г. у г. Радывілаў, Ровенская вобласць.
Выйграў залаты медаль на Алімпіядзе-2014 у Сочы.
Падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020.

3. МаксімРамашчанка нарадзіўся ў 1976 г. у Паўлаградзе.
Беларускі футбаліст, паўабаронца. З’яўляецца рэкардсменам нацыянальнай зборнай Беларусі па колькасці забітых галоў (20). Футбаліст года Беларусі (2004).

4. Аляксандр Мядзведзь нарадзіўся ў 1937 г. у Белай Царкве, Кіеўская вобласць.
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба).
Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972).
Падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020.

Дзяржаўныя дзеячы
1. Валянцін Голубеў нарадзіўся ў 1955 г. у Крывым Розе.
Беларускі гісторык і палітык. Доктар гістарычных навук. Прафесар.
У 1991-1995 гадах — намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у красавіку 1995 года супраць ініцыянаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму.

2. Ігар Шуневіч нарадзіўся ў 1967 г. у Луганскай вобласці.
Былы міністр МУС.
На парадзе Перамогі 9 траўня 2015 года ў Менску Ігар Шуневіч з’явіўся ў форме супрацоўніка НКУС узору 1943 года.
3. Юры Жадобін нарадзіўся ў 1954 г. у Дняпры.
Былы міністр Абароны, былы старшыня КДБ.

4. Уладзімер Пефціеў нарадзіўся ў 1957 г. у Бердзянску, Запарожская вобласць.
Беларускі прадпрымальнік, паводле некаторых ацэнак, найбагацейшы і найуплывовейшы бізнесовец Беларусі. Ягонае багацце ацэньваецца ў 1 млрд даляраў. Быў саўладальнікам ЗАТ "Белтэхэкспарт", беларускага экспарцёра зброі і ваеннай тэхнікі. Таксама з'яўляўся саўладальнікам "Спорт-пары", аператара інтэрактыўных гульняў. Быў мінарытарным акцыянерам мабільнага аператара «velcom».

5. Ян Гамарнік (1894-1937) нарадзіўся ў Жытоміры.
Першы сакратар ЦК кампартыі БССР у 1928-1929 гг. Застрэліўся напярэдадні немінучага арышту па «справе Тухачэўскага».

6. Вадзім Зайцаў нарадзіўся ў 1964 г. у Дняпры.
Былы старшыня КДБ (2008-2012). У 2012 годзе быў уключаны ў Чорны спіс Еўрасаюза. Рада Еўрапейскага саюза прызнала Зайцава адказным за пераўтварэнне КДБ у галоўны орган рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.

7. Сяргей Хаменка нарадзіўся ў 1966 г. у Ясінавая, Данецкая вобласць.
Міністр юстыцыі Беларусі з 2021 года, экс-намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
2 кастрычніка 2020 года Хаменка быў уключаны ў Чорны спіс Еўрасаюза. Рада Еўрапейскага саюза адзначыла, што Хаменка як намеснік міністра ўнутраных спраў адказвае за кампанію рэпрэсій і запалохвання, якую праводзіць МУС пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у прыватнасці адвольныя арышты і жорсткае абыходжанне, у тым ліку катаванні мірных дэманстрантаў, а таксама запалохванне і гвалт у дачыненні да журналістаў.
8 кастрычніка 2020 года абраны старшынёй Беларускай асацыяцыі міні-футбола.

8. Васіль Стражаў нарадзіўся ў 1944 г. у Каменску, Палтаўская вобласць.
Былы рэктар БДУ.
Узначальваў БДУ ад 2003 да 2008 года, пасля звальнення з гэтай пасады Аляксандра Казуліна.
У 1994-2001 гг. — міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя дзеячы
1. Уладзіслаў Завальнюк нарадзіўся ў 1949 г. у Клекаціна, Вінніцкая вобласць.
Каталіцкі святар, рэлігійны і культурны грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук. Сябра Рады Таварыства Беларускай Мовы.
З 1989 разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святыняў у Мінску (касцёл Святога Сымона і Святой Алены, катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл Святога Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і іншых месцах.
З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі.

2. Апалінарый Унукоўскі (1848-1909) нарадзіўся ў Хоціне.
Магілёўскі арцыбіскуп 1908-1909.

3. Епіскап Аляксандр (1868-1937) нарадзіўся ў Іваніўцы, Днепрапятроўская вобласць.
Беларускі праваслаўны дзеяч, епіскап.
Арыштаваны ў 1924 годзе і высланы ў Маскву. З 1925 года жыў у Адэсе, з 1926 года у Сімферопалі. З 16 кастрычніка 1936 года – епіскап Магілёўскі.
Арыштаваны 3 верасня 1937 года. 31 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС асуджаны за «ўдзел у контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці і быў расстраляны.
Беларусь і Украіна – Разам і назаўжды!