Улады ўзмацняюць ціск на журналістаў
З пачатку бягучага году ўжо 28 журналістаў падпалі пад пераслед уладаў за сваю прафесійную дзейнасць. Гэта ўжо амаль удвая перакрыла статыстыку ўсяго мінулага году.
Праваахоўныя органы ўжываюць супраць незалежных журналістаў гвалт, пагрозы, іх затрымліваюць, штрафуюць і зноў пачалі саджаць на “суткі”.
Апошні тыдзень выдаўся самым жахлівым для недзяржаўных СМІ за апошнія некалькі гадоў. Падчас і пасля вулічных акцыяў пратэсту супраць прэзідэнцкага дэкрэта № 3 (“антыдармаедскага”), якія пракаціліся па ўсёй краіне апошнімі днямі, супрацоўнікаў мас-медыя хапалі нароўні з удзельнікамі гэтых мерапрыемстваў, з апазіцыйнымі палітыкамі ды грамадскімі актывістамі. Гэтая тэма была ўзнятая ў панядзелак падчас прэс-канферэнцыі, ладжанай у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) з удзелам кіраўніцтва арганізацыі, а таксама некаторых пацярпелых ад дзеянняў “сілавікоў”.
Па словах старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, арганізацыя апошнія гады канстатавала пэўнае змяншэнне колькасці затрыманняў журналістаў. Гэта можна было патлумачыць тым, што ў Беларусі адбывалася менш масавых вулічных мерапрыемстваў. “Аднак было і меркаванне, што гэта вынік сур’ёзных перамоваў з міністэрствам унутраных справаў, у якіх удзельнічаў не толькі БАЖ, але і офіс АБСЕ”, — адзначыў Бастунец. Як паказваюць апошнія падзеі, спадзяванні на нейкую “лібералізацыю” не спраўджваюцца.
У сваю чаргу, прадстаўніца незалежнага тэлеканалу “Белсат”, супрацоўнікі якога за апошнія дні пацярпелі ад дзеянняў “сілавікоў” найбольш, Святлана Калінкіна выказала сваё меркаванне, чаму ўлады пачалі актыўнае паляванне на незалежных журналістаў. “Тая рэальнасць, якая стваралася тут 20 гадоў, што, маўляў, усе моляцца на кіраўніцва краіны, і толькі некалькі палітыкаў ды журналістаў незадаволеныя, развальваецца на вачах. І гэта дзякуючы ўсім тым, хто ў нашай прафесіі паказвае, што адбываецца насамрэч. Мы як люстэрка для ўлады, і выява ўлады ў гэтым люстэрку вельмі ёй не падабаецца. Гэтую “гарачую вясну” людзі бачаць у жывым эфіры”, — падкрэсліла намесніца старшыні БАЖ. Гэтым разам мэтанакіравана адлоўлівалі журналістаў пад самымі рознымі нагодамі, не саромеючыся таго, што адбываецца, дадала Калінкіна.
Узяліся за дзяцей журналістаў
Самае жудаснае, сказала Святлана, гэта тое, што адбываецца з журналісткай “Белсата” Ларысай Шчыраковай, таму што ўлады пачалі шантажаваць яе дзіцём. Дадому Шчыраковай прыходзілі міліцыянты і пагражалі, што калі тая не спыніць сваю журналісцкую дзейнасць, то яе сына могуць забраць у інтэрнат супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўнагадовых: маўляў, Ларыса мае шэраг адміністрацыйных спагнанняў.
Аднак, не толькі Ларысу Шчыракову шантажуюць яе дзіцём. Гэта адбываецца і з дзецьмі журналісткі Радыё Свабода Галіны Абакунчык і карэспандэнта “Белсату” Вольгі Чайчыц. Па словах Галіны Абакунчык, якая правяла ў пастарунку больш за восем гадзінаў,падчас затрымання ў Оршы яна спрабавала патлумачыць, што мае непаўнагадовае дзіця. “Мне прапанавалі “падняць” інспекцыю непаўналетніх, і там знойдуць спецыяліста, які правядзе з дзіцём ноч. І потым у школе сказалі, што ва ўпраўленні адукацыі цікавіліся маёй дачкой”, — паведаміла карэспандэнт “Свабоды”.
Вольга Чайчыц імкнулася давесці да міліцыянтаў, што ў яе малое дзіця, якое знаходзіцца на грудным кармленні, на гэта ёй было сказана, што яна кепская маці, калі кідае немаўля і ідзе на акцыю. Ніякія довады, што Вольга выконвала свае прафесійныя абавязкі, на адказных асобаў не паўплывалі.
Жорсткае абыходжанне
Па словах затрыманых журналістаў, міліцыянты не прызнавалі іх “затрыманымі”, і хоць адабралі тэхніку (некаторую разбілі) і мабільныя тэлефоны, заяўлялі, што нічога не “канфіскавана”. Аднак не давалі пазваніць і паведаміць сваякам ці калегам, дзе яны знаходзяцца і што з імі. А яшчэ адна супрацоўніка “Белсату” Кацярына Бахвалава, таксама затрыманая, распавяла, што на ўласныя вочы бачыла, як міліцыянт груба заштурхнуў у камеру ізалятара Галіну Абакунчык.
Варта адзначыць, што ў Галіны было і рэдакцыйнае пасведчанне і акрэдытацыя беларускага МЗС як журналісткі замежнага СМІ. Сама Абакунчык сказала, што некалькі гадзінаў сілавікоў увогуле не цікавілі ніякія дакументы, хоць журналістка спрабавала давесці да праваахоўнікаў, што яна рабіла на месцы падзеяў. “Яны проста шукалі нагоду, па якім артыкуле прыцягнуць нас да адказнасці”, — мяркуе Абакунчык.
Дарэчы, яна ўжо атрымала паведамленне з МЗС, што ёй не будзе працягнута акрэдытацыя на наступны год. Такім чынам, маці, якая адна выхоўвае непаўнагадовую дачку (муж галіны памёр некалькі гадоў таму), можа згубіць працу.
Важнасць салідарнасці
Святлана Калінкіна адзначае, што толькі падтрымка адзін аднаго зможа дапамагчы захаваць незалежную журналісцкую супольнасць і бараніць свае правы. “Толькі адно нас ратавала 20 гадоў — гэта журналісцкая салідарнасць, калі мы будзем разам стаяць адзін за аднаго, бо былі часы, калі гэта выратавала і людзей, і асобныя СМІ”, — падкрэсліла намеснік старшыні БАЖ.
Прэс-сакратар асацыяцыі Барыс Гарэцкі паведаміў, што 17 сакавіка арганізацыя накіравала лісты ў Генпракуратуру і МУС з патрабаваннем правесці расследванне таго, што адбылося з журналістамі.
Андрэй Бастунец нагадаў, што паводле беларускага заканадаўства журналіст мае права знаходзіцца на месцы падзеяў, збіраць і перадаваць інфармацыю. “Мы заклікаем прыцягнуць да аказнасці тых, хто здзейсніў парушэнні ў адносінах да журналістаў, а таксама правесці тлумачальную працу з супрацоўнікамі ведамства, бо нас чакае яшчэ 25 сакавіка, калі запланаваныя вулічныя акцыі”, — адзначыў кіраўнік БАЖ.
Юрыст асацыяцыі Алег Агееў найбліжэйшым часам паспрабуе трапіць на асабісты прыём да намесніка міністра МУС Мікалая Мельчанкі, хоць спадзяванняў на гэта мала.
Тым часам многія міжнародныя арганізацыі ўжо адрэагавалі на затрыманні журналістаў у Беларусі падчас выканання імі сваіх прафесійных абавязкаў і асудзілі дзеянні ўладаў.