Уладзімір Дунаеў: «Студэнты не з’яўляюцца партнёрамі для рэктарата»

Як вядома, у БДУ ад 12 лістапада прынята палажэнне аб аплаце паўторнай здачы залікаў і экзаменаў. Гэтае рашэнне выклікала хвалю пратэсту сярод студэнтаў. Але голас студэнтаў не пачулі. Нягледзячы на тое, што Беларусь далучылася да Балонскага працэсу, такія важныя складнікі еўрапейскай сістэмы адукацыі, як студэнцкае самакіраванне, дыялог адміністрацыі са студэнтамі, аказаліся пакуль не запатрабаваныя.  



dunajeu_fota_chvoin_logo.jpg

Такім чынам, з 1 студзеня 2016 года ў БДУ перасдачы залікаў і экзаменаў будуць каштаваць мінімум 30 000 беларускіх рублёў. У адміністрацыі БДУ мяркуюць, што ўвядзенне мінімальнай аплаты за перасдачы будзе студэнтаў стымуляваць лепш вучыцца.

Студэнты з гэтым не згодныя і мяркуюць, што адміністрацыя навучальнай установы мае намер абабраць іх і без таго лядашчыя кішэні. У кароткі тэрмін было сабрана больш за дзве тысячы подпісаў пад зваротам да рэктара БДУ Сяргея Абламейка і міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова супраць увядзення платы за пераздачу залікаў і экзаменаў.

«Падалі калектыўны зварот у рэктарат і чакалі ад адміністрацыі адказу — хацелі сваімі дзеяннямі справакаваць адміністрацыю БДУ да дыялогу са студэнтамі, але іх імгненнае прыняцце пастановы нас расчаравала. Мы мяркуем, што адміністрацыя прадэманстравала сваю непавагу да студэнтаў. Нам любяць нагадваць пра нашы абавязкі, але часта забываюць, што ў нас ёсць яшчэ і правы! Цяпер абдумваем план далейшых дзеянняў. Ужо тройчы хадзілі ў рэктарат, спадзеючыся запісацца на прыём да рэктара. Мы думаем, што сітуацыя не зусім безнадзейная, і яшчэ можна ўнесці змены ў прынятую пастанову ці цалкам яе адмяніць», — распавяла студэнтка Віялета, якая брала ўдзел у зборы подпісаў пад зваротам.

Паводле яе слоў, калі сустрэцца з рэктарам не атрымаецца, студэнтам давядзецца рабіць публічны зварот да рэктара праз СМІ.

Студэнты БДУ распавядаюць, што новаўвядзенне мала каму падабаецца. Аднак рэальна змагацца з гэтым хочуць далёка не ўсе. Прычына традыцыйная для беларускага грамадства: страх рэпрэсій з боку адміністрацыі — ніхто не хоча быць адлічаным ці займець праблемы ў вучобе.

Студэнт Аляксей (імя змененае па яго просьбе — ці ж гэта не сведчанне адсутнасці свабоды і наяўнасці атмасферы страху і рэпрэсій ва ўніверсітэце!) гаворыць, што некаторыя выкладчыкі ўхвалялі збор подпісаў і адстойванне студэнтамі сваіх правоў. Былі і тыя, хто супраць падобных дзеянняў.

Эксперт Грамадскага Балонскага камітэта, экс-рэктар ЕГУ, прафесар філасофіі Уладзімір Дунаеў звяртае ўвагу найперш на адсутнасць дыялогу паміж адміністрацыяй БДУ і студэнтамі, якія ёсць дзелавымі партнёрамі навучальнай установы.

«Платныя перасдачы і штрафы за прагулы заняткаў — не навіна, БДУ хіба адзін універсітэт, дзе гэта пакуль не практыкавалася. Плаціць ці не плаціць — у гэтым канфлікце другаснае пытанне. Такія моманты мусяць вырашацца ў радзе ўніверсітэта. Але як і парламент, у нас гэта не месца для дыскусій. З аднаго боку, ёсць выкладчыкі. Можа быць, яны сапраўды маюць права на дадатковую аплату. Але, як вынікае з сітуацыі, студэнты не з’яўляюцца партнёрамі для рэктарата. Студэнты фармальна прысутнічаюць у савеце ўніверсітэта, але дзе вынік гэтай прысутнасці? Добра, што ёсць рэакцыя з боку студэнтаў. Бо ў выніку паўстала пытанне пра студэнцкае самакіраванне, што няма сувязі паміж студэнтамі і органамі кіравання ўніверсітэта. І, канешне, нічога агульнага з еўрапейскай традыцыяй гэтая сітуацыя не мае», — гаворыць спадар Дунаеў.

Паводле яго словаў, ужо ёсць інфармацыя пра ціск на студэнтаў, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, з боку адміністрацыі БДУ. Прафесар Дунаеў падкрэслівае, што гэты канфлікт мусіць быць публічным. Беларусь далучылася да Балонскага працэсу, і сістэма вышэйшай школы мусіць яму адпавядаць не толькі ў частцы навучальных праграм.