Улады Брэста забудуюць месца расстрэлаў гета

Пра гэта сведчаць тры аўкцыёны па продажу пляцоўкі, на якой знайшлі парэшткі 1214 забітых вязняў Брэсцкага гета, і адказ на зварот трох жыхароў горада двухгадовай даўніны.

Косці і чэрапы ў катлаване будоўлі Прыбужскага квартала. Фота Юрыя Макарчука

Косці і чэрапы ў катлаване будоўлі Прыбужскага квартала. Фота Юрыя Макарчука

Пра што быў зварот

Зварот быў накіраваны ў Брэсцкі гарвыканкам 6 студзеня 2020 года. Трое падпісантаў, Віталь Казак, Аляксандр Куцэнка і Юрый Гуль, атрымалі адказ напрыканцы студзеня 2022 года.
У звароце яны прасілі патлумачыць, чаму не вырашаюцца як належыць пяць праблем горада. Былі названыя адсутнасць падсветкі помніка Афанасію Берасцейскаму, некантраляванае разбурэнне двухпавярховых паветкаў у цэнтры горада, размяшчэнне кіёскаў «Табакерка» паблізу школ і дзіцячых садоў, неправядзенне мясцовага рэферэндуму наконт будаўніцтва каля Брэста акумулятарнага завода, які паабяцаў 22 чэрвеня 2020 года Аляксандр Лукашэнка, і адмова гарадскіх уладаў ад намеру мемарыялізаваць месца масавага пахавання ахвяраў Брэсцкага гета ды спроба пачаць забудову «расстрэльнай ямы» жылым комплексам.
Зварот і адказ на яго былі зробленыя набыткам грамадскасці пасля двух аўкцыёнаў па продажу пляцоўкі пад забудову і напярэдадні трэцяга. Аўкцыёны 14 снежня 2021 і 11 студзеня 2022 не адбыліся па прычыне адсутнасці заявак на ўдзел.

Што адказалі гарадскія ўлады?

Атрымальнікі адказу інфармуюць, што ім за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама В. Шчэрбы з рознай ступенню істотнасці адказалі на тры дробныя камунальныя пытанні і не адказалі наконт рэферэндуму і забудовы «расстрэльнай ямы».  
Нагадваецца, што ў звароце наконт адыёзнай забудовы было пазначана наступнае:
«У нашым горадзе ёсць незавершаная будоўля пад назовам «Прыбужскі квартал», месца, дзе былі знойдзеныя парэшткі 1214 чалавек, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і тутсама закапанымі. Пра месца расстрэлу і пахавання было вядома нашым уладам, таму што пасля вызвалення Брэста СМЕРШам праводзілася грунтоўнае расследаванне…. Некаторыя службоўцы не далі сабе працы належным чынам пакарыстацца архівам, каб не ўводзіць у зман патэнцыйных інвестараў. У выніку гэтага ў год тысячагоддзя Брэста [2019 — А.Л.] мы ледзьве не пакрылі сябе нязмыўнай ганьбай, а дзяржаве былі нанесеныя страты больш за мільён долараў. Некаторыя службоўцы, адчуўшы сваю беспакаранасць, спрабуюць рукамі новых інвестараў вярнуць дзяржаве доўг перад інвестарам-забудоўшчыкам. Пракурорскае расследаванне ніхто не ініцыяваў, і ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці. А пра абяцаны сквер на месцы Прыбужскага квартала як культурова-гістарычны Цэнтр, прысвечаны ўсім жыхарам Брэста, прадстаўнікі ўлады забыліся».
Аўтары звароту патрабавалі ініцыяваць пракурорскую праверку гаспадарчай дзейнасці на месцы масавага забойства людзей і вярнуцца да прапановы старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука стварыць грамадскі Фонд дзеля мемарыялізацыі месца злачынства супраць чалавечнасці.

«Расстрэльную яму» прадалі пад забудову

Сёння стала вядома, што трэці аўкцыён па продажу будаўнічай пляцоўкі «Прыбужскі квартал» адбыўся. Як паведамляе газета «Вячэрні Брэст», кошт на пляцоўку памерам у 81,51 соткі быў паніжаны ў параўнанні з першым аўкцыёнам на 50 адсоткаў, але цягам гандлю паміж двума з трох удзельнікаў аўкцыёну амаль параўняўся з першапачатковым коштам і склаў 2 мільёны рублёў. Паводле папярэдніх даных, забудоўшчык, фірма з мінскай прапіскай «ТАА Айранінвестпраект», мусіць цягам 10 гадоў выканаць забудову Прыбужскага квартала ў адпаведнасці з ранейшай праектна-каштарысавай дакументацыяй, якая прайшла дзяржаўную рэгістрацыю.

Помнік загінулым яўрэям Брэсцкага гета непадалёку ад кінатэатра «Беларусь», былой харальнай сінагогі. 

Помнік загінулым яўрэям Брэсцкага гета непадалёку ад кінатэатра «Беларусь», былой харальнай сінагогі. 

Нагадаем: парэшткі 1214 закатаваных ахвяраў былі перапахаваныя неўзабаве пасля знаходкі і эксгумацыі на Паўночных могілках Брэста. Жалобная цырымонія праходзіла пры масавым удзеле грамадскасці, шматлікіх дыпламатаў і прадстаўнікоў многіх веравызнанняў.  

Што (атры)маем?

Што да абяцанняў Аляксандра Лукашэнкі, на якія наіўна спасылаюцца аўтары звароту, то бачна, што ён паслядоўна выконвае адно сваё шчырае абяцанне не весці беларусаў следам за цывілізаваным светам.
А ў ім, у цывілізаваным свеце, ёсць прэцэдэнты брэсцкай «расстрэльнай яме». Прывяду самы свежы. Гэта 23-павярховы жылы дом вышынёй 67 метраў у Лондане, вядомы як Грэнфельская Вежа (Grenfell Tower), які абгарэў летам 2017 года з-за непажарастойкай абліцоўкі. Панэлі мелі канструктыўнымі элементамі дзюраль і гаручы пластык, які спрычыніў поўнае выгаранне абліцоўкі. У выніку загінулі — збольшага атруціліся таксічным дымам — 72 жыхары Грэнфельскай Вежы. Прынятае рашэнне знесці Вежу і на яе месцы зрабіць мемарыял. Пачатак работ прызначаны не пазней за травень бягучага года.


Як бачым, прапанова Аляксандра Рагачука, датаваная часам страшнай знаходкі, цалкам ляжыць у цывілізаваным рэчышчы. Дарэчы, як і шмат што з яго дзейнасці як службоўца. Напэўна, не адзін спадар Рагачук мог бы нармальна выконваць сваю працу на карысць беларускага народа, каб не рознага роду шэрыя кардыналы і наўпроставыя расчалавечвальнікі нашага месца і часу.
Такім чынам, калі ўсё будзе працякаць у рэчышчы сённяшніх раскладак, то ў цэнтры Брэста на месцы, дзе былі закатаваныя сотні і сотні людзей, паўстане «ЖИЛОЙ КОМПЛЕКС ПРЕМИУМ-КЛАССА». Гэта абяцае адзін з плакатаў на паркане вакол катлавана, ён сама «расстрэльная яма». А яшчэ адзін плакат гарантуе, што ў жылым доме будзе «ОСОБАЯ АТМОСФЕРА ДЛЯ КОМФОРТНОЙ ЖИЗНИ».  

Плакаты Прыбужскага квартала

Плакаты Прыбужскага квартала

Што асаблівая будзе атмасфера — тут не паспрачаешся. Ды вось точыць многіх берасцейцаў пытанне — няўжо зямлі ў нас настолькі мала? Каб менавіта тут…