Мазыр: суды над удзельнікамі акцыі фактычна закрытыя
Сёння ў Мазыры разглядаюцца адміністрацыйныя справы затрыманых 18 сакавіка ўдзельнікаў Маршу недармаедаў.
![Марш недармаедаў у Мазыры 17 сакавіка 2017 года. Марш недармаедаў у Мазыры 17 сакавіка 2017 года.](/img/v1/images/mazyr_2017_03_18_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марш недармаедаў у Мазыры 17 сакавіка 2017 года.
На суд да Алега Шаўко не змаглі патрапіць ні родныя, у тым ліку цяжарная жонка, ні назіральнікі. Праваабаронца ПЦ “Вясна” Уладзімір Целяпун паведаміў, што суд адбываўся проста ў кабінеце суддзі, пры гэтым у памяшканні суду няма раскладу судовых працэсаў, і таму невядома, каго яшчэ з затрыманых будуць судзіць. Інфармацыі сакратар суду таксама не дае.
Вядома, што Алега Шаўко пакаралі арыштам на 10 сутак. 35-гадовы мужчына быў затрыманы адразу пасля мітынгу, у шпіталі, дзе ён праведваў хворага бацьку, і амаль двое сутак правёў у ізалятары.
Усяго ў суд з ізалятара часовага ўтрымання прывезлі чацвярых мазырчан. Сярод іх Аляксандр Барысенка, Аляксандр Трошка і яшчэ адзін чалавек, якіх затрымалі адразу пасля мітынгу 18 сакавіка.