Усё лепшае — скаціне!
У Савецкім Саюзе быў знакаміты лозунг: «Усё лепшае — дзецям!». Зыходзячы з вандроўкі Аляксандра Лукашэнкі па раёнах і мястэчках Беларусі з мэтаю праверыць, як ідзе ўборачная кампанія і як развіваецца сельская гаспадарка, можна перайначыць гэты лозунг: «Усё лепшае — скаціне!» (На выяве: тры аўстрыйскія свінні http://bkmarcus.com/blog/2007/03/3-pigs)
У Савецкім Саюзе быў знакаміты лозунг: «Усё лепшае — дзецям!». Зыходзячы з вандроўкі Аляксандра Лукашэнкі па раёнах і мястэчках Беларусі з мэтаю праверыць, як ідзе ўборачная кампанія і як развіваецца сельская гаспадарка, можна перайначыць гэты лозунг: «Усё лепшае — скаціне!»
(На выяве: тры аўстрыйскія свінніhttp://bkmarcus.com/blog/2007/03/3-pigs)
Пасля наведвання свінаводчага комплексу прадпрыемства «Белдан» Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць добрая магчымасць пераняць лепшыя перадавыя еўрапейскія тэхналогіі і ўкараніць
іх у сябе. Паводле слоў прэзідэнта, у яго «склаліся самыя добрыя ўражанні» ад убачанага, а такія комплексы неабходна паступова ўкараняць па ўсёй краіне. «Вось узор. Нам
трэба вызначыцца, колькі комплексаў неабходна ў рэгіёнах, і паступова рэканструяваць старыя і ствараць падобныя сучасныя комплексы. Нічога прыдумваць не трэба, мы ўжо бярэм гатовыя тэхналогіі. Сёння
іх трэба «выцягваць» з Еўропы», — сказаў Лукашэнка.
«Хай хоць свінні зажывуць па-еўрапейску!», — кпілі з прэзідэнта некаторыя аналітыкі. А што тут кпіць? Не трэба забываць, што свіння, — найбольш блізкая па
генетычнаму коду да чалавека жывёла. Дык чаму б не правесці эксперымент па «еўрапейскасці» спачатку на свіннях, а ўжо потым — на людзях? Бо папрызвычайваліся адразу на
людзях, без эксперыментаў. А раптам генетычны код беларускай свінні наўпрост адкіне «еўрапейскі вектар»? Тады яшчэ ўсе будуць удзячныя за тое, што ў людзей не з’явілася
алергічнай рэакцыі на «еўрапейскую прышчэпку», і нашы шпіталі не былі перапоўненыя хворымі на «еўрапейскую чумку».
Таксама Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў свінагадоўлі Беларусі «пачынаецца рэвалюцыя». Ай, лепш не трэба!
Так і бачу намётавы гарадок на плошчы Незалежнасці ў Мінску, дзе п’яныя свінні з маўзерамі бяруць штурмам будынак урада, а прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі збягае ад іх у жаночым
адзенні. Прычым, «свінням-камісарам» нават «скуранак» не трэба — яны ў іх натуральныя. Дарэчы, варта ўзгадаць, што ў ХVІІІ стагоддзі менавіта Беларусь
забяспечвала ўсю Еўропу «скуранкамі», а не Турцыя, як зараз.
Ідэя не новая. Рэвалюцыя жывёл і ўсё, што з гэтага вынікае, выдатна апісаны ў антыўтопіі Джорджа Оруэла «Ферма». Памятаеце: «Усе жывёлы роўныя, але некаторыя
раўнейшыя»? Так што лепш засцерагацца ад такой «рэвалюцыйнасці».
А калі больш сур’ёзна, то куды мы гэтых хрушак падзенем? Экспарт у Расію? Пасля «мяса-малочнай вайны» гэты тэзіс выглядае вельмі сумнеўным. Расія заўсёды знойдзе, да чаго
дачапіцца, як гэта было не толькі з нашым мясам і малаком, але і з латвійскімі шпротамі, малдаўскім і грузінскім віном, і нават з мінералкай «Баржомі». Экспарт у Еўропу? Там свайго
мяса хапае. Больш за тое, пры заробках у два ці два з паловай разы большых, чым у нас, мяса там каштуе ў два ці два з паловай разы ніжэй. Украіна? З іх любоўю да сала там свінагадоўля развітая ўжо
ніяк не горш, чым у нас.
Застаецца ўнутраны рынак. Але, калі мы будзем вырабляць «еўрапейскае» мяса, то і кошты на яго павінны быць еўрапейскія. Па суадносінах «заробак — кошт»
(глядзіце вышэй) кошт на свініну, пры існых заробках, у нас павінен быць зніжаны як мінімум у чатыры разы. Хто на гэта пойдзе?
Ну дый годзе пра свіней. Пытанне, калі ў Беларусі па-еўрапейску зажывуць людзі? Статыстычнае агенцтва Еўрастат апублікавала ўзроўні заробкаў па краінах Еўрасаюза. Найвышэйшы мінімальны заробак у ЕС у
Люксембурзе — 1 тысяча 642 еўра. У Ірландыі — 1 тысяча 462 еўра, Бельгіі — 1 тысяча 387. Самы нізкі ўзровень мінімальнага заробку ў ЕС у пераліку на еўра ў Балгарыі (123) і
Румыніі (153).
Нагадаем, што 1 студзеня ўрад Беларусі ўстанавіў памер мінімальнай заработнай платы ў 229700 рублёў. Гэта каля 57 еўра. Амаль у тры разы менш, чым у бяднейшай краіне Еўрасаюза.
Са свабодай асацыяцый таксама не ўсё нармальна. На тыдні Вярхоўны суд у чарговы — ужо трэці — раз адмовіў у рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі «Наша Вясна»,
правапераемніцы ліквідаванага ў 2003 годзе грамадскага аб’яднання «Вясна». Гэта нягледзячы на тое, што 24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў: калі
беларускія ўлады ліквідавалі «Вясну», яны парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. ААН заклікаў аднавіць рэгістрацыю
«Вясны», але ў Мінску гэта рашэнне праігнаравалі. Не дапамагло нават тое, што 6 сакавіка 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю правоў
чалавека.
«Беларускія ўлады не жадаюць рэгістраваць яе па незаконных, на мой погляд, прычынах. Мы расцэньваем гэта як сістэматычную дыскрымінацыю праваабаронцаў і будзем падаваць іск у Камітэт па
правах чалавека ААН. Я выдатна ўсведамляю тое, што ў выніку гэтай заявы я трапляю пад дзеянне артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але я
заяўляю, што з рэгістрацыяй або без яе беларускія праваабаронцы не спыняць сваю дзейнасць», — сказаў адзін з заснавальнікаў «Нашай Вясны», праваабаронца Валянцін
Стэфановіч.
Ёсць, дарэчы, і пазітыўныя навіны: 8 жніўня адзін з трох арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрый Лявонаў адпушчаны на волю. Яму зменена мера ўтрымання са знаходжання пад вартай на падпіску аб
нявыездзе. Але, тым не менш, таварышы Лявонава Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, з якімі ён быў затрыманы 8 лютага, працягваюць заставацца ў мінскім СІЗА № 1. 18 лютага ўсім тром было
прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Гэта абвінавачванне з Лявонава не знятае, але ён вызвалены з СІЗА, а астатнія
— не. І дзе тут логіка?
І нельга не адзначыць тое, што прэзідэнт Беларусі праводзіць суверэнную знешнюю палітыку. Прынамсі, так ён сам заявіў. «Беларусь будзе падпісваць дакументы ў рамках АДКБ, калі яны выгадныя
для краіны», — сказаў Лукашэнка ў ходзе наведвання Мінскай вобласці 11 жніўня. «Калі мы збіраемся гінуць адзін за аднаго, то, хлопцы, давайце не будзем накатваць адзін на
аднаго. Давайце не будзем наязджаць. Давайце будзем жыць, як у адной дзяржаве, як гэта ў Еўрасаюзе. І зразумелая тады сама структура NАТО, што яны ваююць адзін за аднаго. Там жа няма ні
бар’ераў, ні межаў. Гэта выключана. Там моцныя дапамагаюць слабым. А ў нас усё наадварот у гэтай сітуацыі», — сказаў Лукашэнка.
Што ж, калі Аляксандр Рыгоравіч і ў гэтым кантэксце заявіў пра Еўрасаюз, можа, і людзям чаго абломіцца?